Знайсці
01.07.2020 / 12:203РусŁacБел

Барбара і Жыгімонт: фатальнае падзенне

Жыгімонт Аўгуст сабраў вялізнае багацце, зрабіў сталіцу элегантнай, але пры гэтым занядбаў «усходні вектар». Ён быў занадта «нармальным», занадта псіхічна ўраўнаважаным для свайго часу. А бяздзетнасць, воляю выпадку, пераважыла ўсё ў сухім астатку яго кіравання. 

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл былі аднагодкамі. І сёлета спаўняецца 500 год ад іх нараджэння. Яму — 1 жніўня, ёй — 6 снежня. Партрэт Барбары Радзівіл аўтарства Лукаса Кранаха Малодшага. 1553 год.

Жыгімонт ІІ Аўгуст, апошні Ягелон на віленскім стальцы, па першай асацыяцыі прыгадваецца ў сувязі з Барбарай Радзівіл. У ззянні самага славутага рамана ў гісторыі беларускага Рэнесансу блякнуць іншыя падзеі той эпохі. Мы часам не суадносім, што на перыяд кіравання куртуазнага Жыгімонта Аўгуста прыпадаюць і маштабная гаспадарчая рэформа, наступствы якой мы адчуваем дагэтуль, і кадыфікацыя права на нашых землях, і палітычная катастрофа Вялікага Княства Літоўскага.

Як Жыгімонт стаў Старым

Яго бацька меў мізэрныя шанцы ачоліць хоць якую дзяржаву. Ён быў толькі пятым сынам вялікага князя Казіміра Ягайлавіча. Старэйшыя браты пазаймалі троны ў Вільні, Кракаве, Празе і Будзе, а Жыгімонту варажыла сытае бесклапотнае жыццё. Каралевіч кіраваў другарадным княствам у Сілезіі, а кампанію яму складала Кацярына Цельнічанка — прывабная прасталюдзінка, якой ён зрабіў трох пазашлюбных дзяцей. Але ў 1506-м без пары памёр брат, вялікі князь літоўскі Аляксандр. Перад сконам ён выклікаў 43-гадовага Жыгімонта ў Вільню і перадаў яму справы. Следам і палякі прызналі яго каралём. Як кіраўнік дзяржавы, Жыгімонт мусіў ажаніцца з роўняй, а Кацярыну, далей ад граху, выдалі замуж за падскарбія.

Першая жонка, венгерка Барбара Запальяі, нарадзіла Жыгімонту дзвюх дачок і памерла. І хто ведае, як павярнулася б гісторыя, калі б кароль не пасватаўся да 24-гадовай міланскай прынцэсы Боны Сфорца.

Бона ў 1520-м нарадзіла яму сына. Адзін сын, ад каханкі, у Жыгімонта ўжо быў, і кароль дапамог свайму бастарду Яну ў дваццаць з нечым гадоў стаць віленскім біскупам. Але законны спадкаемец — іншая справа. Жыгімонт, а асабліва Бона, марылі пра стварэнне дынастыі: невыпадкова яна і сына, нібы рымскага імператара, назвала Аўгустам.

Да нараджэння спадкаемца была прымеркаваная спецыяльная піяр-акцыя: выпуск улётак з партрэтамі Жыгімонта Старога, Боны і малога Аўгуста. Улёткі выдаваліся з разлікам на доўгае выкарыстанне, таму Аўгуст, якому тады быў усяго год, мае выгляд 10-гадовага. Фота: Ciekawostkihistorycznie.pl

Але ў іх дзяржаве караля выбіралі магнаты. Каб падстрахавацца і забяспечыць пераемнасць улады ад бацькі да сына, Жыгімонт І з падачы Боны яшчэ пры жыцці дамогся прызнання 9-гадовага Аўгуста вялікім князем літоўскім, а праз год — і польскім каралём. Кіраваць да паўналецця сына застаўся сам. Менавіта за гэта, а не за розніцу ў веку з Бонай Жыгімонт І і атрымаў мянушку Стары.

Выхаваны бабамі ды італьянцамі 

Пакуль муж быў заняты войнамі і соймамі, Бона ляпіла з сына ідэальнага ўладара. Жыгімонт Аўгуст рос у рэнесансавай атмасферы. Яго настаўнікам быў сіцыліец. Бона падбала, каб сын у маленстве вывучыў лаціну і нямецкую, сама гаварыла з ім па-італьянску. Жыгімонт Аўгуст добра ведаў класічную літаратуру, разбіраўся ў мастацтве, ён збярэ за жыццё выдатную бібліятэку і калекцыю карцін. 

Да асвоеных Жыгімонтам моваў можна дадаць польскую і беларускую. Апошнюю ён мог чуць ад таварышаў па гульнях — сіротаў Яна Радзівіла Барадатага, якія выхоўваліся пры каралеўскім двары ў Кракаве. Адзін з іх — Мікалай Радзівіл Чорны — застаўся сябрам караля на ўсё жыццё.

Увага Боны да сына яшчэ ўзмацнілася пасля таго, як яна страціла магчымасць мець дзяцей. 

Той выпадак добра характарызуе Бону. У 1527-м цяжарная каралева ўзяла ўдзел у паляванні на мядзведзя, прывезенага пад Кракаў з літоўскай пушчы. Звер зароў — конь спудзіўся і панёс. Бона ўпала, адбыліся заўчасныя роды. Пяцімесячнага хлопчыка назвалі Альбрыхтам, але ён не выжыў.

Бона Сфорца была чалавекам выключнага інтэлекту і цяжкага характару, халерычнага тэмпераменту. У маладосці сын быў для яе ўсім. Калі ён выйшаў з-пад яе тыранічнага ўплыву, яна зразумела, што ніколі ўжо не здолее з ім паразумецца, і ў 1556 годзе выехала ў Італію. Там яе атруцяць на замову Габсбургаў, якім яна пазычыла агромністыя грошы, — каб тыя грошы не аддаваць. На партрэце Лукаса Кранаха: пасля 1548 года.

Бона неахвотна адпускала Жыгімонта Аўгуста ад сябе, нават калі ён падрос. Так, яна не пусціла 18-гадовага сына на вайну з малдаванамі, учыніўшы скандал мужу. Жыгімонт Стары вымушаны быў змірыцца — малады каралевіч абмежаваўся аглядам войска пад Львовам і «трыумфальна» вярнуўся ў Кракаў.

«Наш малады кароль выхаваны бабамі ды італьянцамі», — наракаў кракаўскі канонік на адсутнасць у Жыгімонта Аўгуста вайсковай падрыхтоўкі. Забраць каралевіча ад Боны і даць яму вартых настаўнікаў — такое было адно з патрабаванняў шляхты, бунт якой потым смешна быў названы «курынай вайной». Але жарты жартамі, а Жыгімонту Старому ледзь удалося замірыць 150-тысячную гурму, што паела ўсіх курэй у ваколіцах Львова.

Хоць рыцарскія забавы каралевіч Аўгуст любіў: падчас турніру з нагоды вяселля Іллі Астрожскага, сына славутага палкаводца Канстанціна Астрожскага, ён кап’ём скінуў з каня маладога, і той пасля не пражыў і года.

Але гіперапека Боны з гадамі нарадзіла адпрэчанне і ўзаемную нянавісць.

Канфлікт пачаўся з асабістага. Бона загадала выслаць з краіны сваю прыдворную даму Дыяну дзі Кардонэ, каханку маладога каралевіча. Казалі, што Бона некалі сама іх і пазнаёміла, каб прывязаць сына да Кракава. 38-гадовая Дыяна адкрыла 17-гадоваму Жыгімонту Аўгусту таямніцы кахання, а заадно, казалі, заразіла венерычнай хваробай.

Няшчасная Альжбета 

Да таго ж Жыгімонт Аўгуст мусіў хутка ажаніцца. За жонку яму яшчэ з маленства была вызначаная Альжбета Габсбург. Шлюб быў пакліканы замацаваць саюз дзвюх манаршых дамоў.

Каранацыйны абутак Жыгімонта Аўгуста. Захоўваецца ў Каралеўскім замку на Вавелі (Кракаў). Падэшва абутку такая тоўстая, каб 9-гадовы хлопчык падаваўся вышэйшым. Фота: Encyklopedia Staropolska podług autorów różnych.

Яны ўпершыню пабачыліся за дзень да вяселля, у маі 1543-га. 22-гадовы Жыгімонт Аўгуст сустракаў 16-гадовую маладую каля брамы Кракава на гнядым жарабцы ў серабрыстым нямецкім строі. Альжбета была ўбраная ў залацістую сукню. Яе карэту цягнуў васьмярык сівых коней у пурпуровых аксамітных папонах. 

Вяселле было, паводле сучаснікаў, самым раскошным, незвычайным і вясёлым, якое толькі бачыў Кракаў. Здзівілі ўсіх Радзівілы: прывезлі ў свіце шэсць мурынаў. Шляхта за чаркай разважала, кім яны ёсць: малпамі ці homines.

У дзень прыезду Альжбеты да паўдня стаяла пагода, а пасля зарадзіў дождж, густы і дакучлівы. І ішоў цэлы тыдзень. Гэта палічылі дрэнным знакам.

Альжбета гадавалася ў вялікай сям’і імператара Святой Рымскай імперыі Фердынанда І. Дзяцей Габсбургі любілі, але выхоўвалі строга. Каб не прывучыць да «надмернай раскошы», маці часам трымала Альжбету і яе сёстраў літаральна на хлебе і вадзе. Можа быць, тыя «дыеты» ў часе росту арганізма і выклікалі эпілепсію, пра якую кракаўскі двор даведаўся ўжо пасля шлюбу.

Казалі, што прыпадак здарыўся з Альжбетай проста на шлюбным ложку, і гэта адвярнула ад яе мужа. А Бона не любіла нявестку з-за сваёй старой варажнечы з Габсбургамі. Адзіны ў сям’і, хто ставіўся да няшчаснай Альжбеты прыязна, быў Жыгімонт Стары.

Першая і другая жонкі, Альжбета Габсбург і Барбара Радзівіл, на адным партрэце. Нацыянальны музей у Кракаве.

Праз два месяцы пасля вяселля ў Кракаве пачаўся чумны мор. Ратуючыся ад «чорнай смерці», якая забірала 70 чалавек штодня, Жыгімонт Аўгуст выехаў у Вільню. З ім рушыла «залатая» арыстакратычная моладзь, а вось жонку каралевіч не ўзяў. Затое за яго поездам, пісалі сучаснікі, таемна былі выпраўленыя кабеты пэўных заняткаў.

Альжбета ж са свёкрам і свякрухай схавалася ад хваробы ў загараднай рэзідэнцыі. З мужам яны пабачыліся толькі праз год.

Гаспадыня вымарачнага замка 

Магчыма, у часе таго побыту ў ВКЛ Жыгімонт Аўгуст і пазнаёміўся з Барбарай Радзівіл, удавой па Станіславе Гаштольдзе. Барбара прыходзілася стрыечнай сястрой Мікалаю Радзівілу Чорнаму, сябру Жыгімонта Аўгуста, а яе бацькам быў славуты гетман Юры Радзівіл, «літоўскі Геркулес» (пра яго ў № 5/2019 «Нашай гісторыі» быў артыкул Андрэя Шпунта). 

Шлюб Гаштольда з Радзівілаўнай мусіў злучыць дзве наймагутнейшыя магнацкія фаміліі ў ВКЛ, але Станіслаў неўзабаве памёр, а дзяцей яны з Барбарай не мелі. Згодна з тагачаснымі законамі, пасля смерці апошняга нашчадка мужчынскага полу маёмасць роду адыходзіла вялікаму князю. Барбара хацела захаваць маёнткі. Яна пісала пра гэта да Боны, і тая параіла сыну разабрацца на месцы. Магчыма, не раз пасля маці наракала на сябе, што паслала сына да звабніцы.

З Барбарай Жыгімонт Аўгуст мог пазнаёміцца ў Геранёнах, у замку Гаштольдаў. Або ў Вільні, куды Барбара неўзабаве вярнулася ў матчын дом.

Але няма сведчанняў, што Жыгімонт Аўгуст закруціў з ёй раман пры жывой жонцы. Тым больш што ў 1544-м ён прывёз Альжбету ў Вільню.

Італьянская Вільня 

Сталіца Вялікага Княства падабалася Аўгусту больш за Кракаў. Ён завяршыў будаўніцтва Палаца вялікіх князёў, заклаў бібліятэку, карцінную галерэю, калекцыю габеленаў, тэатр, насадзіў сады ўздоўж Вяллі. Пры ім цэнтр Вільні, забудаваны двух- і трохпавярховымі цаглянымі дамамі, пачынае нагадваць італьянскія гарады. Тут ладзіліся шкалярскія дыспуты, літаратурныя чытанні, маскарады і фестывалі.

Лукас Кранах Малодшы. Жыгімонт Аўгуст. 1553 год.

Барбара, жанчына з найбагацейшага роду ВКЛ, безумоўна, бывала на раскошных балях, якія ў той год грымелі ў велікакняскім палацы. Утрыманне двара Жыгімонта Аўгуста каштавала 1000 флорынаў у тыдзень — хапаліся за галаву сучаснікі. На кухні штодня рэзалі вала і 18 кароў, ставілі па трыццаць бочак піва і мёду, незлічона ішло на сталы салеры, рэпы, капусты, цыбулі-парэю і аўса. Так што велікакняскае меню, каб не алкаголь, можна было б назваць дыетычным. 

Таксама пры Жыгімонце Аўгусце з’явілася мода на салодкае: яго кухары падавалі на сталы «канфекты», цукровы хлеб, смажаны імбір, міндаль.

Непрацяглая жалоба 

Нягледзячы на забавы і ўвагу мужа, здароўе Альжбеты не лепшала, прыпадкі рабіліся ўсё часцейшыя. Яе эпілепсію спрабавалі лячыць рознымі спосабамі, кшталту прыкладання каранацыйнага пярсцёнка англійскага караля Эдуарда.

Урэшце ў чэрвені 1545-га Альжбета, перажыўшы 15 прыступаў за дзень, сканала. Ёй было 18. Мужа побач не было: ён ад’ехаў у Кракаў, куды бацька Альжбеты якраз даслаў 100 000 дукатаў пасагу. Жыгімонт Аўгуст асцерагаўся, каб на іх не наклала руку Бона.

Труну Альжбеты ў наш час адшукалі ў падвалах віленскай Катэдры, яе можна пабачыць побач з трунамі караля Аляксандра Ягелончыка і наступніцы Альжбеты — каралевы Барбары Радзівіл.

На яе Жыгімонт Аўгуст звярнуў увагу пасля непрацяглай жалобы. У легендах згадваецца падземны ход з віленскага велікакняскага палаца ў дом Радзівілаў, па якім Жыгімонт Аўгуст хадзіў на спатканні з Барбарай. Насамрэч, былі малазаўважныя вароты ў радзівілаўскі сад, дзе закаханыя сустракаліся. Бо Жыгімонт Аўгуст урачыста паабяцаў братам Барбары, Мікалаям Чорнаму і Рудому, «дома ў іх не бываць і іх не ганьбіць» такім вольным стаўленнем да сястры.

Жалезная воля Аўгуста 

Чуткі пра мезальянс хутка дайшлі да Кракава. Маці была ў шаленстве. Нешматслоўны бацька-кароль сказаў: «Не павінна такога быць». Але сын, насуперак волі бацькоў і, магчыма, пры лёгкім падштурхоўванні ў спіну з боку братоў Радзівілаў, абвянчаўся з Барбарай. І мала таго, што ажаніўся, — Жыгімонт зрабіў сваю Барбару каралевай. 

Згодна з легендай, з Барбары пісаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Час яго стварэння супадае з часам яе жыцця. Фота: Novyiydzien.pl

Тут мяккі, выхаваны гуманістамі чалавек паказаў жалезную волю. Калі Жыгімонт Аўгуст абвясціў перад польскім соймам, што ён жанаты, усчаўся гвалт. 

З польскага дзяржаўнага пункту гледжання гэта была катастрофа. Замест таго, каб здабыць сваім шлюбам выгадны замежнапалітычны саюз, кароль узвышаў адзін з магнацкіх родаў ВКЛ — магутных сепаратыстаў, якія стаялі за палітычную незалежнасць і рэлігійную свабоду. 

Тады Жыгімонт Аўгуст сарваў сойм і паехаў у Вільню, каб жыць з Барбарай адкрыта. 

Тым часам Барбара — магчыма, цяжарная — чакала вырашэння свайго няпэўнага статусу ў маёнтку Радзівіла Рудога ў Дубінках (цяпер Дубіняй у Літве). Адзін раз, калі Руды, Барбара і лекар Давойна сядзелі ў яе пакоі, пад імі раптам абсунулася ў сутарэнні падлога. Яны цудам засталіся жывыя. Жыгімонт бачыў у гэтым замах. Здарэнне навярнула Барбару да рэлігіі: яна пачала насіць строгія сукенкі, спявала ў касцёле, раздавала міласціну. Дзіця ёй захаваць не ўдалося.

У Кракаве ж разгортвалася інфармацыйная кампанія супраць Барбары, пашыраліся «лятучыя лісткі» з абвінавачаннямі і сатырай. Пісалі, што яна мела 38 каханкаў, што яна чаруе. Супраціўлялася каранацыі і Бона — асабліва пасля смерці мужа. 

На восеньскім сойме рыцарства кінулася перад новым каралём на калені. «З раздратаванымі сэрцамі, слёзнымі вачамі» прасілі пакінуць «прыкры шлюб». Кароль зняў шапку на знак павагі, але не саступіў. «Што сталася, тое адстацца не можа… Прысягнуў жонцы і ад яе не адступлюся, пакуль мяне Пан Бог на свеце захавае… Мне гэтая вера мілейшая за ўсе каралеўствы свету», — сказаў ён.

І сойм саступіў. 

На каранацыю ў Кракаў Барбара ехала ўжо моцна хворая. Жыгімонт Аўгуст загадаў разбурыць вузкую браму Кракава, праз якую не магла прайсці спецыяльная карэта, у якой жонка магла падарожнічаць лежачы.

З апісанняў апошняга перыяду іх жыцця можна меркаваць, што адносіны ў пары былі гарманічныя. Барбара часам капрызіла, але ў глабальных рэчах была мудрай, разумеючы, што муж не вынес бы каля сябе другой пасля маці валявой жанчыны.

Пасля смерці Барбары яе каштоўнасці і сукенкі захоўваліся ў Тыкоцінскім замку. Згодна з запаветам Жыгімонта Аўгуста, тыя ўборы мусілі адысці яго сястры Ганне. Але за дваццаць год ад іх мала што засталося: сукенкі складалі ў падвалах, і там іх паелі пацукі.

Перлы ж Барбары зніклі пасля смерці Жыгімонта Аўгуста і знайшліся ў ХХ стагоддзі. Куратар Брытанскага музея ў Лондане адшукаў лісты англійскай каралевы Лізаветы I, якая даручыла сваім агентам у Польшчы купіць для яе перлы Барбары. 

Лізавета І з перламі на шыі. 1592 год. Гэта і былі перлы Барбары Радзівіл? Openmag.it

Лізавета І не мела нашчадкаў, пасля яе кіравалі каталікі Сцюарты, скінутыя рэвалюцыяй 1688 года. Потым брытанскі трон дастаўся далёкім сваякам — курфюрстам нямецкага княства Гановер. Персанальная унія Вялікабрытаніі і Гановера цягнулася, пакуль іх род па мужчынскай лініі не выгас і каралевай не стала Вікторыя. У Гановеры яе не прызналі, улада там перайшла да яе сваяка Георга V. У выніку падзелаў спадчыны перлы Барбары з брытанскай каралеўскай казны трапілі ў Гановер. 

Прынц Альберт, муж Вікторыі, казаў, што гэта найкаштоўнейшыя перлы Еўропы, і ацэньваў іх у 150 000 фунтаў стэрлінгаў. Вікторыя спрабавала адсудзіць іх, але без поспеху. Апошні раз перлы бачылі ў 1900 годзе, калі праўнучка Георга V Марыя Луіза выходзіла замуж за нямецкага прынца і апошняга канцлера Германскай імперыі Максімільяна Бадэнскага. У перлах выйшла ўдава Георга, Марыя Саксен-Альтэнбургская. Яны спадалі з яе шыі доўгімі ніткамі амаль да каленяў. Нашчадкі Гановерскай дынастыі жывуць і сёння. Можна меркаваць, што перлы Барбары ў іх.

Мільянер у трох пакоях 

Жыгімонт Аўгуст, хоць і вырас у раскошы, жыў даволі сціпла. У Вільні ён займаў у палацы вялікіх князёў тры пакоі і меў усяго пару слугаў. Але разам з тым быў адным з найбагацейшых уладароў Еўропы. 

Папскі нунцый успамінаў, як кароль павёў яго ў спецыяльны пакой, паказаў 16 цяжкіх скрыняў з каштоўнымі камянямі ды ўпрыгожаннямі і наракаў, што баіцца, каб падданыя не даведаліся, на што ён выдаткоўвае аграмадныя сумы. Яго «калекцыя» ацэньвалася ў мільён залатых скуда (так называлася грашовая адзінка Міланскага герцагства).

Другім захапленнем караля былі высакародныя коні. Ён трымаў у Вялікім Княстве табун у дзве тысячы галоў. Быў у яго і звярынец (аднайменная назва часткі Вільні — яшчэ з тае пары). У звярынцы жылі леў, пяць мядзведзяў і дзесяць вярблюдаў. А на выспачцы на Вяллі Жыгімонт Аўгуст завёў для Барбары свойскіх лебедзяў.

Барбара Радзівіл ва ўборах з перламі. Wikimedia Commons.

Валочная памера 

Велікакняскія прыбыткі выраслі дзякуючы Боне і яе рэвалюцыйнай рэформе гаспадаркі ВКЛ, з якой па маштабах можна параўнаць хіба толькі калектывізацыю ХХ стагоддзя. Было і яшчэ адно падабенства: і прагрэсіўная на свой час валочная памера, і калектывізацыя, якая адкінула беларускіх сялян у феадалізм, рабіліся, каб выпампаваць з вёскі сродкі.

Бона ва ўсім любіла парадак і, як сапраўдная паўночная італьянка, умела лічыць грошы. Стаўшы жонкай вялікага князя, яна звярнула ўвагу на нядбалае выкарыстанне дзяржаўных земляў у ВКЛ. Частку іх самавольна пазаймалі магнаты, з іншых падаткі збіраліся абы-як, цэлыя абшары былі проста няўлічаныя і неападаткаваныя. 

Палеткі ляжалі ў кавалках розных памераў і формаў. Каб хоць неяк мераць іх і вылічваць падаткі, лічылі плошчу па аб’ёме высяванага ў «бочках», па колькасці сабранага сена ў «вазах», па колькасці часу, неабходнага на апрацоўку раллі ў «маргах».

У многіх месцах сяляне, на аснове звычаёвага права, яшчэ маглі прадаваць і аддаваць у заклад зямлю. У Падняпроўі захоўвалася старажытная абшчынная сістэма: вёска сама выбірала «старцаў»-старэйшынаў, грамадзе належалі землі агульнага карыстання, падатак з вёскі старцы самі адвозілі ў дзяржаўны скарб. 

Пра ўпарадкаванне яшчэ раней задумваліся Радзівілы і Віленскае біскупства. Бона надала гэтаму працэсу сістэмнасць, а Жыгімонт Аўгуст — агульнадзяржаўны размах.

Замест разрозненых кавалкаў кожная сялянская сям’я атрымлівала дакладна вымераны прастакутны ўчастак, падзелены на тры палі, за які плаціла вызначаны падатак і адпрацоўвала пэўную колькасць дзён паншчыны. З раскіданых абы-як сялібаў фарміраваліся вёскі. Замест даўнейшых «двароў», арыентаваных на самазабеспячэнне, масава паўставалі фальваркі — маёнткі, створаныя для вытворчасць сельгаспрадукцыі на продаж. На замежным рынку рос попыт на хлеб: у Заходняй Еўропе на 1500 год жыло 90,7 млн чалавек, а за 50 гадоў Францыя, Іспанія і Італія дадалі па 1,5 млн, імкліва павялічваліся гарады ў Нідэрландах.

Ліст з малітоўніка Боны Сфорца. Унізе вы бачыце гербы Вялікага Княства («Пагоня») і роду Сфорца (змяя ў кароне). З фондаў Каралеўскага замка ў Варшаве. 

Запрыгоньванне дало эканамічны эфект. Сялянскае самакіраванне было ліквідаванае. «Гэта рэч наша, гаспадарская, а не ваша, халопская», — пісалася ў каралеўскай грамаце сялянам Чачэрскай і Прапойскай валасцей, якія хацелі па-ранейшаму самі выбіраць «старцаў» і вызначаць аб’ёмы ўласных падаткаў. 

Водгулле той валочнай памеры 1550-х мы адчуваем і сёння. Добрая палова беларускіх вёсак узнікла і была названая менавіта тады. Усе Вуглы, Маргі, Засценкі памятаюць велікакняскіх землямераў. Нават планіроўка — хаты на адзін бок вуліцы, гаспадарчыя пабудовы на другі — дажыла да ХХ стагоддзя.

У чорным 

Магчыма, кароль так сумаваў па Барбары, што ўсе 26 наступных гадоў свайго жыцця ўбіраўся ў чорнае. А мо яму, шчупламу смугляваму брунету з аліўкавага адцення скурай і вільготнымі чорнымі вачыма, проста пасавала: на чорным уборы добра глядзелася дарагое каменне і золата. На святочныя выпадкі ў яго быў чорны плашч, падбіты вавёрчыным футрам, і сабаліная шапка. 

Афіцыйна ж Жыгімонт Аўгуст зняў жалобу яшчэ ў 1552-м, напярэдадні трэцяга шлюбу. Абранніцай стала Кацярына Габсбург, родная сястра першай жонкі. Справа была не ў нейкай асаблівай прыхільнасці да сям’і імператара Фердынанда І. Стаяла задача разбурыць хаўрус Габсбургаў з маскоўскім царом Іванам IV, які пагражаў знішчэннем ВКЛ і Польскаму каралеўству.

Бо, нягледзячы на шалёнае асабістае багацце Жыгімонта Аўгуста, на яго асобныя замежнапалітычныя поспехі, ніколі Вялікае Княства Літоўскае не было ў такім цяжкім палітычным становішчы. Узяўшы пад апеку Інфлянты, Жыгімонт Аўгуст увязаўся ў Лівонскую вайну за іх з Масковіяй. У 1563-м Іван IV захапіў Полацк. Жыгімонт Аўгуст сабраў войска, але з-за нерашучасці поспеху не дабіўся. Тое ж паўтарылася і налета. Магнаты ўсё гучней прасілі вайсковай помачы ад Польшчы. Палякі патрабавалі за гэта аб’яднання ў адну дзяржаву. Запярэчыць не было каму: магутны і мудры Мікалай Радзівіл Чорны на той час ужо не жыў. У 1569-м на сойме ў Любліне была створаная Рэч Паспалітая (пра закуліссе гэтага працэсу ў № 6/2019 «Нашай гісторыі» пісаў Уладзімір Падалінскі). Але пераламаць ход Лівонскай вайны «Кароль Заўтра», як называлі Жыгімонта Аўгуста за звычку вечна адкладаць пільныя справы, не здолеў. Гэта ўдасца толькі яго наступніку — Стэфану Баторыю.

Пасля Люблінскай уніі кароль перастаў прыязджаць у Вільню. Саромеўся?

Жыгімонт Аўгуст верыў, што Барбару, як і першую яго жонку, атруціла Бона. Але, мяркуючы па апісанні хваробы, у Барбары быў рак. Яе апошняе жаданне перад смерцю было, каб пахавалі ў Вільні. Пахавальны картэж ехаў з Кракава месяц. Каб захаваць цела, яго засыпалі ў труне попелам і вапнай. Дзякуючы гэтаму парэшткі каралевы добра захаваліся: у падвалах віленскай Катэдры вапна сцэментавалася ад вільгаці. Труну адшукалі ў 1930-я. Wikimedia Commons.

Жонка-шпіёнка 

Яго трэці шлюб таксама скончыўся нешчасліва. Хутка высветлілася, што невысокая мажная Кацярына, як і яе сястра Альжбета, хворая на эпілепсію. І прыехала ў Кракаў як шпіёнка свайго бацькі. Спадкаемца яна нарадзіць таксама не здолела, хоць пэўны час і прыкідвалася, што цяжарная.

Хлусня жонкі пра цяжарнасць была адной з прычынаў, па якой Жыгімонт Аўгуст дабіваўся разводу з ёй. Калі іх адносіны разладзіліся, Кацярына выехала ў Вільню і дзесяць год жыла там, блізка сышоўшыся з сёстрамі караля. Папа разводу Жыгімонту Аўгусту не даваў. Кароль нават думаў перайсці ў пратэстанцтва, як гэта зрабіў яго англійскі калега Генрых VIII. Той дзеля разводу з Кацярынай Арагонскай не пабаяўся разарваць адносіны з Рымам, паклаўшы пачатак асобнай англіканскай царкве, якую сам і ўзначаліў.

Хто ведае: калі б Жыгімонт Аўгуст быў больш рашучы, мо Беларусь была б цяпер пратэстанцкай? Да стварэння асобнай царквы ў Польскім каралеўстве схілялі яго некаторыя радцы. І сам ён з сімпатыяй ставіўся да пратэстантаў, сябруючы з кальвіністамі Радзівіламі. З іх падачы кароль сваімі прывілеямі зраўняў у правах шляхту і магнатаў усіх веравызнанняў. Але рашучасці для такога кроку Жыгімонту не хапіла.

Урэшце Кацярына Габсбург вярнулася ў Аўстрыю ў 1565-м. Жыла спакойным жыццём, вырошчвала кветкі. Усе каштоўнасці, атрыманыя ад мужа, вярнула яго сёстрам.

Залатая скарбонка Ядвігі, сястры Жыгімонта Аўгуста, падораная ёй бацькам на вяселле. Са збораў Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбурзе.

Ад’езд Боны

Праз год пасля Кацярыны выехала на радзіму і каралева Бона. Яна так і не здолела змірыцца з пенсіянерскай роляй «каралевы-маці». Заганы гэтай разумнай, энергічнай і добра адукаванай жанчыны былі перабольшаныя пазнейшымі інтэрпрэтатарамі. Дзякуючы Боне ў ВКЛ прыйшоў Рэнесанс і прагрэс — ад архітэктуры да землеўпарадкавання і звычкі есці відэльцам. Пры ёй у Вільні з’явіўся водаправод, першы (Зялёны) мост цераз Вяллю, паперня і гута, людвісарня і два шпіталі.

Бона не забывала і сябе. Калі сын пазбавіў яе ўсёй нерухомасці, яна перад выездам наладавала 24 фуры рухомай маёмасцю. Вазы стаялі каля Кракаўскага замка, а Бона тым часам вяла перамовы з пасламі сойма, атрымліваючы дазвол на выезд. Хабараў не шкадавала. «Боначка, што вывезла золата бочачку», — называлі яе пасля.

Бона прагадала. У Італіі, дзе яна, 62-гадовая, стала віцэ-каралевай Неапаля, яе атруціў уласны прыспешнік. Старая каралева яшчэ мучылася ў агоніі, а ён ужо выграбаў яе дабро. Каб не атрута, мо яна і вярнулася б да сына. Іх узаемныя прэтэнзіі — Жыгімонт Аўгуст казаў, што яна труціла яго жонак, Бона адказвала, што ён не дбае пра сваіх сясцёр, — пад канец жыцця прыгаслі.

Герб дома Сфорца. Old.ldm.lt

Апошні шанец

Жыгімонт Аўгуст ненадоўга перажыў яе. Пасля 50-ці яго даймалі сухоты і каменне ў нырках. Раны ад падагры на нагах не давалі стаяць. А жаданне мець спадкаемца, як у згаданага Генрыха VIII, ператварылася ў ідэю фікс. Кароль казаў, што гатовы ажаніцца з дзеўкай найніжэйшага стану, абы нарадзіла яму сына.

Тут і з’явілася побач Барбара Гіжанка, выкрадзеная з кляштара канфідэнтам караля, чэхам Мікалаем Мнішам. У кляштар дачку замкнулі бацькі, не даючы рады свавольніцы.

У старога караля адно імя «Барбара» выклікала ўзбуджэнне. Ён нават ладзіў спірытычныя сеансы, спрабуючы выклікаць дух сваёй другой жонкі. А Гіжанка і з твару была трохі падобная да Барбары Радзівіл.

Яна нарадзіла каралю дачку — таксама Барбару, хоць атачэнне і не верыла, што Жыгімонт Аўгуст яе бацька. Але кароль быў на сёмым небе. Ён збіраўся ажаніцца і ўзаконіць дачку. Хто ведае, можа, Рэч Паспалітая мела б пасля сваю каралеву Барбару І. Але збыцца гэтаму ўжо не было суджана: Жыгімонт Аўгуст памёр 7 ліпеня 1572-га ў Кнышыне, дзе хаваўся ад чарговай эпідэміі з усімі сваімі скарбамі.

Цікава, што сваім тастаментам ён адпісаў сваю зброю, габелены і гарматы Рэчы Паспалітай: ранейшыя каралі не лічылі, што вінныя штосьці дзяржаве.

А маці сваёй дачкі апошні Ягелон пакінуў скрынку з каштоўнасцямі, якую з цяжкасцю маглі б падняць шэсць мужчын. Але ці атрымала што Барбара — невядома. Бо як толькі кароль сканаў, чэлядзь кінулася раскрадаць каралеўскае дабро. Асабліва завіхаліся яго канфідэнты — браты Мнішы. Каштоўнасці вывозілі куфрамі, выносілі мяхамі. 

Забралі нават адзежу караля. Калі цела Жыгімонта Аўгуста знайшлі, ён ляжаў голы. Так скончыў жыццё найбагацейшы ў Еўропе манарх.

Апошні з Ягелонаў

На ім перарвалася дынастыя Ягелонаў, і шляхта скарысталася гэтым для далейшага ўмацавання сваёй ролі ў дзяржаве. У выніку з Рэччу Паспалітай будзе тое, што будзе. 

Жыгімонт Аўгуст зазнаў перадавыя ўплывы еўрапейскага Рэнесансу, але пры гэтым занядбаў «усходні вектар», не падрыхтаваў Вялікае Княства Літоўскае да супрацьстаяння з новай еўразійскай сілай — Маскоўскай дзяржавай. 

Дый Жыгімонт не любіў ваяваць, любіў дыпламатычныя інтрыгі.

Ён быў занадта «нармальным» для свайго часу — магчыма, таму, што гадаваўся ў спакоі і дабрабыце і ў 10 гадоў быў абвешчаны каралём пад апекай уласнага любячага і мудрага бацькі. Нікому з тагачасных еўрапейскіх валадароў так не шанцавала. І зусім інакш ставіўся да жыцця істэрычны Іван IV Жахлівы, які ў 4 гады апынуўся сіратой на маскоўскім троне, у баярскім гадзючніку, безабаронны. (Больш пра Івана Жахлівага чытайце ў «Нашай гісторыі» № 4/2019.)

Не было ў Жыгімонта Аўгуста і зацятасці англійскага Генрыха VIII. Хоць наш кароль і вялікі князь таксама ўзважваў магчымасць устаць на Генрыхаў шлях і адарвацца ад Рыма.

І Генрых, і Іван пераламілі свае краіны, задаўшы ім кірунак развіцця на стагоддзі. Чаму не змог Жыгімонт Аўгуст? Былі і аб’ектыўныя рэаліі: эканамічны патэнцыял Польшчы і Вялікага Княства, сіла магнатаў, інерцыя традыцый, іграў ролю і склад характару. 

«Кароль Заўтра» не меў ні жадання, ні волі ўскладаць на сябе цяжар абсалютызму. Дый не было для каго старацца. Іншая справа — калі б быў нашчадак, якому можна было б перадаць багацці і ўладу. Калі б падлога пад Барбарай Радзівіл не правалілася? 

Андрэй Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера