Знайсці
01.10.2020 / 16:272РусŁacБел

Cям’ю пратэстоўцаў з Брэста выклікалі ў камісію па справах непаўналетніх

Паліну Шарэнду-Панасюк, жонку палітвязня, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнды, камісія па справах непаўналетніх папярэдзіла аб недапушчэнні браць з сабой на мірныя акцыі пратэсту дзяцей, піша Радыё Свабода.

У сям’і берасьцейскіх актывістаў Андрэя і Паліны Шарэндаў два сыны: 11 і 4 гады. Паліна даўно працуе рэпэтытаркай, мае стабільны заробак, спраўна плаціць падаткі.

Бацьку — 2 разы па 15 сутак, маці — штраф 20 базавых

Андрэя і Паліну Шарэндаў затрымалі падчас «Маршу справядлівасьці» 6 верасьня. Паліна з малодшым сынам правялі 6 гадзін у пастарунку. Дзіця забралі сваякі, а Паліну пакінулі начаваць у ізалятары. Раніцай быў суд, жанчыне прызначылі штраф — 20 базавых велічыняў.

Андрэя Шарэнду за ўдзел у гэтым маршы асудзілі на 15 сутак, а 21 верасьня паўторна далі 15 сутак. Увесь гэты час яго трымаюць у ІЧУ Берасьця. Павінен выйсьці на волю 5 кастрычніка.

1 кастрычніка Паліну разам з сынам выклікалі ў камісію ў справах непаўналетніх. Падтрымаць Паліну ў адміністрацыю Маскоўскага раёну Берасьця прыйшлі больш за 100 чалавек.

«Мы занялі цьвёрдую пазыцыю — дамагліся, каб нас ўсіх пусьцілі ў будынак і каб увесь гэты «цырк» адбываўся пры адчыненых дзьвярах. Кожны сябар камісіі вымушаны назваць сваё прозьвішча, пасаду. Людзі ўсё гэта бачылі, прысутнічалі журналісты. Як у нармальнай краіне, усе бачылі, працэс быў галосны.

Сябры камісіі спрабавалі чытаць натацыі, што выйсьці зь дзіцем на вуліцу — гэта ледзьве не паталёгія. Маўляў, дзяцей браць з сабой нельга, гэта прыраўноўваецца да п’янства, алькагалізму.

Я думаю, што гэта пад уражаньнем ад такой колькасьці людзей абмежаваліся толькі папярэджаньнем», — расказала Свабодзе Паліна пасьля паседжаньня камісіі ў справах непаўналетніх.

«Я разумею, што папярэджаньне — гэта першы крок, далей будуць пагражаць статусам СНС»

Жанчына кажа, што марш быў цалкам мірны, было шмат людзей зь дзецьмі рознага ўзросту і нават у вазках. Людзі ішлі з кветкамі, а на іх наляцелі байцы АМАПу з аўтаматамі, адсеклі галаву калёны, заблякавалі, шмат народу затрымалі. Напалохалі пры гэтым дзяцей.

«Менавіта супрацоўнікі сілавых структур на мірных акцыях ствараюць небясьпеку, а ня ўдзельнікі. Яны не задумваюцца, калі затрымліваюць людзей, што палохаюць дзяцей, што дзеці могуць застацца без нагляду.

Я разумею, што гэтае папярэджаньне — першы крок, далей будуць пагражаць статусам СНС. Калі мяне затрымаюць яшчэ раз, будзе стаяць пытаньне аб наданьні дзецям статусу, што яны знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Калі спрабуюць ціснуць празь дзяцей, гэта вельмі нізка», — лічыць Паліна Шарэнда.

Жанчына выказвае вялікую падзяку ўсім, хто яе падтрымаў, прыйшоў на паседжаньне камісіі, проста патэлефанаваў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера