Знайсці
04.07.2020 / 13:13РусŁacБел

Паўтара стагоддзя паміж Захадам і Расіяй. Чаму Балгарыя мяняла саюзнікаў?

Не толькі таму, што хацела арыентавацца на перадавыя краіны, піша Андрэй Акушка.

Помнік-музей на гары Бузлуджа. Тут у 1891 годзе адбыўся першы з'езд Балгарскай сацыял-дэмакратычнай рабочай —пазней камуністычнай — партыі. З 1971 да 1981 года камуністычны ўрад пабудаваў на пустыннай вяршыні гары гіганцкі помнік. Цяпер ён стаіць закінуты. Shutterstock.com, by Milen Dobrev.

Пасля доўгай турэцкай акупацыі ў 1877 годзе Балгарыя пачала шлях да незалежнасці. У гэтым ёй дапамагла расійская армія. Але потым Балгарыя часцяком ішла супраць рускіх. Падчас сусветных войнаў балгары ваявалі на баку Германіі, а пасля былі вымушаныя будаваць сацыялізм. Цяпер Балгарыя зноў стала часткай Еўропы і не збіраецца вяртацца ў «братэрскія абдымкі».

Шлях да незалежнасці

У першай трэці XV стагоддзя, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім кіраваў Вітаўт, Балгарыя стала часткай Асманскай імперыі. Толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў балгар з’явіўся шанец вярнуць незалежнасць. Турцыя слабела і адставала. Усё канчаткова вырашылася пасля расійска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Балгары сустракалі расійскую армію з хлебам-соллю. І нездарма: пасля яе перамогі на карце свету зноў з’явілася дзяржава пад назвай Балгарыя.

У Пецярбурзе думалі, што эліта гэтай маленькай краіны будзе пажыццёва славіць Расію. Аднак імперыя сама даволі хутка дала першую нагоду засумнявацца ў моцы сяброўскіх адносін, калі адступілася ад Сан-Стэфанскай мірнай дамовы 1878 года. Дамова прадугледжвала стварэнне Вялікай Балгарыі, у якую ўваходзілі часткі сучасных Грэцыі, Паўночнай Македоніі і Сербіі. Але заходнія дзяржавы ўгаварылі Расію пагадзіцца на іншы, Берлінскі мір.

У выніку вялізныя этнічна балгарскія тэрыторыі засталіся пад туркамі, а рэшту падзялілі на дзве часткі. Першая, Усходняя Румелія са сталіцай у Плоўдзіве, стала аўтаномнай правінцыяй пад асманамі. Другая, Княства Балгарыя на чале з князем Аляксандрам Батэнбергам, ператварылася ў васала султана. Эліта краіны была расчараваная такімі саступкамі, вінавацячы ў іх і Захад, і Расію.

Shutterstock.com, by Pavalena.

З таго часу ў княстве ідэяй-фікс стала аб’яднанне ўсіх зямель, дзе жылі балгары. І першай мэтай была Усходняя Румелія. У верасні 1885 года жаўнеры пад камандаваннем Данаіла Мікалаева (былога расійскага вайскоўца) арыштавалі генерал-губернатара ў Плоўдзіве і аб’явілі пра ўз’яднанне паўднёвай Балгарыі з паўночнай.

Гэта абурыла расійскае кіраўніцтва. Як так, малодшы брат самастойна вырашае свой лёс? Расійскі імператар вымусіў балгарскага князя адмовіцца ад трона і пакінуць дзяржаву.

Масква хацела Канстанцінопаль сабе

Адразу пасля аб’яднання падбухтораная аўстрыйцамі Сербія напала на суседку. Расія аб’явіла, што не жадае рабіць выбар паміж братэрскімі краінамі і адклікала сваіх афіцэраў з балгарскай арміі. У сербаў на той час ужо быў паўнавартасны афіцэрскі корпус, таму канфлікт празвалі «вайной генералаў супраць капітанаў». Балгарскія капітаны перамаглі, але запомнілі той удар у спіну. Пазней яны стануць прыхільнікамі ідэі ваяваць супраць Сербіі і Расіі ў Першай сусветнай.

Раззлаваны імператар Аляксандр III вырашыў пакараць «здраднікаў», якія яшчэ і новага цара абралі без яго згоды, і разарваў з Балгарыяй дыпламатычныя адносіны. Ён меркаваў, што без падтрымкі Расіі маленькая краіна папросту не выжыве. 

Гэта было на карысць заходнім дзяржавам, якія прапанавалі маладой краіне фінансавую і міжнародную падтрымку. Расійскі пісьменнік і журналіст Барыс Тагееў, які наведаў Сафію ў 1903-м, расказваў, што думаў трапіць у невялікае азіяцкае мястэчка. Але пабачыў еўрапейскі горад з электрычнымі трамваямі, вялізнымі крамамі, універсітэтам, бібліятэкамі, тэатрамі… Балгарыя за кошт заходніх крэдытаў развівалася неймавернымі тэмпамі. Будаваліся дарогі і парты, 78% насельніцтва сталі пісьменнымі, а мясцовых жаўнераў за іх дысцыплінаванасць называлі «балканскімі немцамі». 

Пецярбург пайшоў супраць малодшага брата і ў замежнай палітыцы. Ён не падтрымаў далучэнне да Балгарыі Македоніі, якую балгары лічылі сваёй. У гэтым быў адмысловы разлік. Як пісаў пасланнік у Сафіі Анатоль Няклюдаў, «для нас і сербаў вельмі важна, каб Балгарыя не была тэрытарыяльна закончаным арганізмам». Бо калі ў Сафіі не будзе мэтаў на захадзе і поўдні, яна, маўляў, пачне глядзець у бок Канстанцінопаля, а гэта перашкодзіць Расіі забраць сабе гэты горад разам з чарнаморскімі пралівамі. У той час Расія сур’ёзна ставіла сабе такую мэту.

Імператар Мікалай II спачатку быў супраць і незалежнасці, якую краіна абвясціла ў 1908-м. 

Дзве нацыянальныя катастрофы

Пазбегнуць войнаў на Балканах не ўдалося. У першай (1912—1913) кааліцыя Балгарыі, Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі перамагла турак. Балгары значна пашырылі сваю тэрыторыю, заняўшы Фракію з выхадам да Эгейскага мора і частку Македоніі. У другой (1913) амбіцыйным балгарам давялося змагацца ўжо супраць былых саюзнікаў і Румыніі. Гэтую вайну краіна прайграла і страціла частку захопленых зямель. Паразу ў Балгарыі назвалі Першай нацыянальнай катастрофай. І абвінавацілі ў ёй не толькі свае амбіцыі, але і Расію, што падтрымала сербаў і румын. Таму многія думалі, што ў 1914-м Балгарыя адразу падтрымае Аўстра-Венгрыю і Германію.

Стара-Планіна: горы шмат значаць для балгарскай ідэнтычнасці. На фота: занядбаны манумент ушанавання Камуністычнай партыі на гары Бузлуджа. На гэтай самай гары адбыўся адчайны бой 30 балгарскіх паўстанцаў-чэтнікаў супраць турак у 1868 годзе. Shutterstock.com, by Lukas Bischoff Photograph.

Але Сафія вырашыла выслухаць прапановы абодвух альянсаў. Антанта прапанавала толькі невялікія кавалачкі зямлі ў турэцкай Фракіі. Германія абяцала больш: прымежныя тэрыторыі Грэцыі, Румыніі і Сербіі. Цар вагаўся, але ў кастрычніку 1915-га ўсё ж аб’явіў вайну Антанце. 

Спачатку ўсё ішло добра — «балканскія немцы» дапамаглі разграміць Сербію і Румынію. У расіян здарылася істэрыка, і яны кінуліся пісаць артыкулы пра «тройчы праклятую Балгарыю». Сафійская прэса не адставала: «Мы павінны выкараніць усе сляды расійскага ўплыву». Дайшло і да сутыкненняў жаўнераў дзвюх краін. Першае здарылася ў верасні 1916-га, калі балгары перамаглі ў штыкавой атацы. Камандаваў імі, па іроніі лёсу, русафіл генерал-лейтэнант Стэфан Тошаў. 

Тошава здзівіла, што расіяне адмаўляліся здавацца. Потым стала вядома, што румыны пераканалі рускіх, быццам балгары жорстка забіваюць палонных. Хоць насамрэч усё было інакш: «ворагаў-братоў» балгары нават хавалі разам са сваімі палеглымі. 

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года баі сціхлі, а ў сакавіку 1918-га Савецкая Расія выйшла з вайны. А праз паўгода Балгарыя аказалася сярод краін, якія прайгралі Першую сусветную. Гэта стала Другой нацыянальнай катастрофай, бо краіна канчаткова страціла выхад да Эгейскага мора. Але многія жыхары сустрэлі канец вайны з палёгкай. 

Пакт аб узаемадапамозе? Дзякуй, не трэба

У першыя міжваенныя гады Балгарыя стала ізгоем. СССР ёй не цікавіўся, калі не лічыць няўдалых спробаў экспарту рэвалюцыі. Не давяралі былому ворагу і дзяржавы Антанты. Аднаўленне эканомікі ішло марудна, краіна перажыла некалькі пераваротаў. Цікавасць да Балгарыі вярнулася толькі ў канцы 30-х, калі Германія, Вялікабрытанія і СССР напярэдадні новай вайны пачалі актыўна шукаць саюзнікаў.

Брытанцы хутка выбылі з барацьбы. Балгары жадалі вяртання страчаных тэрыторый, а Лондан не быў гатовы здаць Грэцыю ці Югаславію. СССР змагаўся да апошняга. Ён пагадзіўся падтрымаць прэтэнзіі і прапанаваў пакт аб узаемадапамозе. Але балгары адмовіліся. Яны ўважліва сачылі за дзеяннямі Масквы і бачылі, як аналагічныя дамовы прывялі да пераўтварэння краін Балтыі ў савецкія рэспублікі. 

Балгарыя славіцца сваімі чырвонымі вінамі. Сярод якіххарактэрныя: з даліны Дуная гамза — трохі гаркавая; з Фракіі, поўдня краіны, маўруд — які высакародна лепшае з вытрымкай, а з даліны ракі Струма — чырвоны мелнік, віно з ноткамі тытуню, якое асабліва любіў Уінстан Чэрчыль. Shutterstock.com, by Ju1978.

Ваяваць на баку Адольфа Гітлера цар Барыс III таксама не жадаў. Але яму прапанавалі выгадны варыянт, ад якога было немагчыма адмовіцца: немцы самі перамогуць усіх і проста перададуць балгарам спрэчныя тэрыторыі.

Амаль 16-я рэспубліка

1 сакавіка 1941-га Балгарыя падтрымала Германію, а на наступны дзень на яе тэрыторыю ўвайшла 680-тысячная нямецкая армія. Адсюль яна атакавала Грэцыю і Югаславію, за што балгары атрымалі ўзнагароду. Тэрыторыя краіны павялічылася ў паўтара разу, а насельніцтва — на траціну. Праўда, ненадоўга: у 1944-м да балгарскай мяжы наблізіліся савецкія войскі. У ноч на 8 верасня ў краіне адбылося паўстанне, і часовы ўрад выступіў супраць Трэцяга рэйху. Склалася цікавая сітуацыя: да перамір’я з СССР Балгарыя намінальна ваявала і з ім, і з немцамі.

Ва ўрадзе думалі, што з’явіцца новы шанец абіраць паміж Захадам і Расіяй. Але саюзнікі падзялілі Балканы самастойна. Балгарыя адышла ў сферу ўплыву СССР, з усімі наступствамі пабудовы сацыялізму: расстрэламі ворагаў народа, кіданнем за краты палітычнай апазіцыі, калектывізацыяй і індустрыялізацыяй, жорсткай цэнзурай. Амаль копіямі савецкіх сталі новая канстытуцыя і законы. Толькі пасля прыходу да ўлады ў СССР Мікіты Хрушчова распачалася адліга. Мясцовага Сталіна Вылка Чарвенкава замянілі больш мяккім Тодарам Жыўкавым. У 1962 годзе ў краіне быў ліквідаваны апошні канцлагер.

Прасавецкія і празаходнія гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, якім быў уплыў СССР на балгарскую эканоміку. З аднаго боку, Савецкі Саюз забараніў балгарам удзельнічаць у амерыканскім «плане Маршала» па аднаўленні Еўропы. Гэты план дазволіў хутка аднавіцца пасля вайны Заходняй Германіі і іншым краінам Захаду, прытым яны захавалі рынкавую эканоміку і дэмакратычны лад. З другога боку, Масква давала Балгарыі крэдыты, дапамагла разбудаваць прамысловасць і ахвотна купляла мясцовыя тавары. Не менш за палову балгарскага гандлёвага абароту прыходзілася тады на СССР. Балгарскае кіраўніцтва разумела, што збегчы на Захад яму не дадуць, а таму трэба сябраваць з Усходам.

Двойчы — у 1963 і 1973 гадах — Жыўкаў прапаноўваў зрабіць Балгарыю 16-й рэспублікай СССР. Blitz.bg

Часам гэтае сяброўства прымала незвычайныя формы. Двойчы — у 1963 і 1973 гадах — Жыўкаў прапаноўваў зрабіць Балгарыю 16-й рэспублікай СССР. І двойчы гэта выклікала незадаволенасць яго таварышаў па партыі. Але сумесную міжурадавую камісію па супрацоўніцтве ўсё ж стварылі. Праз некалькі дзесяцігоддзяў Жыўкаў казаў, што проста хацеў атрымаць такім чынам ад СССР дадатковую фінансавую падтрымку. Калі гэта праўда, то тактыка спрацавала. Менавіта Сафію ў Маскве лічылі найлепшым саюзнікам у сацыялістычным лагеры. Балгары ніколі не спрабавалі з яго ўцячы, у адрозненне ад Венгрыі, ГДР, Польшчы і Чэхаславакіі. За гэта яны атрымлівалі найлепшыя ўмовы крэдытаў, а газ і нафту — са зніжкамі.

Часам удавалася падзарабіць і ў Еўропе. Напрыклад, падчас крызісу 1973-га краіна атрымала неблагія грошы праз рээкспарт савецкай нафты.

Пазней, калі Балгарыя павярнулася да Захаду, многім здавалася, што гэта адбылося раптоўна. Але кантакты з Еўропай пачаліся яшчэ ў 1956-м, калі была заключана першая гандлёвая дамова з ФРГ. Заходняя Германія хутка стала галоўным партнёрам краіны па-за межамі сацыялістычнага лагера. 

Зноў паміж Захадам і Расіяй

У сярэдзіне 80-х, калі Міхаіл Гарбачоў распачаў перабудову ў СССР, сваю версію перабудовы стаў праводзіць і Жыўкаў, хоць і прадчуваў, што для яго гэта скончыцца дрэнна. Так і адбылося: у лістападзе 1989-га састарэлага кіраўніка адправілі ў адстаўку. Краінай пачалі кіраваць ліберальныя палітыкі, хутка запрацавала і шматпартыйнасць. У чэрвені 1990-га прайшлі свабодныя выбары, на якіх перамаглі былыя камуністы — Балгарская сацыялістычная партыя. Іх апаненты з Саюза дэмакратычных сіл занялі другое месца, атрымаўшы права заняць пасаду прэзідэнта. Ім стаў антыкамуніст Жэлю Жэлеў. Ён прапанаваў як мага хутчэй вярнуцца ў заходнюю цывілізацыю, уступіць у Еўрасаюз і НАТО.

Але шлях туды не быў лёгкім. Рэформы ішлі марудна, бо ўрад баяўся скарачаць сацыяльныя гарантыі. Сітуацыя горшала, а ў 1996-м інфляцыя дасягнула 310 %, рэальныя даходы грамадзян зменшыліся на траціну. Толькі на пачатку XXI стагоддзя ўсё наладзілася. Гэтаму дапамаглі заходнія інвестыцыі і праграмы па падрыхтоўцы сучасных спецыялістаў. Галоўнымі партнёрамі былі немцы — даўнія саюзнікі балгараў.

Аднавіў урад і сувязі з Расіяй, якія ў 90-я абмяжоўваліся набыццём нафты і газу. У 1999-м у Балгарыю прыйшлі інвестыцыі з Масквы — кампанія «Лукойл» набыла камбінат «Нафтахім-Бургас». У 2006-м «Расатам» перамог у конкурсе на аднаўленне будаўніцтва АЭС «Белене», а праз два гады Сафія пагадзілася на правядзенне праз тэрыторыю Балгарыі газаправода «Паўднёвы паток». Здавалася, што распачынаецца новы раўнд барацьбы за Балгарыю. Але Расія яго прайграла. У 2004-м краіна ўвайшла ў НАТО, а праз тры гады стала сябрам Еўрасаюза.

Прэзідэнцкі палац у Сафіі. Shutterstock.com, by Takashi Images.

«Болгария уже заграница»

Балгарыю, праўда, вінавацілі ў тым, што яна з’яўляецца траянскім канём Расіі ў Еўропе. Палітыкам прыйшлося даказваць, што гэта не так.У 2014-м у адказ на анексію Крыма спынілася будаўніцтва «Паўднёвага патоку». Адмянілі і супрацоўніцтва па АЭС, хоць у канцы 2019-га быў аб’яўлены новы тэндар і «Расатам» у ім зноў удзельнічае.

Цяпер палітычныя і вайсковыя кантакты балгар са «старэйшым братам» спыненыя. Засталіся толькі эканамічныя: Расія займае другое месца ў балгарскім імпарце. У асноўным гэта газ, нафта і паліва. На краіны НАТО і Еўрасаюза прыходзіцца каля дзвюх трацін тавараабароту. Наўрад ці гэта зменіцца ў найбліжэйшыя часы, бо балгарская моладзь хоча жыць у Еўрасаюзе і ставіцца да Расіі горш, чым да Еўропы. 

Гэта разумее і расійская прэса, якая ўжо перарабіла старую прымаўку «Курица не птица, Болгария не заграница» на новы лад: «Курица не птица, Болгария уже заграница».

Андрэй Акушка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера