Знайсці
29.09.2020 / 08:306РусŁacБел

Памятаеце дзяўчыну, якая танчыла ля «Рубяжа»? Яна расказала, чаму зноў выходзіць на пратэсты, хоць ёй пагражае 6 гадоў

Два тыдні таму 18-гадовая Сафія ўжо трапіла і ў незалежныя, і ў дзяржаўныя СМІ.

Яна размалявала шчыты «Рубеж» і патанчыла на іх фоне. Скончылася ўсё затрыманнем і штрафам у 20 базавых, а пазней на Сафію завялі крыміналку ажно па двух артыкулах — за хуліганства і актыўны ўдзел у «дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак».

Цяпер дзяўчыне пагражае аж да 6 гадоў, але дома яна не сядзіць. У нядзелю «Наша Ніва» зноў сустрэла Сафію на вуліцы.

«Выходзіць трэба. Я падтрымліваю агульны рух, хоць і баюся, што мірныя мітынгі нічога не дадуць. Прагрэсу не відаць. Нас б’юць, а мы ходзім з кветачкамі і церпім. Людзі знікаюць, а пасля іх знаходзяць павешанымі ў лесе. І кажуць, што суіцыд — ну так, канечне», — кажа Сафія.

Да сваёй крымінальнай справы і перспектываў сесці яна ставіцца спакойна:

«У нашай краіне ўсе актывісты сядуць раней ці пазней. Таму я адчуваю сябе нармальна. Страшна было б, калі б пагражала турма за крадзеж ці забойства. А пайсці ў турму за справядлівасць і радзіму — мне не страшна.

Я думаю, мяне пасадзяць гады на 2—3, калі буду казаць праўду і не выпендрывацца. Калі буду выпендрывацца, то дадуць больш. Таму буду паводзіць сябе адэкватна… Хаця… Выпендрывацца я люблю.

Ну а калі тое, што я працягваю выходзіць на вуліцу, падкіне мне яшчэ праблем з міліцыяй — што ж, хай і падкіне».

Сафія кажа, што яе хлопцу цяпер пагражае пакаранне па тых жа артыкулах.

«Ён пад крыміналкай, як і я. У тыя выходныя, калі я размалявала шчыты амапаўскіх машын, забралі ж спачатку яго. Ён хацеў мяне абараніць, нагаварыў, што нібыта гэта ён крычаў і размалёўваў… Хацеў зрабіць, як лепш, але ў выніку нарабіў горш — нам пасля гэтага далі частку 2 артыкула 339 (Хуліганства). Маўляў, мы дзейнічалі як група асоб».

Так што пакуль дзяўчына чакае, што будзе далей. Яна знаходзіцца ў Мінску — з брэсцкага каледжа, дзе Сафія вучылася, яе адлічылі. Кажа, што менавіта за ўдзел у акцыях, бо, па словах дзяўчыны, вучылася яна добра і нават была старастай сваёй групы.

«Я хацела быць цырульніцай, таму пайшла ў каледж. Я мінчанка, але выбрала менавіта брэсцкі, а не мінскі каледж, бо там давалі інтэрнат. Я з бацькамі не жыву апошнія гады два, таму для мяне гэта было аргументам, — расказвае Сафія. — У бацькі праблемы з алкаголем, ён у разводзе з мамай, але працягвае жыць у адной кватэры. Гэта было няпроста, скажам так.

Таму я старалася быць самастойнай. Школу я скончыла год таму, а паступала ў каледж толькі сёлета. Увесь гэты год я працавала: барыстай, прадаўцом, ды шмат кім. Як цяжка зарабляюцца грошы, я ведаю».

Хоць з бацькамі яна і не жыве, прызнае Сафія, маці ўсё роўна за яе хвалюецца.

«Мама хвалюецца, а бацька сказаў: ну, цябе б усё роўна раней ці пазней пасадзілі. Адзінае, за што баюся, што калі мяне сапраўды пасадзяць, то бабулю я больш не ўбачу — ёй ужо 88 гадоў».

Цяпер Сафія шукае адваката. Кажа, будзе вельмі ўдзячная, калі хтосьці дапаможа звязацца з добрым спецыялістам ці калі хтосьці з адвакатаў патэлефануе ёй сам.

«У мяне міліцыянеры забралі тэлефон, цяпер апарат стары, я тупа не магу нават у інтэрнэце знайсці адваката. Мне давалі знаёмыя нейкія нумары, але адзін недасяжны, другі — яшчэ штосьці… — тлумачыць Сафія. —

Праўда, ці дапаможа мне адвакат, я не ўпэўненая. Бо адвакаты стараюцца, каб чалавек прызнаў, што нарабіў абы-чаго па глупстве. А я не маленькая і не глупая, я не шкадую пра тое, што зрабіла. Зрабіла б так яшчэ 10 разоў».

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930