Знайсці
31.08.2020 / 13:406РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Як яны збіраюцца кіраваць?

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч для budzma.by пра Марш Незалежнасці і чарговыя памылкі ўлады.

Нядзельная масавая акцыя зрабіла неістотным папярэдняе асноўнае пытанне, што стаяла перад беларусамі. Бо і дагэтуль было зразумела калі не «хто перамог», дык хто дакладна не перамог у першым туры. 

Але бачна робіцца, што абодва бакі застануцца пры сваім. 

Цяпер, пасля двух тыдняў грунтоўных запужванняў, пасля дэматывавальных арыштаў, пасля акцый «ябацяк», пасля спробаў прыбраць бел-чырвона-белую сімволіку з дамоў і вуліц закрыццём усіх нацыянальных крамаў, людзі зноўку ў велізарнай колькасці вывалілі на праспекты. 

І іх аказалася настолькі шмат, што вядомая мне з акцый нулявых гадоў тактыка «разбіць натоўп на часткі і не даць сабрацца» не спрацавала. Нават з выкарыстаннем спецтэхнікі, якой ні ў 2006-м, ні ў 2010-м не было: кратаваныя машыны «Рубеж» проста падціснулі ззаду.

І робіцца зразумела, што нічога не скончыцца. 

Раз не скончылася дагэтуль. 

Бо самым працяглым беларускі пратэст быў у 2006 годзе, падчас «Плошчы Каліноўскага». І цягнуўся ўсяго 6 дзён: з 19 па 25 сакавіка. У 2010-м усё завяршылася наогул за адзін вечар. Тут жа людзі ідуць і ідуць, працоўныя страйкуюць і страйкуюць, і кожны дзень прыносіць новыя навіны, з якіх вынікае новае галоўнае пытанне для Беларусі-2020:

Як яны будуць кіраваць вось такой краінай? Народам, які ў значнай сваёй частцы — супраць іх?

Колькі людзей у турмах? 

Пад крыміналкамі? 

Вы лічылі? 

Яны ўсе дойдуць да суда? 

І вы думаеце, што свет прыме такі «працэс»? 

Ці вы збіраецеся іх патроху выпускаць і спадзеяцеся, што Бабарыка і Ціханоўскі на волі не зменяць расклад у вельмі непрыемны для вас бок?

Колькі там сайтаў афіцыйна, па рашэнні «вертыкалі», заблакавана? 73? Ці ўжо болей?

Чалавек — істота, што падсвядома імкнецца да камфорту. Чалавек здольны на адрэналінавыя прарывы на непрацяглым прамежку. А пасля яму хочацца мірнага жыцця. Адкрыць любімы сайт, праглядзець стужку навінаў за кавай.

Дык як можна спакойна, камфортна існаваць у краіне, дзе твая любімая «Наша Ніва» недаступная без дапамогі нейкіх хітравыкручаных праграмных сродкаў? Калі абрынутае нават «Радыё Свабода», якое ніхто дагэтуль не спрабаваў прыціскаць у Беларусі? І з беларускамоўных рэсурсаў «жывой» засталася толькі мая каханая «Будзьма»?

І ладна я — чакануты інтэлектуал, які прагне беларускамоўнага кантэнту, але ўзяць, напрыклад, пенсіянераў. Колькі часу вы будзеце трымаць іх без «Камсамолкі»? Усе пяць гадоў? І вы думаеце, што замест газеты, якую яны чыталі на лецішчах яшчэ за Брэжневым, тыя возьмуцца праглядаць вашу крыва пашытую прапаганду?

І такое яшчэ пытанне: вось гэтая надзвычайшчына, з высылкай і пазбаўленнем акрэдытацыі замежных журналістаў, — гэта ўжо назаўсёды? Гэта правіла «новай краіны для жыцця»? 

І нам давядзецца жыць па законах ваеннага становішча ўсе пяць пераможных гадоў?

Ці вось глядзіце: Купалаўскі тэатр. 

Тут вы зноў можаце сказаць, што я — чакануты інтэлектуал і «нармальнаму чалавеку» тэатр для функцыянавання страўніка і кішэчніка не патрэбны. Але нават службоўцу ў нейкі момант хочацца нейкай «культуркі». І куды гэты службовец павядзе сваю «даму сэрца», калі Купалаўскі зачынены, а большасць сталічных тэатраў далучылася да калегаў? Калі нобелеўскую лаўрэатку дапытваюць?

А гэтая колькасць вядомых людзей — у тым ліку святых для сістэмы спартоўцаў — якія адкрыта выступілі супраць!

Дык што цяпер? 

Усе пяць гадоў кожную нядзелю выходзіць на ганак з аўтаматам?

5 гадоў прэзідэнцкага тэрміна — гэта 60 месяцаў. На гэтым тыдні будзе месяц, як пратэсты не сціхаюць, а сістэма не тое што не працуе — яна паралізаваная сутаргавымі сітуацыйнымі рэагаваннямі ў спробах затыкаць дзіркі, якія адкрываюцца кожны дзень: жаночы марш; страйкі; банкаўскае напружанне — адна шасцідзясятая прайшла ў змаганні. 

Астатнія 59 месяцаў будзе тое самае?

І ўвесь гэты час бюджэтнічкам трэба будзе ў дадатак да асноўных сваіх стрэсаў рыхтавацца да выхаду на «ябацькаўскія» экзерсісы? Ці вытрымаюць яны, бедныя? Бо адна справа — бараніць вуліцу, калі ў цябе гарыць сэрца ад несправядлівасці, і зусім іншая — хаваць вочы ў тратуар і слухаць енк напаўзвар’яцелых рыпуноў са сцэны. 

Тут любы пачне марыць аб сыходзе ў вахцёры.

Яшчэ адно: вы не задумваліся, у які момант да апошняга бурундука з ліку тых, што цяпер далдоняць пра «праплачанасць» пратэстаў, дойдзе, што жыць так, у атмасферы асаджанага бастыёна, некамфортна? Што яшчэ на 59 месяцаў не хопіць ні валяр’янкі, ні гарэлкі, ні тым больш печані? І што нашмат натуральней было б усё ж правесці перамовы і аддаць кіраванне спакойным і ўзважаным людзям, пры якіх краіна не будзе існаваць у стане поўсці, што курэе? 

У школе нас вучылі (і вучаць дагэтуль!), што Беларусь — краіна партызанская. І відос з Гомеля, дзе хакейныя заўзятары вельмі «горача» павіталі аднаго з афіцыйных спартовых функцыянераў, паказвае, што партызаншчыну тут не выкараніць. 

Кіраваць па-ранейшаму не атрымаецца, а новыя метады рана ці позна пачнуць пужаць нават самых адданых. 

То патрэбныя ці перамовы, ці новы, больш рахманы народ, і гастарбайтараў з RT вам тут яўна не хопіць. 

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930