Знайсці
15.06.2020 / 21:45РусŁacБел

Кніганошы: як кантрабанда ўзгадоўвала народы

Дзякуючы апавяданню Уладзіміра Караткевіча беларусам добра вядомае слова «кніганошы». Але не ўсе ведаюць, што ў Літве ім ставяць помнікі і называюць у іх гонар вуліцы. Піша гісторык Сяргей Астанковіч.

У 2004 годзе ЮНЕСКА прызнала нелегальны распаўсюд літоўскіх кніжак у ХІХ стагоддзі гістарычнай з’явай, якая не мае аналагаў у свеце. Гадавіна нараджэння «караля кніганошаў», заснавальніка сеткі нелегальнага распаўсюду літоўскай літаратуры Юргіса Бялініса (16 сакавіка 1846 года), адзначаецца ў Літве як Дзень кніганошы (Knygnešio diena).

Скульптура невядомага кніганошы ў Каўнасе аўтарства Ёзаса Зікараса.

А ў Каўнасе яшчэ з 1940 года стаіць помнік з пералікам імёнаў і прафесій: доктар, селянін, студэнт, кравец, рабочы… Ёсць сярод іх і жанчыны. Кранальна, што пра кожнага з сотні кніганошаў літоўцы стварылі асобны артыкул у «Вікіпедыі».

Помнік кніганошам у Каўнасе з пералікам імён і заняткаў паставілі ў 1940-м, а ў 1950-м савецкая ўлада яго знесла. Пасля атрымання незалежнасці літоўцы аднавілі памятныя дошкі перад музеем Вітаўта Вялікага.

«Ла-ба-де-на», або Русіфікацыя праз алфавіт

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады ўзялі цвёрды курс на русіфікацыю Беларусі і Літвы. Беларусам выдаваць кнігі лацінкай было забаронена яшчэ ў 1859 годзе, пасля паўстання дайшла чарга і да літоўцаў.

14 мая 1864 года сумнавядомы віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў пісаў у мемарандуме да цара: «Увесці ва ўсіх школах Жамойці навучанне жамойцкаму пісьму рускімі літарамі. Такія буквары ўжо друкуюцца». А ў 1872 годзе былі забароненыя і выданні, друкаваныя гатычным шрыфтам.

Гэтыя меры нібыта былі накіраваныя на абарону літоўцаў ад польскага ўплыву. Але насамрэч былі крокамі па асіміляцыі літоўцаў і рыхтавалі іх перавод у праваслаўе.

Пры гэтым у развіцці літоўскага друку кірыліцай расійскія ўлады не шчыравалі. За 40 гадоў было выдадзена ўсяго 55 такіх выданняў. Больш чым на тры чвэрці гэта былі лемантары, календары і рэлігійныя кнігі. Але і іх распаўсюджваць не надта ўдавалася. Літоўскія настаўнікі з Сувалкаўскай губерні скардзіліся, што іх вучні пякуць бліны ў печы, распаленай казённымі катэхізісамі і малітоўнікамі. Сяляне-літоўцы такія кнігі называлі «паліцэйскімі», а сваімі лічылі толькі друкаваныя лацінскімі літарамі.

Праблема — не надрукаваць, а даставіць

Забарона літоўскага друку ў Расійскай імперыі прывяла да таго, што патрэбныя выданні пачалі друкаваць у так званай Малой Літве — ва Усходняй Прусіі (а з 1871 года — Германіі). Тут, на мяжы з Расійскай імперыяй, таксама жылі літоўцы. Ініцыятарам было літоўскае каталіцкае духавенства на чале з жамойцкім біскупам Мацеюсам Валанчусам (у той час шырока ўжываліся славянізаваныя формы яго імя і прозвішча — Мацей Валанчэўскі).

Узнікла пытанне з дастаўкай.

З прускага боку мяжа ахоўвалася слаба, а вось на расійскім памежная варта размяшчалася ў дзве лініі.

У першай лініі салдат было так шмат, што яны маглі бачыць і чуць адзін аднаго. Памежнікам дапамагала спецыяльная акцызная варта, якая змагалася з кантрабандай алкаголю. З 1898 года пагранічнікі атрымалі дазвол страляць у парушальнікаў.

Пераносчыкі і распаўсюднікі

У мясцовых жыхароў было права перасякаць мяжу, паказаўшы спецыяльны білет. Вяртаючыся з Прусіі, яны маглі захапіць з сабой не толькі дазволеныя тавары, але і кніжкі. А неўзабаве з’явіліся і спецыяльныя людзі — тыя самыя кніганошы (па-літоўску knygnešiai). Пра іх небяспечную дзейнасць мог бы выйсці захапляльны трылер з прыгожым фіналам.

Прускія друкары прыносілі шчыльна ўпакаваныя цюкі, па два пуды (32 кг) кожны, у якую-небудзь прыгранічную карчму. Адтуль дужыя мужчыны з мясцовых пераносілі кнігі таемнымі сцежкамі праз першую лінію пагранічнага кантролю і хавалі ў загадзя нагледжаным месцы. З таго месца іх вывозіў ужо сам кніганоша, схаваўшы сярод дроў, у сене, у калёсах з падвойным дном… Былі выпадкі, калі для перахову кніг выкарыстоўвалася нават труна. Другая лінія памежнага кантролю праглядала сялян ужо не так уважліва.

Кнігі, перапраўленыя цераз мяжу, траплялі ў рукі кніганошаў-распаўсюднікаў. Гэта былі звычайныя людзі са сваім рамяством, сваім заняткам. Найлягчэй збыт літоўскіх кніг ішоў ля касцёлаў па нядзелях і святах. Пад выглядам «рэкламнага матэрыялу» гандляры маглі тут распаўсюджваць таксама брашуры і газеты, якія высылаліся з ЗША і Германіі на адрасы літоўцаў-інтэлігентаў, што жылі ў расійскай глыбінцы. Цэнзура там не была такая пільная, як у Літве.

Славуты кніганоша Вінцас Юшка.

Спачатку ў кантрабандзе пераважалі рэлігійныя выданні. Але з часам пачалі дамінаваць кнігі з прапагандай нацыянальнай ідэі. Для многіх кніганошаў кантрабанда кніг зрабілася не столькі заробкам, колькі ідэйнай працай.

Кантрабандная літоўскамоўная літаратура з Прусіі распаўсюджвалася таксама на Сувальшчыне (цяпер Польшча), у Рызе і Мітаве (цяперашняе Елгава ў Латвіі). Вядома нават пра кніганошу, які два разы наведаў літоўцаў Магілёўскай губерні.

А каб вучыць дзяцей чытаць па-літоўску, ствараліся нелегальныя школкі. Настаўнікаў у іх называлі дарэктарамі (літ. daraktoriai).

Цюкі з беларускімі кніжкамі

Урадавыя забароны тычыліся не толькі літоўцаў. Таму ў літоўскіх кніганошаў часта знаходзілі і польскія выданні, і беларускія кніжкі. У 1892 годзе ў прускім Тыльзіце (цяпер Савецк Калінінградскай вобласці) у літоўскай друкарні выйшлі некалькі беларускіх брашур, якія пасля, як сведчыў Вацлаў Ластоўскі, «былі перапраўлены нелегальнай дарогай цераз расійска-нямецкую граніцу і пазней перасланы паштовымі пасылкамі ў Менск».

Найбольш вядомая — «Дзядзька Антон», пераклад польскай брашуры «Ojciec Szymon», якая ў сваю чаргу з’яўляецца перапрацоўкай расійскай брашуры «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на фабрыках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе становішча сялян, асвету, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзяржаўны апарат, армію. Брашура заканчваецца крамольным заклікам: «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!».

Адразу пасля друку яго наклад быў канфіскаваны нямецкай паліцыяй, але пазней вернуты. З таго часу невялікія пасылкі з «Дзядзькам Антонам» перасылаліся цераз мяжу на працягу гадоў. Паводле справаздачы Польскай сацыялістычнай партыі, яшчэ ў 1895 годзе праз пераходны пункт каля Таўрогаў (цяперашняе Таўраге) ля прускай мяжы былі перапраўленыя 332 асобнікі нейкіх беларускіх выданняў. Відаць, гэта і быў «Дзядзька Антон».

Расійскія сацыял-дэмакраты таксама лічылі, што грэх не скарыстацца такім надзейным каналам паставак. Напрыклад, Фелікс Дзяржынскі, працуючы ў 1897 годзе ў Коўне на металазаводзе братоў Тыльмансаў, даваў рабочым-літоўцам чытаць «выданні на жмудска-літоўскай мове». А Максім Літвінаў, у 1930-я наркам замежных спраў СССР, у царскія часы займаўся дастаўкай у Расію ленінскай газеты «Іскра», якая друкавалася ў Еўропе. Паводле ўспамінаў Літвінава, ён карыстаўся дапамогай літоўскіх сялян, прытым апошнія дапамагалі не столькі з-за ўзнагароджання, колькі з-за нянавісці да ўладаў. «Яны былі ў працы сумленныя і ні разу не здаралася, каб здрадзілі».

Прызнанне паражэння

Моцны і масавы супраціў пазбавіў эфектыўнасці ўрадавую забарону на літоўскі друк лацінкай. Тым не менш забарона пратрымалася аж да пачатку ХХ стагоддзя. 24 красавіка (7 мая) 1904 года Мікалай ІІ зацвердзіў пастанову Савета Міністраў: «Адмяніць усе рашэнні і пастановы ўрада, што датычацца літоўскага і жамойцкага пісьма, і дазволіць выкарыстоўваць у гэтых выданнях, акрамя рускага, таксама лацінскі ці іншы шрыфт».

У тым жа годзе імператар выдаў маніфест, згодна з якім належала перагледзець справы кніганошаў, а пакаранні зменшыць ці ўвогуле адмяніць.

У кастрычніку 1904 года ў Коўне і Санкт-Пецярбургу выйшлі першыя легальныя літоўскія выданні, а ў канцы года — і першыя газеты. Быў таксама дазволены ўвоз з-за мяжы літоўскага друку. У барацьбе з нацыянальнымі памкненнямі літоўскага народа расійскія ўлады прайгралі. А літоўцы дзякуючы кантрабандзе і свядомаму парушэнню несправядлівых законаў захавалі сябе.

 ***

3953 літоўскія выданні лацінскім і гатычным шрыфтам выйшлі ў свет за 1865—1904 гады (і гэта без уліку перыёдыкі!)

2687 з іх (68%) пабачылі свет у Малой Літве

712 кніг выйшла ў Злучаных Штатах, куды масава ехалі літоўскія эмігранты

 ***

Марная барацьба з кніганошамі

1584 справы было заведзена на кніганошаў

866 чалавек адседзелі тэрмін у мясцовых турмах

89 пасля турмы былі высланыя ў суседнія губерні

52 сасланыя ў Сібір і на Поўнач

21 чалавек аштрафаваны

478 кніганошаў былі апраўданыя

8—10% кантрабандных кніг былі канфіскаваныя

 ***

Аўтарства 46-старонкавай брашуры «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем…» дакладна не ўстаноўлена.

Пакуль найбольш верагодная версія — яе перапрацавалі з польскага арыгінала вучні Слуцкай гімназіі ў 1880-я гады. На выданні для канспірацыі пазначылі фальшывыя выхадныя звесткі («У друкарні Марыі Красоўскай, 1892») і зрабілі запіс пра допуск цэнзурай. Асоба Марыі Красоўскай рэальная: народнік-эмігрант Марыян Абрамовіч, які займаўся выданнем, пазначыў імя сваёй каханай. А ў даце цэнзурнага дазволу зашыфраваў дату яе шлюбу з іншым!

 

 ***

Уладзімір Караткевіч зацікавіўся феноменам літоўскіх кніганош і пазнаёміў з ім беларускага чытача. Праўда, крыху адступіў ад гістарычнай рэчаіснасці, пасяліўшы на мяжу з Прусіяй беларусаў і зрабіўшы кніганошамі іх. Надта ўжо натхняльны і зайздросны быў прыклад суседзяў…

«…У сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць.

Гэты лес быў яловы.

Ён цягнуўся амаль на сорак вёрст, і ўсе гэтыя вёрсты шумелі верхавінамі і маўчалі ўнізе, дзе былі сухія замшэлыя галіны, сівы лапнік, рэдкія галявіны з імшарамі ды куп’ём і чорныя ручаіны.

Усё тут расло цяжка, змагаючыся за кожны глыток паветра, за кожны прамень, і таму мухаморы былі крывавыя, а з абсыпаных гліцай рыжыкаў, калі збіць іх нагою, таксама тачылася рудая кроў.

Недзе на палове лясны шум абрываўся на хвіліну ручаінным звонам, а потым зноў шумеў аж дваццаць вёрст. І на тым баку ручая ўсё было такое самае і… інакшае.

Бо там была Прусія.

Яліны там былі такія і не такія, бо прускія, і мох быў прускі, і рыжыкі — прускія, і лясны шум таксама прускі.

І калі тамтэйшы мужык бачыў купіну, унізаную каралямі журавін, ён таксама параўноўваў ягады з кроплямі крыві, але меў на ўвазе прускую кроў.

У лесе, вярсты за чатыры ад краю, на адзіным месцы, якое ўдалося адваяваць ад лясоў і імшар, стаяў пагранічны кардон, людзям якога было загадана лавіць кантрабандыстаў, калі тыя пойдуць з прускага боку, ды яшчэ не дазваляць мясцовым мужыкам і бабам хадзіць за мяжу, да кумоў, на хрэсьбіны ці вяселле…

…І вось таму пагранічнай варце даводзілася мала спаць: з-за мяжы насілі крамолу — жамойцкую, расейскую, польскую, а за апошні час — як невыразна казалі пагудкі — яшчэ і нейкую мясцовую, тутэйшую.

Кніжак гэтых пакуль што ніхто не трымаў у руках, але казалі: яны з’явіліся. З’явіліся, надрукаваныя то лацінкай, то грамадзянскай кірыліцай, і ўжо ў гэтай самой падвойнасці было нешта такое, што насцярожвала і палохала.

Напэўна, гэта была таксама крамола: на тутэйшыя кнігі, на тутэйшую гаворку ўжо даўно была накладзена афіцыйная забарона. І чорт яго ведае, ці не новы гэта канал знайшлі, каб прапаведаваць свае думкі, падбухторшчыкі і валасатыя прапагандысты?

Таму загадана было сачыць і лавіць карабейнікаў, асабліва ж носьбітаў тых кніг, што не прайшлі мыты і маглі быць небяспечнымі. А гэта быў даўні промысел некаторых мясцовых сялян. Пісьменныя мужыкі куплялі кніжкі і малюнкі, ціснутыя за мяжой. Яны былі больш танныя, асабліва калі мыта не падвышала іхняй цаны. А замежжа друкавала ўсякія кнігі: па-жамойцку, па-польску і па-расейску — абы куплялі.

І вось кніганош загадана было лавіць…

…Тым больш што ў самім выглядзе гэтых танюткіх кніжачак, у іхняй паперы, у самім гучанні іхніх слоў было адценне крамолы. Небяспечнай. Зацятай. Нездарма ж сярод тых, што забілі цара, былі два тутэйшыя. А тое, што з-за мяжы ідуць і расейскія кнігі, нікога не абыходзіла. Гэта было яшчэ горш, бо па-расейску чытае большая колькасць людзей, бо галавою забойцаў быў расеец.

Людзі з кардонаў лавілі і часам нават абстрэльвалі кніганош. На тым кардоне, пра які мы завялі гаворку, гэтым займаліся вельмі грунтоўна…»

Уладзімір Караткевіч. «Кніганошы» 

Сяргей Астанковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930