Знайсці
14.06.2020 / 11:427РусŁacБел

Ён запісаў беларускія гаворкі Севершчыны

Пра мовазнаўцу Паўла Растаргуева піша Сяргей Астанковіч.

Павел Растаргуеў выступае на пасяджэнні кафедры рускай мовы Навазыбкаўскага педінстытута. 1948 год. Novozybkov.ru.

Павел Растаргуеў быў амаль аднагодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Але прыйшоў ён на свет не ў Цэнтральнай Беларусі, як класікі беларускай літаратуры, а на моўна-культурным памежжы — у горадзе Старадуб Чарнігаўскай губерні (цяпер — Бранская вобласць Расіі). Гэта адбылося 18 чэрвеня (па старым стылі) 1881 года ў дваранскай сям’і Андрэя Якаўлевіча Растаргуева — тытулярнага саветніка, чыноўніка Старадубскага гарадскога грамадскага банка. Акрамя Паўла, у сям’і было яшчэ сямёра дзяцей. 

Хлопчык аказаўся дапытлівым і з дзяцінства цягнуўся да ведаў. Ягонай марай быў Маскоўскі ўніверсітэт, і ён яе рэалізаваў, у 1903 годзе бліскуча здаўшы экзамены на гісторыка-філалагічны факультэт.

З паступленнем у Маскву звязаныя і першыя спробы вывучэння гаворкі сваёй радзімы. У вольны час няўрымслівы студэнт сядаў на ровар і аб’язджаў павет за паветам, пазнаючы паўночныя раёны Чарнігаўшчыны.

Выключныя гуманітарныя здольнасці юнака былі заўважаныя вучонымі, таму Растаргуеў, скончыўшы ўніверсітэт з залатым медалём, рыхтаваўся да выкладчыцкай працы. У сакавіку 1917-га ён быў абраны прыват-дацэнтам таго ж гісторыка-філалагічнага факультэта, на якім вучыўся. А навуковымі кіраўнікамі маладога навукоўца былі такія выдатныя філолагі таго часу, як Раман Брант і Аляксей Шахматаў. 

Але амбіцыйныя планы давялося змяніць праз рэвалюцыйныя падзеі. Жыхарам Масквы, як і астатнім грамадзянам Савецкай Расіі, давялося адчуць на сабе ўсе «радасці» ваеннага камунізму. А да матэрыяльных цяжкасцяў дадалася яшчэ і страта ў 1918 годзе часткі бібліятэкі. У сваім лісце да Яўхіма Карскага ад 20 лістапада 1920 года Растаргуеў скардзіўся:

«У апошні час мне амаль не даводзіцца навукова працаваць: жыву я ў вельмі цяжкіх матэрыяльных умовах — акадэмічнага пайка не атрымліваю і існую дзякуючы толькі прыватным урокам; увесь час і сілы сыходзяць на заробак і на фізічную, часта непасільную працу». 

Але ў той жа час Растаргуеў прыняў запрашэнне культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята працаваць у Беларускім народным універсітэце ў Маскве. Там ён на працягу месяца прачытаў курс лекцый, знаёмячы слухачоў з рознымі аспектамі беларускай мовы. На падставе гэтага курса выйшла яго першае заўважнае даследаванне. І з гэтага часу імя Растаргуева становіцца вядомым шырокаму колу навукоўцаў. 

Паміж Масквой і Беларуссю

Пік творчай актыўнасці вучонага прыйшоўся на 20-я гады мінулага стагоддзя. З 1921 года ён працаваў у розных ВНУ Масквы, а ў 1923-м яму было нададзена званне прафесара. Растаргуеў чытаў лекцыі па гісторыі і сучаснасці рускай, украінскай і беларускай моў, вёў курс сучаснай рускай мовы ў Індустрыяльным інстытуце імя Карла Лібкнехта, загадваў кафедрай рускай мовы ў завочнай Прамысловай акадэміі. Акрамя таго, ён з’яўляўся правадзейным членам Расійскай асацыяцыі навукова-даследчых інстытутаў грамадскіх навук, а з 1928 года — членам камісіі па падрыхтоўцы кадраў у навукова-даследчым Інстытуце мовазнаўства і членам Дзяржаўнай навуковай рады Наркамата асветы. 

Вокладка адной з прац Паўла Растаргуева. Wikimedia Commons.

Пры гэткай загрузцы мовазнавец знаходзіў час і на актыўную дзейнасць у Беларусі. З канца 1924 года, з’яўляючыся правадзейным членам гуманітарнай секцыі Інбелкульта, Растаргуеў апублікаваў каля 20-ці даследаванняў, прысвечаных розным аспектам нашай мовы.

Ён уваходзіў у склад фальклорна-дыялекталагічнай камісіі, а пасля яе падзелу — камісіі жывой беларускай мовы, што праводзіла работу па выпрацоўцы нормаў правапісу, графікі і арфаграфіі. Акрамя таго, ён часта выступаў з дакладамі, выязджаў у экспедыцыі. Што атрымала высокую ацэнку з боку калег: у 1928 годзе Рускае геаграфічнае таварыства ў Ленінградзе прысудзіла Растаргуеву за сукупнасць работ па беларусістыцы малы залаты медаль.

Але і адносна свабодныя 1920-я гады выдаліся для прафесара не бясхмарнымі. Растаргуеў у сваіх выказваннях і рэцэнзіях дазваляў сабе рэзка крытыкаваць якасць працы беларускіх мовазнаўцаў. У выніку канфліктаў з імі да пачатку 1928 года Растаргуеў быў выключаны з Інбелкульта, яму было катэгарычна забаронена выстаўляць сваю кандыдатуру на членства ў ім. 

У кіпцюрах ОГПУ

Напрыканцы 1920-х сітуацыя ў краіне пачала рэзка мяняцца. Савецкае кіраўніцтва згарнула НЭП, прыняўшы рашэнне распачаць індустрыялізацыю і калектывізацыю. Адпаведна, рэжым рабіўся ўсё больш жорсткім і рэпрэсіўным.

Дасталося і інтэлігенцыі, асабліва старой, дарэвалюцыйнай. На апошнюю савецкая ўлада даўно глядзела з падазронасцю, тым больш што многія яе прадстаўнікі не вызначаліся празмернай любоўю да камуністаў. Таму спатрэбілася некалькі гучных спраў, каб выкараніць у такіх людзей нават думку аб нелаяльнасці.

Хто ведае, магчыма, выключэнне Растаргуева з Інбелкульта па іроніі лёсу і аказала яму добрую службу, бо дазволіла пазбегнуць у 1930 годзе арышту па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Але паступова яе адгалоскі дакаціліся і да Масквы. Аднойчы падчас аднаго з выступленняў у Навукова-даследчым інстытуце мовазнаўства Растаргуеў быў жорстка раскрытыкаваны. Абвінавацілі яго ў тым, што некаторыя тэорыі навукоўца змыкаліся з тэорыямі ўжо выкрытых «нацдэмаў». Прафесар разгубіўся і, спрабуючы апраўдацца, пачаў свой адказ са слоў: «Канечне, я за нацдэмаў». Пачуўшы шум у зале, паправіўся: «Не, не, вядома, я супраць нацдэмаў». Але вялікага значэння ўсё гэта ўжо не мела. 

У 1933 годзе Павел Растаргуеў быў арыштаваны і асуджаны па так званай «справе славістаў» (справе «Расійскай нацыянальнай партыі»). Усяго па ёй было рэпрэсавана каля сямідзесяці чалавек. 

Прыбіты і разгублены, Растаргуеў падчас следства па «справе славістаў». Фота з кнігі Ашніна і Алпатава «Дело славистов». (Масква, 1994)

Па версіі следства, арыштаваныя належалі да фашысцкай партыі, дзеянні якой каардынаваліся з-за мяжы. Арганізацыя нібыта фармавала паўстанцкія ячэйкі, зладзіла дыверсію на доследнай станцыі і рыхтавала забойства Вячаслава Молатава. Падчас следства Растаргуеў быў адным з нямногіх, хто вінаватым сябе не прызнаў. Тым не менш пастановай калегіі ОГПУ ад 29 сакавіка 1934 года ён быў на 5 гадоў высланы ў Карагандзінскі папраўча-працоўны лагер.

У лагеры прафесар рабіў рэгістратарам, вёў справаводства. Пасля быў накіраваны на педагагічную працу ў вёску, выкладаў рускую мову і матэматыку на курсах трактарыстаў і паляводаў. Акрамя таго, кіраваў метадычным бюро, ліквідацыяй непісьменнасці, працаваў у рэдакцыйнай калегіі, у юрыдычным бюро па дапамозе асуджаным. У выніку быў прызнаны ўдарнікам, і гэта дазволіла яму 2 верасня 1937 года датэрмінова выйсці на волю.

У тыя страшныя часы за вызваленнем часта ішоў новы арышт, за якім хуткі суд і не менш хуткі расстрэл. Але Растаргуева больш не чапалі. Пасля вызвалення з лагера ён паехаў у горад Клінцы Бранскай вобласці да сваёй сястры, бо яму было забаронена жыць у Маскве. Уладкаваўся на працу ў педінстытут у Навазыбкаве і, як заўсёды, энергічна ўключыўся у выкладчыцкую і навукова-даследчыцкую працу. Яго лаяльнасць, відаць, ніякіх сумневаў ва ўладаў ужо не выклікала. 29 сакавіка 1941 года Растаргуеву за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць была нават без абароны дысертацыі прысуджаная навуковая ступень доктара філалагічных навук. 

Паміж Сцылай і Харыбдай

Але праз некалькі месяцаў пачалася вайна з Германіяй, якая прынесла пажылому прафесару новыя выпрабаванні. Навазыбкаў хутка стаў прыфрантавым горадам, і ў педінстытуце ўзнікла пагроза зрыву выпускных экзаменаў. Аднак дзяржкамісія пад кіраўніцтвам Растаргуева засядала па 10—12 гадзін, і ўсе выпускнікі 1941 года змаглі атрымаць дыпломы.

А вось адразу ж пасля таго выехаць на ўсход стары навуковец з-за хваробы жонкі не змог і вымушаны быў застацца пад акупацыяй. Жонка Надзея Дзмітрыеўна ўспамінала пра гэты час так:

«Паўлу Андрэевічу споўнілася ўжо 60 гадоў, па стане здароўя ён не мог эвакуіравацца, і гэта ледзь не каштавала яму жыцця. Калі немцы ўварваліся ў Навазыбкаў, яны сталі шнырыць па дварах і, убачыўшы Паўла Андрэевіча, вырашылі, што ён яўрэй. Афіцэр ужо пацягнуў з сабой прафесара з крыкам «Юдэ!», але заступіліся суседзі і змаглі даказаць, што ён не яўрэй». 

Пасля таго прыйшло новае ліха: немцы настойліва хацелі прыцягнуць старога інтэлігента да супрацоўніцтва, а ён ад гэтага гэтак жа настойліва адбіваўся. Яму прапаноўвалі месца загадчыка аддзела народнай асветы, члена мясцовай управы, перакладчыка на чыгунцы, у лясным аддзеле. Але Растаргуеў адмовіўся нават ад рэгістрацыі ва ўправе як пацярпелы ад савецкай улады за палітычную дзейнасць.

Дом, у якім жыў Павел Растаргуеў у Навазыбкаве. Фота 1996 года, цяпер дома не існуе. Novozybkov.ru.

Цярпенню акупантаў урэшце прыйшоў канец. У кастрычніку 1942 года навукоўца выклікалі да бургамістра. Прафесару нагадалі пра яго выступленні на старонках мясцовай газеты «Ударнік» і тут жа паклалі перад ім артыкул пад назвай «Інтэлігенцыя заўсёды наперадзе». Яму прыпомнілі пра актыўную грамадскую дзейнасць пры саветах і папярэдзілі, што калі не выйдзе на працу, то будзе неадкладна арыштаваны. Хвароба і ўзрост у разлік не браліся. 

У выніку Растаргуеў быў вымушаны ўзяцца выкладаць некалькі ўрокаў рускай гісторыі ў сярэдняй школе, а таксама пагадзіцца на замену на перыяд хваробы загадчыка курсаў нямецкай мовы. Што, зрэшты, давала яму магчымасць вызваляць ад адпраўкі ў Германію моладзь.

Але ўстрыманне ад актыўнага супрацоўніцтва з немцамі дало плён пасля, калі напрыканцы верасня 1943 года Навазыбкаў быў вызвалены Чырвонай арміяй. Прафесара Растаргуева не зачапілі, ён разам з жонкай Надзеяй Дзмітрыеўнай і іншымі супрацоўнікамі браў удзел у аднаўленні работы педінстытута. І быў нават узнагароджаны медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941—1945 годов».

Апошнія гады

Пасля вайны ў Савецкай Беларусі трэба было аднаўляць навуковае жыццё, а кадраў не было асабліва дзе ўзяць. Таму ўспомнілі і пра старога лінгвіста. Тагачасны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка даручыў Якубу Коласу звярнуцца да Паўла Растаргуева і запрасіць яго на працу ў Інстытут мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. У 1947 годзе ён стаў старшым навуковым супрацоўнікам інстытута, яго вылучылі ў правадзейныя члены акадэміі. У гэты перыяд прафесар апублікаваў шэраг навуковых артыкулаў, рэцэнзаваў работы аспірантаў, узяў удзел у Першай дыялекталагічнай канферэнцыі БССР, якая праходзіла 25—30 сакавіка 1948 года. 

Навуковец у 1917 годзе, Масква. Wikimedia Commons

Але здароўе не дазваляла доўга працаваць, хутка давялося звольніцца з працы і ў Мінску, і ў Навазыбкаве. Пасля таго ўся ўвага вучонага была скіраваная на заканчэнне даўно распачатай манаграфіі па гаворках Смаленшчыны. Але пабачыць сваю кнігу яму так і не давялося, яна выйшла ў друкарні Акадэміі навук СССР ужо толькі пасля ягонай смерці. А не стала Паўла Растаргуева 21 сакавіка 1959 года. 

Не суджана было Растаргуеву дачакацца і фармальнага вяртання свайго добрага імя. Цалкам рэабілітаваны за судзімасць 1930-х ён быў толькі праз пяць гадоў пасля смерці, 26 кастрычніка 1964 года.

А кнігі і артыкулы Паўла Растаргуева дагэтуль не страцілі сваёй актуальнасці. І ўвогуле, зробленае ім у галіне мовазнаўства ўражвае. Каб яму не было ў жыцці столькі нягодаў ды выпрабаванняў, то, магчыма, змог бы рэалізаваць і амбіцыйную задуму сваёй маладосці — цалкам апісаць гаворкі, што былі на тэрыторыі севяран, полацкіх і смаленскіх крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. Сам ён прызнаваў, што першапачатковыя намеры яму ўдалося ажыццявіць толькі часткова. Але ўсё ж дзякуючы Растаргуеву зараз мы можам куды лепш уявіць, як некалі размаўлялі на далёкім усходзе беларускага свету. 

Адметныя словы северска-беларускай гаворкі

Адружы́цца — жаніцца, заручыцца

Багі́ — абразы, іконы

Кійкі́ — кукуруза

Ро́йла — беспарадак

Я́нгуль — анёл.

Сяргей Астанковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930