Знайсці
28.09.2020 / 16:201РусŁacБел

Напісаў рэп пра міліцыянераў, выдраілі «Пемалюксам» камеру да бляску — салігорац Уладзімір Шыла расказаў пра 40 сутак арышту

Уладзіміру Шылу — 57 гадоў, па прафесіі ён інжынер, жыве пад Салігорскам. 9 жніўня яго затрымалі на цэнтральнай плошчы Салігорска за ўдзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў.

Уладзімір Шыла. Фота з фэйсбука Івана Шылы.

У выніку мужчына быў асуджаны на 25 сутак. Чаму 25, а не 15? Бо было складзена адразу два пратаколы: непадпарадкаванне дзеянням міліцыі і парушэнне парадку арганізацыі масавых акцый. У першы тыдзень пасля выбараў людзей сталі вызваляць з турмаў, але Уладзімір быў адным з апошніх, каго адпусцілі на волю.

На мітынгу 17 жніўня ў Салігорску Уладзімір Шыла зноў выступаў перад народам. Сям’я мяркуе, што менавіта за той спіч ён быў затрыманы паўторна і адпраўлены даседжваць 25 сутак. 9 верасня, калі Уладзіміра Шылу планавалі сустрэць на волі, стала вядома, што яму дадалі яшчэ 15 сутак арышту. Агулам яму давялося прабыць за кратамі больш за месяц.

Цікава, што адбываць пакаранне арыштаваных салігорцаў адпраўлялі куды заўгодна — Любань, Капыль, Старыя Дарогі, — але не пакідалі ў сваім райцэнтры. «Гэта прыдумка начальніка салігорскай міліцыі Аляксандра Шаравара. Самі разумееце, калі пакідаць у Салігорску, то тут жа ўсе адно аднаго ведаюць, навіны, чуткі, лягчэйшая камунікацыя, перадачкі, таму ён званіў у міліцыю суседніх раёнаў, каб перадаваць асуджаных».

Уладзіміра Шылу адправілі сядзець у Любань. «Цікава, што ў 1989 годзе ў якасці інжынера прымаў удзел у будаўніцтве будынка міліцыі, а таксама ізалятара ў Любані, а цяпер змог азнаёміцца з ім знутры». Сядзеў спадар Уладзімір разам са старшынёй Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалаем Зіміным і адным з лідараў страйкоўцаў «Беларуськалія» Анатолем Бокунам.

Уладзімір Шыла кажа, што да палітычных ставіліся лаяльна. Сілы супраць іх не прымянялі. «Матрацы на дзень не забіралі. Перадачы дазвалялі штодня, кармілі нармальна», — кажа Шыла.

«Наша камера была проста ля паста ахоўнікаў. Прасілі іх уключаць радыё «Рокс», каб хоць нешта даведацца пра тое, што адбываецца. Напрыклад, яны паведамлялі са слоў прэс-сакратара МУС Чамаданавай, што ў суботу затрымана 40 чалавек, разумеем, які маштаб акцыі, ці тое самае з непрацуючымі станцыямі метро. Ды і самі міліцыянеры паміж сабой маглі гучна гаварыць: «Бокуну далі 25 сутак». Казалі гучна адмыслова, каб мы чулі. А так з інфармацыяй было цяжка».

Майку з такім надпісам зрабіў сабе ў зняволенні Уладзімір Шыла. Фота з фэйсбука Івана Шыла.

Мужчына ў зняволенні вырабіў сабе майку з надпісам «Сыходзь!». У ёй штодня з’яўляўся на ранішніх праверках. «Паставыя хапаліся за галаву, глядзяць на старэйшых афіцэраў, а тыя робяць выгляд, што нічога не бачаць, праходзяць міма. Але ў любым выпадку было цяжка, абмежаванне свабоды — гэта заўсёды кепска. У СССР жа будавалі так турмы, што туды не трапляла нават дзённага святла. І з прагулкамі былі праблемы, бо на іх мог выводзіць толькі асабіста начальнік ізалятара Міхайлоўскі, а ў яго маглі быць выхадныя і адгулы».

«Калі да палітычных ставіліся нармальна, нават матамі не лаяліся, то з п’яніцамі, дэбашырамі гаварылі зусім інакш, іх не паважаюць. Я ім нават гаварыў: «Давайце ўявім, што вы знаходзіцеся ў ролевай гульні, выконваеце ролю ў кіно міліцыянераў, давайце адпавядаць гэтай ролі. У турме вельмі кепска становіцца, калі пачынаеш сябе шкадаваць. Таму я для сябе таксама прыдумаў ролевую гульню, што я адбываю пакаранне, што гэта насамрэч не са мной, а гэта толькі мая роля. Трэба шукаць станоўчыя эмоцыі нават у такіх няпростых умовах».

У зняволенні кожны вечар Уладзімір Шыла разам з сукамернікамі ладзілі «канцэрты». На ўвесь голас спявалі «Разбуры турмы муры», «Воіны святла», Лявона Вольскага, кажа, што нават з іншых камер перадавалі замовы на песні. Таксама мужчына вучыў вершы, у прыватнасці, Твардоўскага «Я погіб под Ржевом». Пісаў і свае вершы, і рэп пра міліцыянераў. Вось узор такога рэпу:

«Прапоршчік бравый Олег,
определіт тебя на ночлег.
Будешь ты сладко спать,
только, чур, вопросов не задавать».

А вось верш, які міліцыянеру не дужа зайшоў:

«Каб хмары разагнаць і здзейсніць мары
Патрэбна паўставаць, а то з’ядуць пачвары.
І не баяцца жыць і быць свабодным,
Няхай дрыжыць гарант усенародны».

Жонка перадала Уладзіміру Шылу ў камеру мыла, а таксама «Пемалюкс». Кажа, што яны проста да бляску вымылі ўсю камеру. «Там драўляная падлога, і ў дні, калі цёпла, можна было хадзіць басанож — гэта вельмі файна, размінаюцца ногі. Атрымалася аддраіць унітаз, супрацоўнікі казалі, што ніколі яго такім чыстым не бачылі», — расказвае спадар Уладзімір.

За час зняволення ў камеру да Уладзіміра Шылы тройчы выклікалі «хуткую», вельмі моцна падымаўся ціск, на волі ён так не скакаў. «Было аж да 180, але ніякіх пытанняў, «хуткую» адразу выклікалі».

«Калі я выйшаў, то сітуацыя выглядае горшай, нашмат больш усяго задушана, але бачу, што не ўсё так кепска. Шмат чаго будзе залежыць ад далейшых дзеянняў».

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера