Знайсці
04.07.2020 / 23:363РусŁacБел

Ліцвін стаў абаронцам «рускага свету»: як Святаполк­-Мірскія сталі «князямі»

Мірскі стаў Святаполк-Мірскім. А тут падвярнуўся і сам Мір. Пра незвычайныя прыгоды амбітнага роду піша Цімох Акудовіч.

Замак Ільінічаў-Радзівілаў, які мы ведаем пад назвай Мірскі. Літаграфія з малюнка Францішка Максімільяна Сабяшчанскага, 1849 год. Wikimedia Commons.

Прозвішча Святаполк-Мірскіх вядомае ўсім, хто бываў у Мірскім замку. Апошнія ўласнікі гэтага помніка архітэктуры пакінулі пасля сябе немалую спадчыну ў выглядзе незвычайнай капліцы-пахавальні, парку, бровара і даволі добрай памяці мясцовага люду.

Доўгі час Святаполк-Мірскія ўспрымаліся як чужынцы, якія прыехалі з глыбіннай Расіі. Першы ўладар замка Мікалай Святаполк-Мірскі быў названым атаманам Данскіх казацкіх войскаў і генералам расійскай арміі, што аўтаматычна рабіла яго прыхаднем на нашых землях. Але на самай справе род Мірскіх паходзіць з Браслаўшчыны і мае глыбокія тутэйшыя карані. 

Мірскія становяцца Святаполкамі

Гэты род фіксуецца на Браслаўшчыне яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя: нейкі Грыгорый Мірскі быў браслаўскім суддзёй. Іх землі размяшчаліся ў сучасным Браслаўскім і Мёрскім раёнах. Напрыклад, з 1640 года Мірскім належала сядзіба ў Камянполлі пад Мёрамі, дзе зусім нядаўна мясцовыя ўлады скандальна разбурылі рэшткі стайні ХІХ стагоддзя. Ёсць версія, што ад назвы Мёры паходзіць і само прозвішча Мірскіх. 

З пачатку XVIII стагоддзя Мірскія пачалі эпізадычна падпісвацца Святаполк-Мірскімі. Лічыцца, што такім чынам яны заяўлялі сваё паходжанне нібыта ад кіеўскага князя Святаполка і выказвалі прэтэнзіі на княжацкі тытул.

Цягам XVIII стагоддзя род Мірскіх моцна разросся, ён меў цэлых шэсць адгалінаванняў. Яго прадстаўнікі займалі высокія пасады ў Браслаўскім павеце, удзельнічалі ў Барскай канфедэрацыі, ездзілі пасламі на соймы, у тым ліку і Чатырохгадовы 1788—1792 гадоў, на якім 3 мая 1791-га была прынята славутая Канстытуцыя. Адзін з Мірскіх, Станіслаў Войцех, уваходзіў у Найвышэйшую Раду Літвы падчас паўстання 1794 года.

Першы князь

На ролю самага цікавага персанажа з гэтага роду пасуе фігура Тамаша Тэафіла (Багуміла) Яна Мірскага, які нарадзіўся напрыканцы 1788 года дзесьці пад польскім Калішам (Велікапольскае ваяводства). Ягоны бацька Францішак Ксаверый быў на той момант бурмістрам невялікага горада Магельніца ў Мазовіі.

Пра маладыя гады Тэафіла (ён сам часцей ужываў другое і трэцяе імя, але чамусьці не першае) мы ведаем мала. Дзе ён быў у напалеонаўскі 1812 год, застаецца таямніцай, але ў 1813 годзе купіў маёнтак Старая Ганча каля Аўгустова (цяпер у Польшчы недалёка ад мяжы з Беларуссю). 

Да Святаполк-Мірскіх замкам валодала немка Марыя Гагенлоэ-Шылінгфюрст. Pinterest.com.

Недзе ў гэтае дзесяцігоддзе Святаполк-Мірскі здолеў патрапіць на вочы і спадабацца Мікалаю Навасільцаву — галоўнаму правадніку расійскай палітыкі ў Царстве Польскім. Пасля гэтага кар’ера Тамаша Тэафіла пайшла ўверх. У 1818 годзе ён атрымаў ордэн Святога Станіслава, а ў 1821-м дабіўся ад сената Царства Польскага пацвярджэння княжацкага тытула, прычым на падставе выключна сваіх слоў — ніякіх дакументаў прадстаўлена не было. Для такой авантуры трэба было мець сапраўды моцных апекуноў. Такім чынам малады шляхціч змог рэалізаваць старую мару сваёй сям’і.

У 1825 годзе па пратэкцыі таго ж Навасільцава Святаполк-Мірскі стаў паслом на сойме Царства Польскага, рэпрэзентуючы там інтарэсы свайго апекуна і ўсёй расійскай палітыкі. І ўжо на той час ён быў, відаць, чалавекам нябедным.

Рурык-славянафіл

Людзей, якія добра ўладкаваліся ў новых рэаліях і выкарыстоўвалі расійскую ўладу ў сваіх інтарэсах, на землях былой Рэчы Паспалітай было шмат. Але Тамаш Багуміл яскрава вылучаўся сярод іх тым, што, падобна, шчыра пранікся ідэямі славянафільства.

У 1823 годзе ў яго нарадзіўся сын, якога наваспечаны князь назваў вельмі пышна — Уладзімір Ксаверый Саова Урбітр. Наяўнасць чатырох імёнаў у тагачаснай шляхецкай традыцыі была нормай, а вось выбар канкрэтных імёнаў паказвае эксцэнтрычнасць асобы маладога бацькі.

Праз два гады ў Святаполк-Мірскага нарадзіўся другі сын. Тамаш Багуміл вырашыў умацаваць поспех і назваў яго Дзмітрыем Харытонам Рурыкам Міронам! Тут ужо адсылка да старажытнарускай традыцыі была зусім відавочнай. Калі першаму сыну ён хаця б даў імя Ксаверый (другое імя ягонага бацькі Францішка Ксаверыя), то далей Тэафіл цалкам парываў свае адносіны са шляхецкай традыцыяй і кідаўся ў новую гульню з усходнеславянскімі ідэямі. А заадно яшчэ і замацоўваў свой новы княжацкі тытул іменем Рурык.

Тут трэба разумець, што славянафільства ў тыя часы яшчэ толькі нараджалася. Зусім незадоўга да нараджэння Дзмітрыя Харытона, у 1818 годзе, беларускі даследчык Зарыян Даленга-Хадакоўскі выпусціў свою праграмную работу «Славяншчына да хрысціянства», якая дала штуршок развіццю славяназнаўства і вывучэнню ўзаемасувязяў усяго славянскага рэгіёна. Тое, што нам цяпер падаецца банальнасцю, для тых часоў было наватарствам. І Святаполк-Мірскі нейкім чынам здолеў убачыць перспектыву гэтага кірунку і стаць русафілам тады, калі гэта было яшчэ нямодна.

Не прапаў у Парыжы

Аднак славянафільства таго часу ніяк не азначала маўклівай падтрымкі расійскай палітыкі. Таму, калі ў 1830 годзе ўспыхнула антырасійскае паўстанне, Тамаш Тэафіл таксама ўзяў у рукі зброю. Ён узначаліў партызанскі атрад, які дзейнічаў пад Сувалкамі.

Але ў верасні 1831 года, калі паўстанне пайшло на спад, разам з атрадам перайшоў мяжу Прусіі і з’ехаў у эміграцыю ў Францыю, дзе пасяліўся ў невялікім горадзе Шатару за 250 км ад Парыжа. Нейкім чынам ён увайшоў у давер да мясцовай улады, стаўшы пасярэднікам паміж шматлікімі эмігрантамі і французскай адміністрацыяй.

Але паводзіў сябе Тамаш Тэафіл дзіўна: расказваў усім, што паўстанне было паднятае, каб пасадзіць на польскі трон менавіта яго, раздаваў званні і медалі і ўвогуле вельмі непаважліва ставіўся да сваіх суайчыннікаў. Гэта выклікала іхную незадаволенасць, з-за чаго ў хуткім часе Святаполк-Мірскі быў вымушаны з’ехаць у Парыж.

На той момант Францыя была ў разгубленасці ад вялікай колькасці польскіх эмігрантаў, з якімі не ведала, што рабіць. І каб вырашыць адразу дзве праблемы, разгарнула сярод гэтых эмігрантаў рэкламную кампанію, абяцаючы ім вялікія надзелы зямлі ў Алжыры. У 1830 годзе Францыя пачала каланізаваць гэтую паўночнаафрыканскую краіну, і ёй для засваення новых тэрыторый былі патрэбныя людзі.

Жыхар Алжыра. Pinterest.com.

Святаполк-Мірскі якраз і быў адным з тых агітатараў, якія заклікалі да масавага перасялення ў Афрыку. А калі суайчыннікі ад яго адвярнуліся, то вырашыў перайсці ад тэорыі да практыкі.

Афрыканскі поспех

Тамаш Тэафіл сам адправіўся ў Алжыр і, як і абяцаў французскі ўрад, атрымаў на месцы 3 400 (!) гектараў алжырскай зямлі. Больш ніхто з еўрапейцаў не меў тады ў Алжыры такой латыфундыі. Землі Мірскага размяшчаліся ў раёне Бурдж-аль-Кіфан (Bordj el Kiffan), цяперашняга прыгарада алжырскай сталіцы — горада Алжыр.

І Святаполк-Мірскі пачаў дзейнічаць. Арганізаваў на сваёй тэрыторыі школу і аптэку для мясцовых, а таксама пабудаваў касцёл і мячэць. Агулам пад ягоным кіраўніцтвам працавала больш за тысячу чалавек — 300 еўрапейцаў і каля 800 мясцовых мусульман.

На пэўным этапе Святаполк-Мірскі стаў прыкладам, да якога апелявала французская адміністрацыя, заклікаючы палякаў пераязджаць у Алжыр.

Публічнасць наваспечаны латыфундыст любіў. Дастаткова толькі пачытаць подпісы, якія ён пакідаў на шматлікіх дакументах: «Багуміл князь Святаполк-Мірскі, рэгіментар Аўгустоўскага ваяводства, кіраўнік рэгулярных уланскіх і стралецкіх аддзелаў у тым рэгіёне, кавалер вайсковага Крыжа» альбо Prince Swiatopołk de Mir Mirski, prince de Russie, à Alger en Afrique («князь Святаполк-Мірскі на Міры, князь расійскі, у Алжыры, у Афрыцы»).

У Алжыры мала хто цікавіўся дэталямі, таму ў выніку і лісты да Святаполк-Мірскага пачалі падпісваць, напрыклад, так: A Son Altesse Serenissime Monsiegneur le Prince de Mir, general et chef de l’armee de Lithuanie («Яго высокасці монсеньёру найсвятлейшаму князю Мірскаму, генералу войска Літвы»).

Рускага князя, літоўскага генерала і афрыканскага землеўласніка ў адной асобе, відаць, зусім пачало пакідаць пачуцце меры, бо ў наступныя гады ён стаў падпісвацца проста «Святаполк Пяст Мірскі» альбо «Рурык».

Што асабліва цікава, ёсць згадкі, што часам ён называў сябе князем на Міры, хоць ніякага Міра ва ўладанні ў яго тады не было.

Не змаўчаў і Міцкевіч

Гаспадарчыя поспехі, аднак, працягваліся нядоўга. Праз тры гады справа пачала рушыцца, а ў 1843 годзе цалкам збанкрутавала. У гэтым самым годзе Святаполк-Мірскі вярнуўся ў Еўропу.

Яшчэ седзячы ў Алжыры, «рускі князь» актыўна пісаў лісты ў Расію з просьбай аб амністыі. Пад гарачым афрыканскім сонцам ён працягваў развіваць ідэі славянафільства і перапісваўся з вядомым гісторыкам Іаахімам Лялевелем, даказваючы апошняму неабходнасць аб’яднання ўсіх заходніх славян. А ў 1840 годзе ён адправіў свайго сына Дзмітрыя вучыцца ў Расію.

Непадпісаная акварэль пехацінца Жан-Луі Гаспара, 1837 год. Французскія войскі рухаюцца скрозь прабой у муры ўмацаванага алжырскага горада Канстанціны, каб заваяваць горад і атрымаць кантроль над алжырскімі марскімі партамі. Wdl.org.

1842 год стаў для Святаполк-Мірскага кульмінацыйным. Ён атрымаў амністыю ад цара, яму вярнулі ўсе маёнткі каля Аўгустова. На радасцях Тамаш Багуміл Ян прыняў праваслаўе і памяняў сваё імя на Іван Тэафіл.

Зразумела, што польская эміграцыя ўспрыняла такія дзеянні крайне негатыўна. Да таго ж Святаполк-Мірскі вырашыў падліць смалы ў агонь і ў 1843 годзе, каб замацаваць поспех, апублікаваў адкрыты ліст да свайго сына Дзмітрыя, у якім патлумачыў, што, прымаючы праваслаўе, ён вярнуўся да «натуральнай Царквы славян», і выказаў спадзяванні, што ўсе эмігранты натхняцца ягоным прыкладам. 

Тут ужо не вытрымаў сам Адам Міцкевіч: паэт сабраў у сябе прадстаўнікоў розных эмігранцкіх рухаў, якія падпісалі пратэст супраць паводзін «князя на Міры» і канчаткова абазначылі яго грамадскі статус, назваўшы рэнегатам.

Пакрыўджаны (калі толькі гэты чалавек умеў крыўдзіцца) Тэафіл Іван Мірскі канчаткова з’ехаў у Расію, дзе і памёр у 1860-я гады, паспеўшы пацвердзіць свой тытул князя ў Расійскай імперыі. 

Напэўна, гэтага чалавека можна назваць шчаслівым. Ён змог рэалізаваць стагадовую мару свайго роду і дабіцца тытула князя. А трое ягоных сыноў выканалі запавет бацькі і ўзялі актыўны ўдзел у пабудове «славянскай дзяржавы». Неаднаразова тут згаданы князь Дзмітрый (Харытон Рурык Мірон) Іванавіч даслужыўся ў расійскай арміі да генерала, быў удзельнікам каўказскіх паходаў, Крымскай вайны, меў цэлую калекцыю медалёў і шчасліва скончыў сваё жыццё ў 1899 годзе ў французскай Ніцы. А сын Дзмітрыя і ўнук Івана Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі быў з 1895 года па чарзе губернатарам у некалькіх губернях, у тым ліку ў 1902—1904 гадах у Вільні, а ў 1904—1905 займаў пасаду міністра ўнутраных спраў Расіі.

Адаму Міцкевічу славянафіл Тэафіл Святаполк-Мірскі катэгарычна не падабаўся, ён лічыў яго рэнегатам. Wikimedia Commons.

Тамаш Багуміл Ян-Іван Святаполк-Мірскі, такім чынам, стаў адным з першых славянафілаў новай генерацыі, які сваёй эксцэнтрычнасцю праклаў дарогу, якой пройдуць пазней тысячы і тысячы беларусаў — ад выкарыстання рэсурсаў імперыі ў сваёй адукацыі і кар’еры да ператварэння ў шчырага абаронцу «рускага свету». З той толькі розніцай, што Іван-Ян хацеў, каб «рускі свет» служыў яму.

Адкуль узяўся замак?

Каб нарэшце звязаць Мірскіх з Мірскім замкам, нам трэба прасачыць лёс трэцяга сына алжырскага «рускага князя на Міры», Мікалая. Ён нарадзіўся ў 1833 годзе ўжо ў эміграцыі. Відаць, з прычыны паходных умоваў бацька вырашыў не нагрувашчваць сына дадатковымі імёнамі — і Мікалай быў проста Мікалаем. Рос хлопец пад алжырскімі пальмамі, а пасля пераезду бацькоў у Расію за дзяржаўны кошт адвучыўся ў Пажаскім корпусе і, як і старэйшы брат, абраў вайсковую кар’еру. Ён браў удзел у Крымскай вайне, вызначыўся ў расійска-турэцкай вайне, разам з генералам Іосіфам Гурко (таксама, дарэчы, родам з Беларусі) штурмуючы Шыпку, меў шмат медалёў і ордэнаў і ўрэшце дарос да генеральскага чына. 

Толькі ў 1881 годзе Святаполк-Мірскі быў перанакіраваны на Дон і там атрымаў званне наказнога атамана данскіх войскаў, бо без гэтага проста не мог бы кіраваць казакамі. Такая была завядзёнка. Там генерал заняўся актыўнай уніфікацыяй казацкага войска, а як да гэтага паставіліся самі казакі, можна зразумець па мянушцы, якую яму далі на Доне, — Святаполк Акаянны.

А ў 1887 годзе зоркі сышліся так, што расійскі імператар Аляксандр ІІІ падпісаў указ аб забароне іншаземцам мець зямельную ўласнасць у Расіі. Марыя Гагенлоэ-Шылінгфюрст (Вітгенштэйн), тагачасная ўладарка Мірскага замка, з’яўляючыся нямецкай падданай, вымушаная была выставіць яго на продаж.

І вось у 1891 годзе стары генерал Мікалай Святаполк-Мірскі ўключыўся ў барацьбу за права купіць руіны замка ў мястэчку Мір. І перамог. Князь не пакінуў пасля сябе ніякіх успамінаў, але мы можам здагадвацца, што ў параўнанні з іншымі купцамі ён меў большую матывацыю. Набываючы замак, Мікалай ставіў кропку ў больш чым стагадовым змаганні свайго роду за права называцца князямі. 

Мікалай Святаполк-Мірскі. Гравюра ў расійскім вайсковым часопісе, 1877 год.

Нехта з ягоных прапрадзедаў прыдумаў дадатак Святаполк да прозвішча Мірскі, ягоны бацька дабіўся атрымання княжацкага тытула толькі на падставе ўласных словаў, а ён, Мікалай Святаполк-Мірскі, набывае замак у мястэчку Мір і такім чынам назаўсёды легалізуе прыдуманую ягоным жа бацькам моўную канструкцыю «князі на Міры»! Лепшага ходу падзей не трэба было і чакаць.

Князь на Міры, данскі атаман Мікалай Святаполк-Мірскі памёр у 1898 годзе ў сваім маёнтку, седзячы ва ўтульным крэсле на востраве пасярэдзіне сажалкі, выкапанай па ягоным загадзе каля сценаў замка. Ён, пэўна, думаў, што мара ягонага бацькі здзейснілася, і князі Мірскія нарэшце займелі сваю сапраўдную рэзідэнцыю на вякі. Але гісторыя ХХ стагоддзя разбіла гэтыя планы ўшчэнт. 

Цімох Акудовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера