Знайсці
30.01.2020 / 17:175РусŁacБел

«Шмат маіх сябровак марылі правільна выйсці замуж, каб не працаваць». Дар'я Жук расказала, як здымала серыял «Утрыманкі»

Беларуская рэжысёрка Дар'я Жук зняла другі сезон папулярнага расійскага серыяла «Утрыманкі». Ён расказвае пра тое, як дзяўчаты з правінцыі прызджаюць скараць Маскву і не грэбуюць дапамогай багатых «папікаў». «Наша Ніва» пагаварыла з рэжысёркай пра працу ў расійскай індустрыі, мару «выгадна выйсці замуж» і яе планы на беларускае кіно.

«Наша Ніна»: Упэўнена, пасля вашага фільма «Крышталь», які намінавалі на «Оскар», было шмат цікавых прапаноў. Чаму выбралі менавіта гэты серыял?

Дар'я Жук: У поўным метры ў мяне былі яркія жаночыя персанажы, і мне падалося, што ва «Утрыманках» таксама цэлая плеяда такіх герояў, якія мне цікавыя. Гэта ўнікальная глеба для даследаванняў. І хоць я ў сваім жыцці выбірала іншыя шляхі, у мяне шмат якія сяброўкі хварэлі на гэтую ідэю — як правільна выйсці замуж, каб не працаваць. Гэты выбар не папулярны ў астатнім свеце, сугучны толькі нашаму грамадству, таму хацелася глыбей зазірнуць у тэму.

«НН»: У адным інтэрв'ю вы называлі сябе феміністкай. Што феміністка ўнутры вас можа сказаць пра тое, якімі жанчыны паказваюцца ў серыяле?

ДЖ: Я не бачу нічога нефемінісцкага ў ім. Напрыклад, галоўная гераіня, следчы, якога грае Дар'я Мароз, разрываецца паміж дзвюма ролямі — яна сышла з працы, жыве з каханым чалавекам, але, магчыма, шкадуе, што кінула кар'еру.

Самае галоўнае для мяне, што гэты серыял праходзіць тэст Бекдэл (праверка на гендэрную перадузятасць — «НН»). Тут у гераінь ёсць імёны, і яны размаўляюць адна з адной не толькі пра мужчын. Калі яго аналізаваць з пункту гледжання феміністычнай тэорыі кіно, якую нам прапанавала Лаўра Малві ў 1970-я (яна пра тое, што ў фільмах транслюецца мужчынскі погляд — «НН»), то тут усё вельмі нават нядрэнна.

«НН»: Што вы хацелі прыўнесці ў новы сезон? Чым ён будзе адрознівацца?

ДЖ: Тут менш аб'ектыўнай камеры, больш суб'ектыўнай. Ты існуеш разам з героямі, бліжэй да іх падыходзіш. І мне здаецца, ёсць адчуванне эмпатыі, нягледзячы на ​​недасканаласць гэтых герояў. Хацелася яшчэ прыгледзецца да іх свету цяжкага люксу, наколькі гэта магчыма (смяецца).

Дар'я Жук (злева) на закрытай прэм'еры серыяла.

«НН»: Наколькі праца над фільмам адрозніваецца ад працы над серыялам?

ДЖ: Серыяльная праца — камандная. Ты не самы галоўны, не заўсёды за рэжысёрам апошняе слова. Але пры такой колькасці матэрыялу добра, што ў цябе ёсць каманда, якая добра яго ведае і дапамагае табе. Уявіце, я здымала раней адзін поўны метр, а цяпер мне трэба было зняць чатыры такія, але ўдвая хутчэй. Гэта, канечне, накладае адбітак. Такімі тэмпамі фізічна цяжка прапусціць праз сябе ўвесь матэрыял. У цябе доўгія працоўныя дні. Ты адначасова здымаеш, рыхтуешся, мантуеш.

«НН»: Якія ўвогуле ўражанні ад працы ў расейскай індустрыі кіно?

ДЖ: Усё робіцца вельмі хутка (усміхаецца). Тут людзі рызыкуюць больш, рызыкуюць вялікімі грашыма. Усе працуюць у экстрэмальных сітуацыях, і мне здаецца, што яны настолькі прывыклі да гэтага, што калі экстрэмальныя сітуацыі прыбраць, то, магчыма, у іх бы горш атрымлівалася.

«НН»: Беларускія акцёры, якія здымаюцца ў расійскіх серыялах, заўсёды кажуць, што гэта добрыя грошы для іх. А для рэжысёра гэта добрыя грошы?

ДЖ: Нядрэнныя. Вядома, не такія добрыя, як на Захадзе. Тут проста за кошт аб'ёму, колькасці серый, атрымліваецца нядрэнны заробак. Але паверце мне, укладанне здароўя каштуе гэтак жа дорага.

Вядома, праца на высокабюджэтным серыяле дасць мне магчымасць брацца за малабюджэтныя праекты. Напрыклад, зараз мару зняць кліп для беларускага гурта «Молчат дома».

«НН»: Ці не баіцеся, што вас будуць параўноўваць з рэжысёрам першага сезона Канстанцінам Багамолавым?

ДЖ: Гэта ж выдатна! Я думаю, што ўсе толькі і будуць рабіць, што параўноўваць. Гэта ж цікава, як адну і тую ж карціну напісалі два розныя мастакі. Дысертацыі толькі на гэтым, напэўна, і будуюцца.

«НН»: Самі любіце глядзець серыялы?

ДЖ: Так, канечне. Расійскія не паспявала паглядзець, таму што апошнім часам толькі і рабіла, што працавала. А так гляджу амерыканскія, еўрапейскія. Мне вельмі спадабаўся новы серыял Apple, які называецца «Ранішняе шоу», «Нашчадкі» ад НВО. Я вялікі фанат серыяла «Вялікая маленькая хлусня».

«НН»: А сачылі за тым, што адбываецца ў беларускай кінаіндустрыі? «Возера радасці», «II»?

ДЖ: Цудоўны фільм Улады Сяньковай. Я нават парэкамендавала Аліну Юхневіч (актрысу, якая грала там. — «НН») на праект, які здымаецца ў Расіі. Чакаю ад Улады новых работ.

«Возера радасці» — ну, гэта ж кароткі метр, гэта несур'ёзна (усміхаецца). Гэта ўсё вельмі міла, але… Паколькі фільмаў мала, нават невялікія працы становяцца важнымі для беларускай кінаіндустрыі, я гэта разумею. Але лічу, што рэжысёр без поўнага метра — не рэжысёр.

«НН»: Калі чакаць вашага вяртання з аўтарскім праектам? Што перашкаджае здымаць тут?

ДЖ: Мяне цікавяць гісторыі не толькі беларускія. Хоць я лічу, што гісторыя з Femen — вельмі нават беларуская таксама. Проста так здарылася, што Украіна больш адкрыта рызыкоўным, палітызаваным тэмам. Я б з задавальненнем часткова зняла пра Femen у Беларусі, проста баюся, што гэтага не дазволяць зрабіць. Хоць мяне хвалюе дружба і ўзаемаадносіны дзяўчат больш, чым іх палітычная дзейнасць.

Нават разглядаючы праекты ў Расіі, я заўсёды спрабую падтрымаць землякоў. Цяпер зацікавіў праект з прадзюсарам і сцэнарыстам з Беларусі, на галоўную ролю таксама падбіраем беларуску.

Спадзяюся, з'явіцца магчымасць рабіць і беларускія фільмы. Але пакуль наша сістэма фінансавання працуе так, што вельмі складана заявіць аўтарскі праект. Невядома, калі ў міністэрстве прыём заявак на фінансаванне, змяняюцца тэмы. Напрыклад, я вельмі чакаю фільм Дар'і Юркевіч, але незразумела, ці зможа яна нават падаць свой сцэнар на конкурс, таму што ўсё вельмі непрадказальна.

А калі шукаць незалежнае фінансаванне, то гэта павінен быць не аўтарскі праект, а хутчэй, больш камерцыйны, які зможа сабраць касу. Такая сітуацыя няпростая.

Гэта значыць, для таго, каб мне зрабіць беларускі фільм, у ідэале трэба, каб ён быў цікавы ўкраінцам ці расіянам.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера