Знайсці
24.06.2020 / 08:08РусŁacБел

Атлусценне звязалі з павышанай рызыкай старэчай дэменцыі

Брытанскія медыкі высветлілі, што атлусценне можа негатыўна ўплываць на працу мозгу людзей сталага веку: у людзей з лішняй вагой верагоднасць развіцця старэчай дэменцыі вышэйшая на 30%. Вынікі іх даследавання апублікаваў International Journal of Epidemiology.

«У XXI стагоддзі дэменцыя стане для чалавецтва адной з самых вялікіх праблем, адной з галоўных пагроз для здаровага старэння ўсіх людзей на зямлі. Нашы назіранні паказваюць, што нарастаючая эпідэмія атлусцення можа пагоршыць сітуацыю з пашырэннем старэчай дэменцыі», — распавёў адзін з аўтараў працы, прафесар універсітэцкага каледжа Лондана Эндру Стэптоў.

Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), ад хваробы Альцгеймера і іншых формаў старэчай дэменцыі цяпер пакутуюць прыкладна 50 млн людзей па ўсёй зямлі. Да 2030 года іх колькасць можа вырасці да 75 млн. Разам з інфарктамі і інсультамі падобныя праблемы даўно сталі адной з галоўных прычын смерці людзей у краінах першага свету.

Навукоўцы даўно спрабуюць зразумець, што менавіта становіцца прычынай з'яўлення розных формаў дэменцыі. Назіранні паказваюць, што гэтаму спрыяюць няправільная дыета, шкодныя звычкі і нізкі ўзровень фізічнай актыўнасці, тады як заняткі спортам і інтэлектуальныя практыкаванні, наадварот, рэзка зніжаюць рызыку.

Стэптоў і яго калегі адкрылі яшчэ адзін фактар рызыкі, які дапамагае дэменцыі развівацца. Падчас свайго новага даследавання яны вывучалі звесткі брытанскага праекта ELSA, у якім удзельнічала некалькі тысяч добраахвотнікаў сярэдняга веку. Яго мэта — вывучыць, як старэнне ўплывае на працу розных органаў цела чалавека, у тым ліку і мозгу.

Аналізуючы гэтую інфармацыю, брытанскія навукоўцы зацікавіліся тым, ці ўплываў індэкс масы цела (ІМТ) удзельнікаў даследавання на тое, як часта ў іх ўзнікала старэчая дэменцыя праз 10-15 гадоў пасля запуску ELSA. Аказалася, што падобная статыстычная сувязь сапраўды існавала.

У прыватнасці, навукоўцы выявілі, што добраахвотнікі з ІМТ больш за 30 пунктаў прыкладна на 31% часцей займелі дэменцыю ў параўнанні з іх аднагодкамі з нармальнай масай цела. Гэта было асабліва характэрна для жанчын — іх лішняя вага падвышала рызыку на 39%.

Пакуль навукоўцы не могуць дакладна сказаць, як менавіта тлушчавая тканіна паскарае развіццё дэменцыі. Аднак яны мяркуюць, што яна можа спрыяць з'яўленню дэменцыі як наўпрост, выпрацоўваючы розныя сігнальныя малекулы, так і ўскосным шляхам, падвышаючы ціск у сасудах.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера