Знайсці
17.07.2020 / 21:051РусŁacБел

Клецкая бітва: бліскучая перамога нашых продкаў

Гэта быў прыклад хуткага і дружнага дзеяння ў крытычнай сітуацыі. Пра пераломную перамогу войска ВКЛ над крымскімі татарамі ў 1506 годзе піша гісторык Андрэй Блінец.

Барэльеф Міхаілу Глінскаму з памятнага знака ў гонар Клецкай бітвы. Фота Андрэя Блінца.

Крымскае ханства ўзнікла ў выніку хітрамудрай дыпламатычнай камбінацыі нашых продкаў. Яно было патрэбнае Вітаўту, каб знутры аслабіць вялікага і даўняга небяспечнага праціўніка — Залатую Арду.

На мяжы XIV—XV стагоддзяў Залатую Арду, дзяржаву нашчадкаў Чынгісхана, якая раскінулася ад чарнаморскіх стэпаў да Уральскіх гор, раздзіралі міжусобіцы. Вітаўт скарыстаўся сітуацыяй і пасадзіў на трон Крымскага ханства Хаджы-Гірэя, чые маладыя гады прайшлі на велікакняскім двары ў Троках. Вітаўт і Ягайла дапамаглі Хаджы-Гірэю ўмацавацца ў якасці самастойнага кіраўніка новай дзяржавы. Яны і не здагадваліся, што праз тры пакаленні крымцы забудуць, хто быў іх апекуном, і стануць небяспечнымі ворагамі Літвы. 

Жывы беларускі тавар

Малаўрадлівыя, засушлівыя землі Крыма не маглі забяспечыць годны ўзровень жыцця яго насельнікам. Хлеба ўвесь час не хапала. Але яго ўдосталь прывозілі замежныя купцы, чые калоніі раскінуліся на паўднёвым беразе Крыма. Наўзамен яны патрабавалі жывы тавар — нявольнікаў, якіх перапрадавалі ў Асманскую імперыю. Попыт нараджае прапанову, і погляды крымцаў звярнуліся на поўнач, дзе можна было захапіць здабычу. Далёкі шлях праз засушлівы стэп і небяспека сутыкнення з непрыяцелем разглядаліся як непазбежная рызыка любой эканамічнай дзейнасці.

У 1474 годзе крымскія вершнікі здзейснілі першы буйны напад на землі Вялікага Княства, спустошыўшы Падолле і Чырвоную Русь. У наступныя гады іх ахвярамі станавіліся Валынь, Кіеўшчына, ваколіцы Жытоміра і Вінніцы. Да паходаў на паўночнага суседа татар у сваіх мэтах падштурхоўвалі ўладары Асманскай імперыі і Маскоўскай дзяржавы.

У 1497 годзе нападнікі ўпершыню ўварваліся на беларускія землі, разрабаваўшы ваколіцы Мазыра. Пры гэтым іх ахвярай стаў праваслаўны мітрапаліт кіеўскі і ўсёй Русі Макарый І — татары яго забілі. У 1500 (двойчы), 1502, 1503 (двойчы), 1505 гадах крымцы спусташалі Беларусь. Нягледзячы на аддаленасць ад Крымскага паўвострава, гэтыя землі, дзе даўно не ведалі войнаў, вабілі паляўнічых на нявольнікаў.

Як правіла, татары прыходзілі ў канцы лета — пачатку восені, калі быў сабраны ўраджай. У бяспечным месцы яны разбівалі лагер (кош), адкуль ва ўсе бакі рассылалі атрады па 100—500 воінаў. Хуткія вершнікі за дзень маглі пераадольваць больш за сто кіламетраў і з’яўляцца там, дзе іх не чакалі. Захопленую здабычу прыводзілі ў кош, дзень-два адпачывалі і зноў выпраўляліся ў рэйд. Праз 15—20 дзён арда рушыла ў зваротны шлях. З сабою вялі шматлікі палон, гналі жывёлу, везлі здабычу.

Чаму агромністае Вялікае Княства было не ў стане супрацьстаяць крымцам? Бо на ўтрыманне моцных памежных гарнізонаў, ахову перапраў на Дняпры былі патрэбны грошы, а іх увесь час не хапала. Таму татары бесперашкодна праходзілі ўглыб беларускіх земляў. Так, у 1503 годзе арду заўважылі, толькі калі яна з’явілася пад Слуцкам. Пакуль войска збіралася для адпору і высочвала ворага, татары выпраўляліся ў зваротны шлях. У лепшым выпадку можна было знішчыць асобныя атрады і адбіць частку здабычы, як гэта здарылася пад Бабруйскам у 1502 годзе. 

Татары выводзяць палон. Гравюра XVI стагоддзя. Pinterest.com.

Хочаш міру — рыхтуйся да вайны

Каб не траціць бюджэт на стварэнне войска на паўднёвых межах, вялікі князь Аляксандр Ягелончык імкнуўся дыпламатычнымі захадамі схіліць хана Менглі-Гірэя да саюзу супраць Масковіі. Балазе татарам не было розніцы, дзе здабываць жывы тавар. 

У 1506 годзе, здавалася, усё было падрыхтавана да заключэння міру. Але пакуль ішлі перамовы, у Крыме рыхтавалі новы напад. Там пераканаліся ў няздольнасці княства арганізаваць абарону і лічылі, што чарговая дэманстрацыя магутнасці дазволіць атрымаць большыя саступкі ад ліцвінаў. 

У канцы чэрвеня з Перакопа вырушыла 7-тысячная арда, якую вялі сыны хана Біці-Гірэй і Бурнаш. У сярэдзіне ліпеня пад Лоевам войска перайшло на правы бераг Дняпра, а потым праз Мазырскую і Петрыкаўскую пераправы выйшла на паўночны бераг Прыпяці. Адсюль нічога не замінала рухацца ў цэнтр беларускіх зямель. 

Недзе 20—22 ліпеня татары сталі кошам пад Клецкам. Сам горад быў спалены яшчэ падчас набегу ў 1503 годзе і наўрад ці паспеў адбудавацца. Але земляныя валы старога замка і рэшткі яго ўмацаванняў добра пасавалі для размяшчэння ханскага лагера. З-пад Клецка асобныя чамбулы — так называлі атрады — накіроўваліся пад Крэва, Наваградак, Ліду, Ашмяны, Гародню, Ваўкавыск — на абшары, якія ў папярэднія гады не закранала хваля набегаў. 

Навіна пра напад заспела вялікага князя Аляксандра на сойме ў Лідзе. Цяжка хворы манарх, які дажываў апошнія дні, не мог рухацца і ўвесь час ляжаў на насілках. Усе вайсковыя справы ён даручыў гетману Станіславу Кішку і свайму фаварыту Міхалу Глінскаму. Сябе ж загадаў адвезці ў Вільню.

Ад Ліды да Ліпы

На шчасце для краіны, Аляксандр прыбыў на сойм у суправаджэнні некалькіх тысяч вершнікаў. Гэтае войска Глінскі збіраўся весці на дапамогу палякам, якія чакалі татарскага нападу. Дзякуючы збегу абставін, ягоны корпус стаў сапраўдным паратункам для Вялікага Княства. У Ліду ж сцягвалася і паспалітае рушанне з абодвух берагоў Нёмана. Полымя пажараў і слупы пылу на гарызонце міжволі прыспешвалі шляхту да месца збору. 

А пакуль войска рыхтавалася да паходу, на выведку выехалі раз’езды рацаў — наёмных сербскіх кавалерыстаў. Рацы знішчылі некалькі татар і прывезлі іх галовы ў скураных торбах, але не змаглі сабраць дакладных звестак пра знаходжанне арды. Было вядома толькі, што загоны ідуць з боку Слуцка. Паколькі марудзіць больш не выпадала, раніцай 31 ліпеня войска выступіла з Ліды ў Наваградак, куды прыбыло вечарам.

Тут тры дні чакалі, пакуль падыдуць асобныя атрады і з’явіцца інфармацыя пра татарскі кош. Нарэшце аддзел братоў Андрэя і Юрыя Неміровічаў захапіў шасцярых палонных, якія паведамілі, што асноўныя сілы крымцаў збіраюцца пад Клецкам. Звесткі былі настолькі важныя, што надвячоркам, у панядзелак 3 жніўня, войска рушыла ў паўднёвым напрамку. У яго складзе былі атрады менскага, наваградскага, гродзенскага паспалітага рушання, прыватныя початы Станіслава Кішкі, Міхала Глінскага, Яна Радзівіла, Яна Забярэзінскага, аддзелы рацаў і польская надворная харугва цяжкай кавалерыі. Усяго ад 7 да 10 тысяч ваяроў.

Марш працягваўся цэлыя суткі. За гэты час прайшлі каля 80 кіламетраў і па дарозе знішчылі татарскі чамбул колькасцю ў 500 шабляў. Вечарам 4 жніўня войска спынілася на начлег у Ліпе (сёння — вёскі Вялікая і Высокая Ліпа Нясвіжскага раёна). Перад бітвай трэба было адпачыць і людзям, і коням. 

Вось тут раптоўна і захварэў гетман Станіслаў Кішка. Ён нават не мог сядзець на кані. Была гэта сапраўдная немач ці сімуляцыя напярэдадні бітвы, зыход якой ніхто не мог прадказаць, сказаць цяжка. На вайсковай нарадзе ўсе паўнамоцтвы атрымаў Міхал Глінскі. На яго ўскладалася ўся адказнасць за вынік выправы. 

На берагах рэчкі Сільны

Раніцай у сераду 5 жніўня 1506 года харугвы Глінскага ў баявых парадках рушылі да Клецка. 

Ёсць меркаванне, што гетман здзейсніў абыходны манеўр і падышоў пад Клецк з поўдня, з Пінскага тракта. Гэта нібыта дазваляла адсекчы татарам дарогу да адступлення. Такая версія замацаваная і ў самім Клецку, на паўднёвым ускрайку якога стаіць памятны знак у гонар бітвы. Аднак жа дастаткова зірнуць на карту, каб пераканацца, што такі «манеўр» толькі павялічваў шлях да праціўніка і не даваў ніякіх пераваг. Гетман спяшаўся да татарскага лагера самай кароткай дарогай, таму ягонае войска падышло да Клецка з поўначы і спынілася на беразе ракі Сільны — адносна невялікай, але з балоцістымі берагамі, пераадолець якую з ходу было немагчыма. Да сёння гэта рэчка, дарэчы, ператварылася ў ледзь прыкметны ручай.

Памятны знак у гонар перамогі над татарамі ў Клецку. Злева — крыж, пад якім з 2011 года ляжаць парэшткі ахвяраў набегаў пачатку XVI стагоддзя. З правага боку — крыж і валун, усталяваныя летам 1996-га. На схіле — камень з барэльефам Міхала Глінскага, усталяваны ў 2015 годзе. Фота Івана Бая, radzima.org.

На той момант не ўсе атрады вярнуліся ў татарскі лагер. Біці-Гірэй і Бурнаш сустрэлі ліцвінаў, маючы ў сваім распараджэнні каля 4 тысяч воінаў. Яны яшчэ мелі час для адступлення, але гэта вымусіла б пакінуць частку здабычы. Таму царэвічы вырашылі застацца на бітву. Іх лагер з трох бакоў атачалі рэкі Лань і Сільна, што давала дадатковую перавагу ў абароне, а жаданне захаваць нарабаванае павінна было прымусіць воінаў біцца з асаблівай упартасцю. На ўсялякі выпадак частку верхавых коней пераправілі на супрацьлеглы бераг і трымалі напагатове для магчымых уцёкаў.

Менавіта гэтых коней татары страцілі ў першую чаргу. Кавалерыйскі аддзел, які Глінскі адправіў наперадзе асноўных сіл, атакаваў крымцаў з флангу. Вершнікі адбілі статак і, магчыма, перахапілі асобны чамбул, які вяртаўся ў лагер са здабычай.

З’яўленне ліцвінаў там, дзе іх не чакалі, унесла паніку ў шэрагі татар яшчэ да пачатку бітвы. Ханскім сынам асабіста давялося аднаўляць парадак ва ўласным войску і рыхтаваць яго да бою.

Тым часам на галоўным напрамку ліцвіны на працягу трох гадзін рабілі гаці для пераправы цераз Сільну. Татары абстрэльвалі іх з лукаў, у адказ таксама ляцелі стрэлы, гучалі залпы гармат і ручніц. Нарэшце, пераправы былі гатовыя і кавалерыя пашыхтавалася для атакі. На правым флангу знаходзіліся харугвы наваградскай шляхты, на левым — менскай і гарадзенскай. 

Некалькі ваяроў паспяшаліся на другі бераг, выклікаючы ворага на двубой, які скончыўся досыць хутка і не на нашу карысць. Шляхціц Копця, завадатар гэтай выправы, быў забіты, а яго адсечаную галаву татары насадзілі на дзіду і з лаянкай насілі па беразе. Зрэшты, гэта быў першы і апошні поспех крымцаў у бітве.

«Навіна для ўсяго хрысціянскага свету выратавальная»

Пасля прамовы Глінскага, пад гукі сурмаў і жалеек, са спевам «Багародзіцы» правае крыло пайшло ў атаку. Яно адкінула ворага ад пераправы і паволі прасоўвалася наперад. 

Каб стрымаць рух наваградцаў, Біці-Гірэй і Бурнаш кінулі супраць іх усе наяўныя сілы. Гэта і было патрэбна гетману для вырашальнага ўдару. Пераканаўшыся, што непрыяцель сканцэнтраваны на адным флангу, ён асабіста павёў у атаку левае крыло. Імклівы ўдар рассек варожае войска на дзве часткі. Адну прыціснулі да берагоў Лані, а другая кінулася ўцякаць у адзіным даступным напрамку — на ўсход. З правага боку шлях перакрывалі балоты, з левага боку ішла конніца ліцвінаў. А праз некалькі кіламетраў ад Клецка перад крымцамі ўзнікла чарговая прыродная перашкода — рэчка Цапра. Вузкая грэбля цераз яе аказалася занадта цеснай для ўцекачоў. Ліцвіны білі іх з усіх бакоў, не сустракаючы супраціву.

З надыходам цемры ўсё заціхла. Але канец бітвы не азначаў завяршэння ўсёй аперацыі. Войска Глінскага яшчэ тры дні стаяла каля Клецка, пераймаючы чамбулы, якія не ведалі пра паразу і спяшаліся да месца збору. У гэтыя ж дні вялікія групы ўцекачоў былі разбітыя пад Капылём і Петрыкавам. Праўда, правадырам набегу пашанцавала выратавацца і вярнуцца ў Крым. У суботу, 8 жніўня 1506 года, перахапіўшы апошнія загоны татар, войска рушыла з-пад Клецка на Вільню. 

Паводле сведчання сучаснікаў, усяго за час выправы адбілі 40 000 палонных людзей і 30 000 коней. Атрымаўшы вестку пра перамогу, вялікі князь Аляксандр плакаў ад радасці, а ў лісце да жыхароў Гданьска пісаў, што гэтая навіна «выратавальная для ўсяго хрысціянскага свету».

Важнасць выправы і праўда цяжка пераацаніць. Клецкая бітва стала першай перамогай у доўгім шэрагу паражэнняў, якія панесла Вялікае Княства на мяжы XV—XVI стагоддзяў. Упершыню нашы продкі разбілі ўсю арду і вызвалілі ўвесь палон. Гэта істотна ўзняло іх баявы дух і падрыхтавала да новых змаганняў. 

З пункту гледжання ваеннага мастацтва Клецкая бітва стала ўзорам узаемадзеяння розных родаў войскаў: кавалерыі, стралкоў, дыверсійных і інжынерных аддзелаў. Пра бітву згадвалі сучаснікі, пісалі храністы. Канцлер і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл у гонар перамогі заснаваў у Вільні кляштар кармелітаў абутых, а пры ім збудаваў касцёл з падвойнай назвай: Маці Божай Снежнай (5 жніўня, у дзень, калі адбылася бітва, адзначаецца свята Дзевы Марыі і «снежнага цуду») і Святога Юрыя — нябеснага апекуна воінаў, абаронцаў роднай зямлі.

Андрэй Блінец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера