Знайсці
30.09.2020 / 19:0012РусŁacБел

Ён паказаў, што беларуская нацыянальная ідэя можа быць папулярнай. Чаму Эдуард Пальчыс — круты

Учора стала вядома пра знікненне блогера Эдуарда Пальчыса. Ягоная жонка Вікторыя не ведала, дзе ён знаходзіцца. Апошнім часам Пальчыс хаваўся, пасля таго як у чэрвені атрымаў «суткі» за ўдзел у акцыі Святланы Ціханоўскай. Пазней стала вядома, што Пальчыс адбывае 30 сутак на Акрэсціна. «Наша Ніва» ўспамінае, хто такі Эдуард Пальчыс, а таксама тлумачыць, у чым яго каштоўнасць для нацыянальнага руху.

Эдуард Пальчыс. Фота 2016 года Сяргея Гудзіліна

Недзе ў канцы 2014 года ў інфармацыйную прастору Беларусі ўпэўнена ўварваўся сайт 1863x.com. Сайт адзначаўся добрым падборам ілюстрацый, вялікімі тэкстамі пра гісторыю Беларусі і пра некаторыя бягучыя падзеі.

Фактычна гэта быў такі своеасаблівы адказ расійскаму шавінісцкаму сайту «Спутнік і Пагром» (ва Украіне таксама існуе аналагічны сайт «Пятро і Мазепа»). Толькі там за сайтам стаяць цэлыя калектывы аўтараў, а ў нас 1863 (адсылка да паўстання Каліноўскага) ствараў адзін чалавек, які загадкава падпісваўся «Джон Сільвер».

«Пірат» ствараў тэксты з пазіцыі беларускага нацыяналіста, які супрацьпастаўляе сябе «рускаму свету». Што характэрна — усе тэксты пісаліся па-руску, бо пераконваць беларускамоўных і так ні ў чым не трэба. Што тычыцца ананімнасці, то «Джон Сільвер» казаў, што яна дае «больш свабоды і фантазіі».

Адным з самых папулярных артыкулаў стаў розыгрыш Вячаслава Дзіянава, які ў 2011 годзе арганізоўваў «маўклівую рэвалюцыю», а потым стаў на пазіцыі «рускага свету». Сільвер зрабіў выгляд, што прапаноўвае Дзіянаву працу на расійскіх прапагандыстаў. Той адразу пагадзіўся, засведчыўшы поўную лаяльнасць да Пуціна.

Сайт 1863 правакаваў. «Крэмль павінен быць разбураны», — пісалася на ім. Вядома, што многія тэзісы, што агучваў Сільвер, страшна не падабаліся самым стракатым прадстаўнікам «рускага свету». На яго пісалі скаргі, адпраўлялі артыкулы на экспертызу.

У маі 2015 года «Джон Сільвер» знік упершыню. Толькі ў лістападзе ён апавёў, што быў пад арыштам і на судова-псіхічнай экспертызе, а на яго завялі дзве крымінальныя справы — за распальванне міжнацыянальнай варожасці і распаўсюд парнаграфіі. Пра гэта ён паведаміў ужо з Украіны, куды пераехаў з жонкай. Многім той аповед падаўся прыдуманым. Маўляў, чалавек шукае нагодаў прыцягнуць да сябе ўвагу, але вельмі хутка ўсё напісанае пацвердзілася.

У студзені 2016 года «Джон Сільвер» быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ па Бранскай вобласці пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Блогер хацеў вярнуцца праз Расію ў Беларусь. Пазней ён казаў, што прасцей адседзець у Беларусі, чым усё жыццё правесці ў эміграцыі. Вельмі хутка сайт «Спутнік і Пагром» выклаў здымак затрыманага і назваў яго прозвішча — 25-гадовы ўраджэнец Ліды Эдуард Пальчыс.

Гэты хлопец вучыўся на гістфаку БДУ, але перад самым дыпломам вырашыў кінуць вучобу, каб не адпрацоўваць размеркаванне. Потым працаваў рэпетытарам гісторыі і спецыялістам па сацыяльных сетках. Свой сайт ён стварыў пасля падзей ва Украіне ў 2014 годзе з жаданнем, каб такое не паўтарылася ў нас.

У хуткім часе Пальчыса экстрадзіравалі з Расіі ў Беларусь, суда ён чакаў у ізалятары ў Жодзіне. Суд праходзіў пры закрытых дзвярах. Пальчыса судзілі за ягоныя публікацыі: у дзевяці суд знайшоў экстрэмізм, а ў адной — распаўсюд парнаграфіі (абразлівыя карыкатуры на беларусаў, якія малявалі ў расійскім інтэрнэце). Пракурор прасіў 3,5 гады калоніі. Але суддзя абмежаваўся 1 годам і 8 месяцамі хатняй хіміі. Паколькі ў СІЗА дзень ідзе за два, то Пальчыса адразу адпусцілі на волю, а хіміі яму заставалася адбыць два месяцы.

«Я быў маленькім блогерам, але сілавікі прапіярылі мой сайт», — гэта была першая рэакцыя на волі Пальчыса. Потым блогер расказваў, што следчыя спрабавалі яго зламаць, калі расказвалі, што ягоная жонка была цяжарнай, але зрабіла аборт. Гэта была хлусня, вядома. «Я «русафоб» толькі праз тое, што не згодны з Пуціным», — казаў ён.

Пасля выхаду на волю Пальчыс працягнуў займацца сайтам, прычым зрабіў гэта сваім асноўным заняткам. На працяг працы прасіў грошай у людзей, тыя пералічвалі. Выходзіла недзе 500 даляраў на месяц. Казаў, што за такія грошы кватэру і машыну не купіш, але жыць можна. Цікава, што калі Пальчыс абвясціў пра пачатак кампаніі з пераводам грошай, то заяву на яго ў падатковую напісаў Канстанцін Прыдыбайла, той самы, які цяпер актыўнічае пры асвятленні беларускіх падзей на Russia Today.

У 2018 годзе Пальчыс стаў адным з арганізатараў святкавання 100-годдзя БНР. Разам з Паўлам Белавусам і Антонам Матолькам яны зладзілі маштабнае мерапрыемства на пляцоўцы ля Опернага тэатра. Упершыню за шмат гадоў цэнтр Мінска патанаў у бел-чырвона-белых сцягах, на святкаванне прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек. Сам Пальчыс казаў, што арганізацыя забрала ў яго шмат сілаў і нерваў, але атрыманы вынік быў варты таго.

Праз год гэтая ж каманда змагла зладзіць 101-я ўгодкі БНР у Гродне.

Эдуард Пальчыс — хрысціянскі вернік. Ён актыўна ўдзельнічаў у абароне Курапатаў, сябруе са Змітром Дашкевічам. У яго традыцыйныя кансерватыўныя каштоўнасці, што часта не падабаецца лібералам і левым актывістам.

Пальчыс на сваім прыкладзе паказаў, што беларускі нацыяналізм можа быць папулярным. Блогер заахвочваў тысячы людзей спазнаваць гісторыю Беларусі, пераасэнсоўваць нашу спадчыну і сучаснасць. У гэтым была і застаецца каштоўнасць Пальчыса.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930