Знайсці
03.07.2020 / 17:583РусŁacБел

Палітвязні-2020. Хто такі аператар Вяргілій Ушак, які стаў выпадковай ахвярай правакацыі ў Гродне?

Калі пагартаць сацсеткі 26-гадовага Вяргілія Ушака, то бачыш старонкі звычайнага маладога чалавека «з прэтэнзіяй на творчасць». Шмат фотасесій, прыгожыя дзяўчыны, пафасныя пастановачныя партрэты самога Вергілія, трошачкі графаманіі… Ніякай сацыяльнай ці грамадзянскай актыўнасці і тым больш палітыкі.

Але ў канцы мая Вяргілій вырашыў паспрабаваць сябе ў відэа і адгукнуўся на аб’яву блогера Сяргея Ціханоўскага, які шукаў аператара для здымкаў на пікеце ў Гродне. З гэтага дня лёс Ушака кардынальна змяніўся. Палітыка сама ўвайшла ў яго жыццё і жыццё яго блізкіх. Разам з ёй увайшлі сілавікі, затрыманні, вобшукі, краты Валадаркі… А таксама артыкулы 342 і 364 Крымінальнага кодэкса, па якіх Вяргілію цяпер пагражае да 6 гадоў калоніі.

Быў Аляксандрам, стаў Вяргіліем

Хлопец нарадзіўся і вырас у Верхнядзвінску. Бацькі назвалі яго Аляксандрам. Ён з самай звычайнай сям’і: бацька працуе мастаком у спажыўкааперацыі, вырабляе рэкламу.

«Я расціў яго фактычна сам. Сын сканчваў школу, быў ужо дарослым, калі мы разводзіліся з жонкай. Вырашыў сам застацца са мной, — расказаў «Нашай Ніве» Уладзімір Ушак, бацька хлопца. — Сын не быў хуліганам, вучыўся сярэдне, але нармальна. Думаў стаць праграмістам. Пасля школы паступіў у полацкі тэхнікум. Атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, адвучыўся на праграміста. Пасля пару гадоў папрацаваў па спецыяльнасці ў нас у Верхнядзвінску, таксама ў спажыўкааперацыі. Але тут маленькі горад, перспектыў няма. Ну і сын вырашыў, што трэба нешта мяняць. Сабраўся і паехаў у Мінск».

Акрамя таго, Саша Ушак вырашыў змяніць імя. Змяніў «Аляксандр» на прыгожае рымскае імя «Вяргілій». Чаму — таямніца. Бацька адказвае коратка: «Гэта вельмі прыватная гісторыя».

У Мінску ўжо Вяргілій Ушак доўга шукаў працу. Спрабаваў сябе ў мадэльным бізнэсе, наведваў Нацыянальную школу прыгажосці, рабіў фотаздымкі сам, удзельнічаў у здымках як мадэль.

«Грошы гэта прыносіла як калі. Спачатку было працай, але пасля перарасло ў такое творчае хобі», — кажуць знаёмыя Вяргілія.

У выніку Ушак знайшоў сталую працу па спецыяльнасці. Ён уладкаваўся аператарам ЭВМ у Свята-Елісавецінскі манастыр. Працаваў там апошнія два гады.

«Заробку яму на жыццё хапала. Але каб выйшла «па 500», даводзілася падпрацоўваць», — кажуць знаёмыя хлопца.

Жыў Вяргілій сціпла: здымаў пакой разам са сваёй нявестай Надзеяй Салодкай.

Прапанову рукі і сэрца зрабіў праз 3 месяцы

Надзеі 24 гады. Яна менеджар па продажах у адной са сталічных прыватных кампаній. 

Надзея Салодкая, фота Ірыны Арахоўскай, Белсат

«Наша Ніва» звязалася з Надзеяй, але яна адмовілася ад каментароў.

Вядома, што пара пазнаёмілася выпадкова: Надзея ехала з Мінска ў Полацк, адкуль яна родам. Вырашыла скарыстацца блаблакарам, і так атрымалася, што ў машыне быў другі пасажыр — Вяргілій, які таксама ехаў да сваіх бацькоў. Яны разгаварыліся — і неўзабаве завязаліся стасункі.

Раман быў імклівым, нават прапанову рукі і сэрца Вяргілій зрабіў хутка, ужо праз тры месяцы знаёмства.

Затым пара з’ехалася. Распісацца планавалі сёлета, 20 мая, але праз каранавірус вяселле прыйшлося адкласці на невядомы тэрмін. А ў канцы мая замест свята і мядовага месяца Надзею і Вяргілія чакалі зусім іншыя эмоцыі: 29 мая ў Гродне Ушака затрымалі сілавікі.

Выпадковая ахвяра

Паралельна з працай Ушак працягваў актыўна займацца фатаграфіяй. Ён здымаў і здымаўся сам. А апошнім часам вырашыў паспрабаць сябе ў здымках відэа.

Надзея расказвала ў інтэрв’ю «Белсату», што Вяргілій заўсёды быў апалітычным. Ніякай грамадзянскай актыўнасці не праяўляў, у пікетах не ўдзельнічаў. А ў аператары да Ціханоўскага трапіў проста таму, што вырашыў паспрабаваць заняцца відэаздымкамі.

«Ён адгукнуўся на аб’яву пра пошук аператара для здымкі на пікеце менавіта ў Горадні. Тая пятніца ў яго была вольным днём, таму ён паехаў у Горадню, каб паздымаць, — расказвала дзяўчына. — Ніякіх грошаў яму дакладна не прапаноўвалі. Ну вось проста яму чамусьці захацелася… Не ведаю чаму. Ён мне падрабязнасці не тлумачыў».

Вяргілій здымаў не ўвесь пікет, а толькі апошнія гадзіны, да гэтага працаваў іншы аператар. Чым скончыўся яго першы аператарскі вопыт вядома: Ушака затрымалі разам з Ціханоўскім і іншымі членамі каманды блогера.

Надзея назірала затрыманне свайго жаніха фактычна ў жывым эфіры.

«Я адразу зразумела, што ён невінаваты, бо там выразна відаць на відэа, што ён знаходзіцца ад той штурханіны на адлегласці 1,5-2 метра», — расказвала дзяўчына.

Ушак — у карычневай куртцы, выдзелены колерам. Фота — «Белсат»

Пасля ўсе выходныя яна не ведала, што з Вяргіліям і дзе ён. Толькі ў панядзелак з ёю звязаўся дзяжурны адвакат, які паведаміў: Ушак пад вартай, ён у ізалятары.

Пасля ў мінскім пакоі Надзеі і Вяргілія прайшоў вобшук.

Першыя некалькі дзён Ушак галадаў у знак пратэсту супраць свайго затрымання, але праз тры дні зноў пачаў есці.

Цяпер Вяргілій знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы. З нявестай і бацькамі стасуецца праз лісты.

Ушак, як і Ціханоўскі з камандай, фігурант дзвюх крымінальных спраў. Па артыкуле 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Вяргілій праходзіць як абвінавачаны. Па гэтым артыкуле яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Па артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да міліцыі) Ушак пакуль што праходзіць як падазраваны. Калі ён стане абвінавачаным, пакаранне будзе суворым — артыкул прадугледжвае да 6 гадоў калоніі.

«Я лічу, што выхаваў добрага сына. Праблем з міліцыяй, наркотыкамі ніколі не было. Ён не п’е, не курыць.

І ў тым, што ён цяпер пад вартай, вінаватая міліцыя — ясна ж, што гэта была правакацыя, — кажа Уладзімір Ушак. — Сам я апалітычны чалавек, бо тут у нас горад маленькі — калі што, адразу з працы выганяць. І хто такі Ціханоўскі, я даведаўся толькі калі сына арыштавалі. Але я паглядзеў шмат ролікаў з таго пікета — відаць, што Вяргілій нічога кепскага не рабіў, толькі здымаў відэа.

Я напісаў ліст сыну ў СІЗА, бабуля напісала, але адказу пакуль няма. Баімся, можа, ён нашы лісты проста не атрымаў?

Чаго чакаць далей — не ведаю. Я думаю, што пакуль выбары не пройдуць, нічога не зменіцца, а там відаць будзе. Спадзяюся, можа, сына пасля выбараў усё ж адпусцяць. Ён жа ні ў чым не вінаваты.

Хаця вось быў суд у Гродне, Вяргілію далі 7 сутак. За што?

Відэа, аўдыя — нічога не глядзелі і не слухалі. Проста асудзілі і ўсё».

«Размахваў рукамі, мацюкаўся»

2 ліпеня ў Гродне сапраўды прайшоў суд над Вяргіліем Ушаком.

Хлопца прызналі вінаватым у непадпарадкаванні міліцыі і дробным хуліганстве.

Сам Ушак на судзе прысутнічаў віртуальна — яго не прывозілі ў Гродна, арганізавалі трансляцыю з Валадаркі.

«Сведкамі выступілі супрацоўнікі АМАПа Павел Конан, Дзяніс Серада, міліцыянт Сяргей Рымко, — паведамляе tut.by. — Згодна з пратаколам, 29 мая на выбарчым пікеце на Савецкай плошчы ў Гродне Ушак лаяўся нецэнзурнай лаянкай, чапляўся да грамадзян, парушаў грамадскі парадак, пры затрыманні аказаў непадпарадкаванне міліцыі, упіраўся».

Вяргілій сваю віну не прызнаў. Ён распавёў, што ў той дзень вёў жывую трансляцыю з пікета. Нікому не задаваў пытанняў, рукамі не размахваў, бо трымаў штатыў з мабільным тэлефонам. Калі яго схапілі невядомыя, штатыў з тэлефонам выпаў у яго з рук. Па словах Ушакоў, ён падняў рукі і спакойна прайшоў за тымі, хто яго затрымліваў, непадпарадкавання не аказваў.

Але ж сведка-міліцыянт Конан распавёў, што прыйшоў на Савецкую плошчу, калі паступіў сігнал аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Па словах амапаўца, ён убачыў Ушака, які мацюкаўся, чапляўся да людзей, тыкаў ім амаль у твар штатывам з мабільным тэлефонам. Калі яго затрымлівалі, то Ушак спачатку ішоў спакойна, а пры пасадцы ў машыну нібыта аказаў непадпарадкаванне, упіраўся, чапляўся рукамі за форму…

Прыкладна тое ж распавялі і іншыя сведкі-міліцыянты. Вынік прадказальны — Вяргілія прызналі вінаватым і асудзілі на 7 сутак.

***

Беларускія правааборонцы прызналі Вяргілія Ушака палітвязнем. Каб падтрымаць яго, вы можаце накіраваць ліст па адрасе: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050. Ушаку Вяргілію Уладзіміравічу. 

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930