Знайсці
13.05.2020 / 13:147РусŁacБел

Вясковую капліцу, пабудаваную ў пачатку 1990-х, зрабілі помнікам архітэктуры XIX стагоддзя

Як так атрымалася, што капліца, пабудаваная ў 1993 годзе, стала помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя, пішуць пружанскія «Раённыя будні».

Капліцу на могілках у Роўбіцку асвяцілі ў 1993 годзе. Фота Мікалая Кузіча, globus.tut.by

Першай на неадпаведнасць звярнула ўвагу жыхарка Мінска Святлана, якая перад Вялікаднем пабывала на могілках, дзе стаіць капліца: 

«Шмат гадоў таму, а дакладней 1 мая 1993 года, я прыехала ў Роўбіцк да сваякоў, каб стаць сведкай асвячэння новай царквы-капліцы на могілках, узведзенай на сродкі мясцовага калгаса і жыхароў вёскі. Не скажу, што маленькая цэркаўка, пабудаваная са звычайнай белай цэглы па відавочна «аматарскім» праекце, вылучаецца нейкай асаблівай архітэктурай. Памятаю, тады я яшчэ звярнула ўвагу на розную вышыню вежаў абапал алтарнай часткі: занадта ўжо ў вочы кідалася. Але гэтыя будаўнічыя «хібы» не здолелі сапсаваць мой настрой ад агульнай урачыстасці імпрэзы: на набажэнстве, акрамя тагачаснага сухопальскага святара Іўліяна прысутнічалі епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін і іншыя святары. Людзі радаваліся, што ў вёсцы з’явілася месца, дзе можна будзе памінаць асаблівым чынам сваіх родных…

Нядаўна, перад Вялікаднем, я зноў пабывала на малой радзіме, наведала магілкі сваіх родных і вырашыла агледзець храм з усіх бакоў. Звярнула ўвагу на ахоўную дошку каля дзвярэй. Добра, думаю, што ахоўваюць. Але чытаю: «…помнік XIX стагоддзя». Сказаць, што была здзіўлена, гэта нічога не сказаць. Хто і калі паспеў «састарыць» нашу каплічку на цэлае стагоддзе?» — пацікавілася Святлана ў супрацоўнікаў мясцовай раёнкі. 

Пытанне наконт устаноўкі ахоўнай дошкі з памылковымі звесткамі журналісты адрасавалі метадысту па ахове помнікаў ДУК «Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма» Вользе Зінкевіч.

Як аказалася, яшчэ ў 2007 годзе згодна з Пастановай №578 Савета Міністраў РБ ад 14 мая 2007 года Роўбіцкай Свята-Георгіеўскай царкве быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі (рэгіянальнага значэння). Канчатковае рашэнне аб наданні статуса прымаў Рэспубліканскі навукова-метадычны савет пры Міністэрстве культуры, які апрацоўваў прапановы, што паступілі ад абласных спецыялістаў. Пазней у рамках выканання адпаведнага Кодэкса РБ аб культуры на ўсе каштоўныя аб’екты былі змешчаны ахоўныя дошкі з тымі звесткамі, якія ў свой час былі ўнесены ў спіс.

— На якім этапе і хто менавіта зрабіў памылку ў датаванні, высветліць не атрымалася. З мэтай яе выпраўлення намі вядуцца адпаведныя работы: адпраўлены запыты ў Брэсцкі архіў і ў Брэсцкую епархію, — зазначыла Вольга Уладзіславаўна.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера