Знайсці
26.07.2020 / 11:363РусŁacБел

Як Панцеляймон Панамарэнка задумаў стварыць Беларускую армію

Пра некалькі няўдалых спроб стварыць уласныя ўзброеныя сілы Беларусі падчас Другой сусветнай вайны піша ваенны гісторык Віталь Чырвінскі.

Прапанова сцяга для планаванай 6-й стралковай дывізіі імя Кастуся Каліноўскага. Гістарычная рэканструкцыя. Мастак Віктар Ляхар.

7 жніўня 1942 года. На савецка-германскім фронце ідуць жорсткія абарончыя баі савецкіх войскаў. З’явіліся і першыя ахвяры загараджальных атрадаў, штрафных рот і батальёнаў — за тыдзень да таго выйшаў загад № 227 «Ні кроку назад!». Нягледзячы на гэта, войскі вермахта (6-я палявая армія Фрыдрыха Паўлюса і 4-я танкавая армія Германа Гота) ужо за 30 кіламетраў ад Сталінграда. Нямецкая група армій «А» яшчэ больш прасунулася на Каўказе.

Дакладная Сталіну

А ў маскоўскім Крамлі перад Іосіфам Сталіным ляжыць стосік сашчэпленых паміж сабой папер. На тытульным аркушы — машынапісная назва: «Дзяржаўны камітэт абароны. Пастанова аб фарміраванні беларускіх армій». Далей ідзе грунтоўная — з лічбамі і датамі, канкрэтнымі прапазіцыямі, — падпісаная кіраўніком ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймонам Панамарэнкам дакладная запіска з прапановай сфарміраваць дзве нацыянальныя беларускія арміі, якія ўжо пасля трох-чатырох месяцаў падрыхтоўкі можна накіраваць на самыя складаныя ўчасткі фронту. 

«Такія арміі, скамплектаваныя з беларусаў, людзей, якія ненавідзяць немцаў, якія прагнуць помсты, будуць арміямі велічэзнага наступальнага парыву і ўдарнай моцы. Гэтыя арміі ўсімі памкненнямі будуць накіраваныя на захад, на вызваленне родных мясцін. Пры вызваленні хоць бы часткі Беларусі арміі будуць мець велізарную крыніцу папаўнення самай высокай якасці», — запэўнівала Сталіна Панамарэнкава дакладная. 

Сакрэтны беларускі перапіс 

Сталін можа пераканацца — калі палічыць патрэбным паглыбіцца ў паперы, — што выканаўцы праекта пастановы аб фарміраванні беларускіх армій зрабілі тытанічную папяровую працу. 

У першую чаргу яны выявілі вайскоўцаў-беларусаў, якія займалі высокія камандныя і штабныя пасады. Арганізацыйным ядром дзвюх беларускіх армій (агульнай колькасцю 154 тысячы чалавек) прапаноўвалі зрабіць 20 тысяч байцоў-беларусаў з пяці стралковых дывізій (155-й, 5-й, 121-й, 33-й і 1-й гвардзейскай), якія да вайны размяшчаліся ў Заходняй асобай вайсковай акрузе і камплектаваліся збольшага мясцовымі жыхарамі. 

40 тысяч вайскоўцаў-беларусаў планавалася сабраць з іншых часцей і злучэнняў Чырвонай арміі, у тым ліку франтавых. Налічылі 3 тысячы беларусаў сярод курсантаў вайсковых школ. 12 тысяч выявілі ва ўнутраных войсках НКВД, міліцыі і пагранвойсках. Таксама для мабілізацыі асобна вызначылі жанчын-беларусак (4 тысячы). Дадаткова адабралі 29 тысяч чалавек сярод тых, хто працаваў на прадпрыемствах народнай гаспадаркі за Уралам. Пад ружжо збіраліся паставіць і 4 тысячы беларускіх партыйных ды камсамольскіх актывістаў са «спісу рэзерву ЦК КП(б)Б, СНК БССР і ЦК ЛКСМБ». 

Дапоўніць шэрагі дзвюх нацыянальных армій прапаноўвалася беларускімі партызанамі, якіх меркавалі аператыўна перакінуць праз Суражскія вароты на Віцебшчыне (40-кіламетровы пралом лініі савецка-германскага фронту, што ўтварыўся ў лютым 1942 года паміж Вяліжам і Усвятамі).

Відавочна, што беларускае рэспубліканскае кіраўніцтва валодала інфармацыяй усесаюзнага маштабу, вызначыўшы патэнцыйную колькасць беларусаў, якія на гэты момант знаходзіліся на вольнай ад нямецкіх акупантаў тэрыторыі. За два-тры месяцы, пры строгай сакрэтнасці мэты гэтага мерапрыемства, яно правяло своеасаблівы перапіс тых беларусаў (780 тысяч), якія ў выніку вайны вымушана пакінулі родную зямлю і расцерушыліся па савецкай краіне ад Масквы да Сахаліна. 

 

Палявая форма адзення байцоў Беларускай асобай арміі. Гістарычная рэканструкцыя. Мастак Віктар Ляхар.

«Ты колькі забіў?» 

А калі раптам Сталін засумуе, разглядаючы сухія лічбы, ён можа адгарнуць праект на аркуш з ідэалагічнымі ўстаноўкамі для беларускіх байцоў і камандзіраў, пра якія аўтары таксама паклапаціліся: «армія мсціўцаў-беларусаў», «армія выхоўваецца ў духу абсалютнай пагарды да смерці»; замест статутнага прывітання «Здравия желаю!» — «Смерць фашыстам!», а ў адказ павінна гучаць: «Смерць!». 

«Армія павінна быць цалкам інфармавана пра ўсё тое, што здзейснена акупантамі на тэрыторыі Беларусі. Факты нечуванага тэрору, рэпрэсій, спаленне гарадоў і вёсак, знішчэнне нацыянальнай культуры, фізічнае вынішчэнне велізарнай колькасці беларусаў, разбурэнне прамысловасці, дзікі гвалт над жанчынамі і дзяўчатамі… усё гэта байцы Беларускай асобай арміі павінны ведаць падрабязна на канкрэтных фактах… усё гэта павінна быць накіравана на тое, каб узмацніць у байца пачуццё нянавісці, зрабіць яго накіраваным, непагасным». 

Уся армія і кожны баец павінны былі лічыць, колькі немцаў яны забілі. Аўтары праекта пастановы верылі, што ўрэшце салдаты-беларусы нават асабістыя размовы будуць пачынаць з пытання: «Ты колькі забіў?». 

Такім чынам, праект пераканаўчы і прываблівы.

Вось толькі Сталін яго не падпісвае. Хоць і не зусім зразае, а толькі вяртае на дапрацоўку. 

Другая спроба

14 кастрычніка 1942 года. На Сталінградскім кірунку дзень самых жорсткіх баёў за ўвесь перыяд абароны Сталінграда. Раніцай пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі на напрамку галоўнага ўдару (участак па фронце ў 5 км) перайшлі ў наступленне пяць нямецкіх дывізій. Да вечара праціўнік прарваўся да Волгі, але з-за вялікіх страт вымушаны перайсці да стратэгічнай абароны. 

У такі важны дзень першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка турбуе «таварыша Сталіна І. В.» чарговай дакладной запіскай: «Прашу зацвердзіць прадстаўлены праект пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны аб арганізацыі Беларускай арміі і аб назве дывізій і палкоў згодна з пералікам». 

Апетыты беларускага кіраўніцтва зменшыліся ўдвая. Цяпер яно прапаноўвала сфарміраваць толькі адну армію агульнай колькасцю 84 тысячы чалавек. Але застаўся ўпор на тое, што гэтая вайсковая адзінка стане «арміяй жалезнай дысцыпліны, якая не ведае страху перад ворагам». 

Свае назвы 

Кожны полк і дывізія гэтай арміі павінны мець свае адмысловыя баявыя сцягі. «Колер чырвоны, у правым куце лозунг: «Смерць нямецкім акупантам, свабоду Беларусі!», па цэнтры нумар часці і прысвоенае найменне, у левым куце герб Беларускай ССР… Для ўсяго асабовага складу арміі ўводзіцца нарукаўны або нагрудны знак-эмблема і ўносіцца пэўнае адрозненне ў форму, якое адрознівае армію, дывізіі і палкі… Армія мае свой традыцыйны марш. Кожная дывізія — сваю традыцыйную песню… Армейская газета — штодзённая. Выдаецца на беларускай і рускай мовах». 

Нагрудны знак, які планаваўся для салдат Беларускай арміі. На ім напісана: «Смерць нямецкім акупантам, свабоду Беларусі!». Гістарычная рэканструкцыя. Мастак Віктар Ляхар.

Палкі павінны атрымаць назвы беларускіх гарадоў (Мінскі, Слуцкі, Віцебскі, Полацкі, Гомельскі, Палескі, Тураўскі, Магілёўскі, Беластоцкі, Гродзенскі, Навагрудскі і іншыя), а стралковыя дывізіі — імёны беларускіх герояў, у пераважнай большасці савецкіх: Сяргея Грыцаўца, Льва Даватара, Мікалая Гастэлы, Ціхана Бумажкова, Феадосія Смалячкова. Але таксама — Кастуся Каліноўскага. 

Палітычную работу ў беларускай арміі меркавалася праводзіць сіламі мясцовых партыйных і савецкіх работнікаў пад непасрэдным кіраўніцтвам ЦК КП(б)Б.

Сталіна зноў намагаюцца пераканаць, што беларусам варта даверыцца і яны не падвядуць. Лягуць касцьмі. 

Але «айца народаў» зноў нешта спыняе. Паўторны праект Панамарэнкі пра стварэнне Беларускай арміі таксама застаецца без станоўчай рэзалюцыі. 

Праект Панамарэнкі

Калі пытанні прычын узнікнення самой ідэі стварэння Беларускай арміі, таксама як і імёны яе магчымых ініцыятараў, яшчэ патрабуюць дадатковага вывучэння, то імя галоўнага выканаўцы і рухавіка гэтага праекта вядомае — Панцеляймон Панамарэнка. 

У канцы 1980-х гадоў у сховішчах тагачаснага партыйнага архіва (цяпер у складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь) навукоўцы адшукалі чарнавікі «жнівеньскай» і «кастрычніцкай» дакладных для Сталіна. Рука Панамарэнкі пакінула шматлікія сляды працы над імі. Крыжыкі, птушачкі, стрэлачкі, закрэсліванні і выпраўленні тэксту, спісы імёнаў і прозвішчаў, якія пісаліся па памяці, таму не заўсёды дакладна.

Рукапісны спіс генералаў-беларусаў, складзены Панцеляймонам Панамарэнкам. Фота Віталя Чырвінскага.

Сабраныя дакументы аб’ядналі ў справу пад назвай «Матэрыялы па пытанні стварэння Беларускай арміі» і намаганнямі беларускіх гісторыкаў увялі ў навуковы зварот. Неафіцыйна ж тэму празвалі «праектам Панамарэнкі». Верагодна, ён гэтага заслужыў. Менавіта Панамарэнка рызыкаваў пасадай або сваёй галавой, прапануючы Сталіну ідэю, якая магла патэнцыйна кваліфікавацца вярхоўным галоўнакамандуючым як падрыў дзейнай арміі, паколькі планавалася здымаць з фронту баявыя часці, адклікаць камандны склад.

А галоўным злачынствам тут мог стаць беларускі сепаратызм, элементы якога можна было пры жаданні таксама ўгледзець паміж машынапіснымі радкамі. Хоць ураджэнец Краснадарскага края Панцеляймон Панамарэнка зусім не хварэў на беларускі нацыянальны патрыятызм. І Сталін гэта добра ведаў. У выніку амбіцыйны і перспектыўны праект бязгучна (без ахвяраў і непрыемных наступстваў) проста пайшоў у стол. 

Відаць, Панамарэнка нейкі час яшчэ спадзяваўся, што Сталін адумаецца і праект стане зноў запатрабаваным. Але час сыходзіў, мянялася і становішча на фронце. У лютым 1943 года, выступаючы на V пленуме ЦК КП(б)Б з дакладам па партызанскім руху, Панамарэнка апошні раз згадаў пра магчымасць стварэння Беларускай арміі: «…было б нядрэнна вывесці з Беларусі тысяч 100 беларусаў, паміж намі кажучы, абсалютна канспіратыўна для таго, каб арганізаваць Беларускую армію, забяспечаную магутнай савецкай тэхнікай і камсаставам». Але адразу пасля пленума Панцеляймон Кандратавіч, перачытаўшы чарнавік стэнаграмы свайго даклада, сам выкрасліў гэтыя словы. 

«За. И. Сталин».

У той жа час сама ідэя стварэння падчас вайны нацыянальных часцей, якія будуць змагацца з ворагам, абараняючы не толькі неабсяжную краіну саветаў, але і сваю малую радзіму, нарадзілася, найверагодней, менавіта ў галоўным крамлёўскім кабінеце. 

Па-першае, савецкае камандаванне хапалася за любую саломінку, каб пераламаць супрацьстаянне з Гітлерам у свой бок. Па-другое, частка насельніцтва СССР тады проста не ведала рускай мовы і не разумела рускамоўных афіцэраў. Па гэтых прычынах ужо летам — восенню 1941 года ў бой супраць ворага кінулі толькі што створаныя латышскія, азербайджанскія, армянскія, грузінскія дывізіі, а на Далёкаўсходнім фронце сфарміравалі асобную стралковую брыгаду з кітайцаў. 

13 лістапада 1941 года ў маскоўскім Крамлі зацвердзілі пастанову Дзяржаўнага камітэта абароны № 849 «Аб фарміраванні нацыянальных вайсковых злучэнняў», дзе загадвалася сфарміраваць 20 кавалерыйскіх дывізій і 15 асобных стралковых брыгад з таджыкаў, казахаў, калмыкаў, кіргізаў, а таксама жыхароў Чачэна-Інгушскай і Кабардзіна-Балкарскай АССР. Іосіф Сталін сваім пазнавальным чырвоным алоўкам тлустым і шырокім росчыркам напісаў па дыяганалі таго дакумента: «За. И. Сталин»

А вось на аналагічных дакументах «аб беларускіх арміях» такой рэзалюцыі не з’явілася. Чаму? На пытанне, якое вельмі цікавіць беларускіх даследчыкаў, дакладнага адказу пакуль няма. 

Ёсць версія, што Сталін, вобразна кажучы, спачатку даў каманду зарадзіць беларускі баявы патрон, а потым спалохаўся нечаканага спрыту беларусаў і замяніў баявы патрон халастым. Недавер да беларускай нацыянальнай арміі нібыта падаграваўся і звесткамі з-за лініі фронту. Значная частка беларусаў рушыла ў партызаны, але была і другая, якая запісвалася да немцаў у Беларускі корпус самааховы. 

Але, найхутчэй, усё тлумачылася прагматычнымі прычынамі. Беларусы, як носьбіты ўсходнеславянскай мовы, не мелі сур’ёзнага моўнага бар’еру, які замінаў бы ім разумець каманды і іншыя загады камандзіраў. Адпаведна, не было патрэбы і вылучаць іх у асобныя часці дзеля такіх практычных меркаванняў. А рабіць гэта чыста ідэйна Сталін патрэбным не палічыў. Ускосна гэта пацвярджаецца хоць бы тым, што ў той самы час не было таксама ў складзе Чырвонай арміі створана і ўкраінскіх вайсковых фарміраванняў.

Папяровае міністэрства 

У пачатку 1944 года гісторыя з нацыянальнымі беларускімі ўзброенымі сіламі атрымала нечаканы працяг. 1 лютага 1944 года з высокай крамлёўскай трыбуны наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў заявіў, што паўстала патрэба ў стварэнні наркаматаў абароны ў саюзных рэспубліках і пераўтварэнні агульнасаюзнага наркамата абароны ў саюзна-рэспубліканскі наркамат. 

Вытокі гэтай заявы трэба шукаць у іранскім Тэгеране, дзе з 28 лістапада па 1 снежня 1943 года прайшла сустрэча першых асобаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Вымалёўваліся абрысы міжнароднай арганізацыі, якая павінна была б узяць на сябе пасля заканчэння вайны функцыі забеспячэння калектыўнай бяспекі ў свеце (будучая Арганізацыя Аб’яднаных Нацый). Рыхтаваўся статут арганізацыі, вызначаліся краіны-заснавальніцы і краіны-ўдзельніцы. Сталін імкнуўся ўключыць у спіс заснавальніц ААН максімальную колькасць савецкіх рэспублік. Але Вашынгтон і Лондан не пагаджаліся, спасылаючыся на адсутнасць у савецкіх рэспубліках такіх прыкмет суверэнітэту, як міністэрства замежных спраў і нацыянальныя арміі. 

Клуб запалкавай фабрыкі «Везувій» у Гомелі, дзе нарадзіўся фіктыўны Наркамат абароны БССР. 1940-я. Newsgomel.by.

Выступленне Молатава для беларускага ўрада стала стрэлам стартавага пісталета. Нягледзячы на маўчанне Масквы, ад якой чакалі канкрэтных загадаў і ўказанняў, пайшлі ініцыятывы знізу. Напрыклад, пачаць фарміраванне 30-тысячнага Беларускага корпуса з вайскоўцаў-беларусаў і партызан, якія выйшлі з варожага тылу. Праўда, далей за размовы справа не пайшла.

Тым часам ЦК КП(б)Б і ўрад БССР, якія яшчэ 31 снежня 1943 года былі пераведзеныя з Масквы ў Навабеліцу (раён вызваленага, але дашчэнту разбуранага Гомеля), пачалі рыхтаваць «лёсавызначальны» пленум. 

VI сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР адбылася 21—24 сакавіка 1944 года. Яе пасяджэнні праходзілі ў клубе запалкавай фабрыкі «Везувій» — адзінага на той момант будынка горада, дзе захавалася сцэна і больш-менш прыдатная зала. Пытанне пра ўтварэнне Народнага камісарыята абароны Беларускай ССР стаяла апошнім.

Дэпутаты прамаўлялі ўзнёслыя словы, але агульная рыторыка дазваляла зразумець, што большасць з іх здагадвалася пра чыста дэкларатыўны характар новага народнага камісарыята. Закон аб утварэнні саюзна-рэспубліканскага Народнага камісарыята абароны БССР і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР — «Артыкул 16-б. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка мае свае рэспубліканскія вайсковыя фарміраванні» — прынялі аднагалосна. 

Некаторы час у будынку, дзе праходзіла гэтая сесія, засядаў наваствораны Наркамат замежных спраў БССР. Якое памяшканне выдзелілі для Наркамата абароны (сучаснай мовай — Міністэрства абароны), звестак не захавалася. Хутчэй за ўсё, ніякага. Увесь «наркамат» у выглядзе стосу паперак можна было схаваць у звычайны сейф. Так, напэўна, і адбылося.

ЦК КПБ і ўрад БССР у ліпені 1944 года вярнуліся ў вызвалены Мінск. Пасада наркама абароны БССР так і засталася вакантнай. Наколькі вядома, кандыдатура на гэтую пасаду нават не абмяркоўвалася. Але дэ-юрэ Міністэрства абароны Беларускай ССР праіснавала да новых змен у Канстытуцыі БССР — да 1978 года. Так было і ў іншых саюзных рэспубліках СССР. 

Віталь Чырвінскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930