Знайсці
19.09.2020 / 11:047РусŁacБел

Апошні аргумент Смалявічаў — Ганна Севярынец пра самаспаленне каля міліцыі

Як гэта водзіцца апошнім часам, Смалявічы і самі даведаліся аб самападпале Сяргея Радчэні з тэлеграму. Звычайна ў нас любыя весткі разносяцца ў імгненьне вока, а тут горад нібыта язык праглынуў. Тое, што адбылося, немагчыма было ані дадумаць, ані прадказаць, ані патлумачыць, ані здагадацца. Раней кожная чутка ў адну хвіліну абрастала ў нас падрабязнасьцямі, дапушчэньнямі, мясцовай аналітыкай і тлумачэньнямі. А тут — нечуваная, да звону ў вушах, цішыня, піша Ганна Севярынец на Радыё Свабода.

Памятаю, як некалькі гадоў таму стаяла ў чарзе ў мясцовым аддзяленьні банку, і туды забегла жанчына: «Людзі, Арцёмку майго ня бачылі? Арцёмка начаваць не прыходзіў». Яна не пасьпела яшчэ зьбегчы з прыступак, а я ўжо ведала, што Арцёмка — яе старэйшы сын, харошы хлопец, працавіты, спакойны, і што бачылі яго зь вечара на вуліцы з кампаніяй, а потым бачылі аднаго. А пакуль я дайшла да дому — ужо ўсе дазналіся, што мамка знайшла яго — павешаным у закінутым доме. Дазналіся нібыта з паветра, бо смалявіцкае паветра імгненна перадае чалавечую трывогу. А цяпер маўчала і паветра.

Смалевічане пачалі абрываць адзін аднаму тэлефоны: хто? як? чаму? І адразу ад двух сваіх суразмоўцаў я пачула страшнае: госпадзе, а і ў мяне ж была такая думка, я і сам у адчаі пра нешта такое трызьніў.

Потым я сустрэла гэтую ж самую думку і на фэйсбуку: людзі пісалі, што чакалі менавіта такой жудаснай навіны.

І нават мой муж, бацька траіх дзяцей, што, як і ўсе, перажывае час ад часу пачуцьцё роспачы і безвыходнасьці, сказаў мне цішком: я таксама думаў аднойчы такое зрабіць.

Мы ўсе, стомленыя і роспачныя, зьнясіленыя ў сваёй несупыннай барацьбе, перабіраючы аргумэнты да нашай злачыннай улады, натыкаліся і на гэты апошні аргумэнт. Мы ўсе цяпер жывем калектыўным розумам. Так бывае ў часы, калі празь людзей прамаўляе гісторыя, калі маштабныя зрухі эпохі цягнуць людзей, як трэскі на хвалях, па сваёй няўмольнай лёгіцы. Таму і пісалі адразу ў сацыяльных сетках: мужчына спаліў сябе, пратэстуючы супраць АМАПу. Тлумачылі так, як патлумачылі б свой учынак.

Але выглядае на тое, што Сяргей Радчэня пратэставаў ня супраць АМАПу. Ён выкарыстаў свой апошні аргумэнт супраць усяго таго, што зрабіла ягонае жыцьцё невыносным у гэтай стабільнай краіне сфальсыфікаванага парадку.

Хто там асабліва зьвяртаў увагу на Сяргея Радчэню? У дзіцячым садку, у школе, у вёсцы, на вуліцы? Хто, дзе і калі сказаў яму, што ён варты ўвагі і павагі — такі, які ён ёсьць? Хто наагул нам усім з вамі такое калі кажа? І павагу, і ўвагу мы выгрызаем зубамі — хто нечуванымі высілкамі на працы, хто — падымаючыся па кар’ерных прыступках, хто — згінаючы сьпіну перад начальнікам альбо цыкаючы праз губу на падначаленых.

Так вялося ў нас стагодзьдзямі: кармавая база ці вартая павагі? Як пісаў сто гадоў таму паэт Алесь Дудар, расстраляны ў 1937: «вы падмурак для нас, для сяўбы нашай гной, для жывёліны нашае паша». Ну так, у нашай стайні давалі неблагое сена. Іншы раз фарбавалі ў сьвежае плот. Што вам яшчэ? Калі не мычаць супраць пастуха — дык можна нават крыху адцягнуць паездку на мясакамбінат.

За некалькі дзён да самападпалу Сяргей Радчэня патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што павесіцца на могілках. Сёньня ён прыйшоў да будынку міліцыі і там згарэў. Ён увесь гэты роспачны для сябе час спрабаваў зьвярнуць на сябе ўвагу тых, хто для яго быў уладай, хто мусіў бы зрабіць ягонае жыцьцё годным: паглядзіце, я на апошняй мяжы.

Магчыма, ён сапраўды піў («А хто ў наш час ня п’е?» — у адзін голас кажуць ягоныя аднавяскоўцы). Магчыма, у яго сапраўды было не ў парадку з нэрвамі (а ў каго цяпер яны ў парадку?). Гэта няважна.

У той Беларусі, за якую мы цяпер змагаемся, каб мець павагу да сябе, каб мець права быць пачутым, не трэба будзе аблівацца бэнзінам.

Уся гэтая сыстэма, што не прызнае чалавека за чалавека, што гатовая чуць і бачыць толькі тых, хто адпавядае яе патрабаваньням, што ненавідзіць людзей, якія высоўваюць галаву з-за плоту, каб запатрабаваць павагі да сябе, — уся яна наш вораг, бо мы для яе — безыменныя алькаголікі, якіх яна ня ведае і ведаць не жадае.

І я ня ведаю нічога пра Сяргея Радчэню. І я наўрад ці паверу афіцыйнай інфармацыі, нават калі яна будзе адпавядаць рэчаіснасьці. Але я веру Смалявічам.

Сёньня ўвечары Смалявічы сьцішыліся — і ціха, горка, кожнай вуліцай шкадуюць чалавека, які так хацеў, каб у яго склалася жыцьцё, а яно ня склалася. Яму было да сьмерці важна сказаць гэта ўголас.

Мы чуем, Сяргей.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930