Знайсці
11.06.2020 / 09:5912РусŁacБел

Каго называлі літоўскім Геркулесам

У Нацыянальным мастацкім музеі з вялікага партрэта строга пазірае сівы стары ў варанёных даспехах. Гэты рыцар — вялікі гетман літоўскі Юрый Радзівіл герба «Трубы», якога сучаснікі звалі Пераможцам, Віктарам, літоўскім Геркулесам, піша гісторык Андрэй Шпунт.

Фота: Wikimedia Commons.

У другой палове XIV стагоддзя пад Вільняй жыў Осцік (у хрышчэнні Крысцін), і быў ён паплечнікам князя Вітаўта Вялікага. Аўтограф Осціка ёсць пад шматлікімі дзяржаўнымі дакументамі, у тым ліку актам Гарадзельскай уніі 1413 года, калі ён атрымаў герб «Трубы».

Осцік пакінуў некалькіх сыноў. Адзін з іх, Радзівіл, і даў пачатак знатнаму роду. Сын Радзівіла Осцікавіча, віленскі ваявода і літоўскі канцлер Мікалай, па мянушцы Стары, заклаў падмурак магутнасці роду, стварыўшы латыфундыю, якая аб’ядноўвала Кейданы, Біржы, Дубінкі, Жупраны, Геранёны, Нягневічы, воласць Бобрык на Прыпяці і іншыя ўладанні.

У шлюбе з Сафіяй з Манівідаў Мікалай Радзівіл Стары меў чатырох сыноў. Малодшы, Юрый, пра якога пойдзе гаворка, нарадзіўся каля 1480 года.

Трывожныя часы

XV стагоддзе было шчаслівым: быў спынены націск крыжакоў, слабелі татары. Але дзякуючы апошняму расправіла плечы Масква. І пачынаючы з 1492 года пачаліся цяжкія войны за так званую «айчыну» — землі, якія і Масква, і Літва лічылі па праве сваімі. Гэта быў працяг барацьбы за «збіранне Русі», якую пачаў яшчэ князь Альгерд у XIV стагоддзі.

У першай (1492—1494) і другой (1500—1503) войнах Вялікае Княства страціла вялізныя тэрыторыі. Асабліва цяжкім было паражэнне ў бітве на рацэ Вядрошы ў 1500 годзе, дзе загінуў цвет нашага рыцарства, а вялікі гетман Канстанцін Астрожскі трапіў у палон.

Пачатак вайсковай кар’еры Юрыя Радзівіла прыпадае на трэцюю вайну з Масквой. Да гэтага ж часу адносіцца і ўвогуле першая згадка пра яго. У студзені 1507 года 27-гадовы Радзівіл прыбыў у Кракаў на каранацыю новага караля і вялікага князя Жыгімонта І.

Жыгімонт I Стары. Фота: Wikimedia Commons.

Вайна з Масквой пачалася вясной, пасля таго як пасольства Жыгімонта І ва ўльтыматыўнай форме запатрабавала вярнуць захопленыя гарады і землі. У студзені 1508-га становішча ВКЛ ускладніла паўстанне Міхаіла Глінскага, які моцна канфліктаваў са старой літоўскай знаццю. У маі аб’яднаныя сілы Глінскага і маскоўскіх войскаў трымалі ў аблозе Менск, спусташалі наваколле і рабілі рэйды аж да Слоніма.

У гэты складаны час удалося ўцячы з маскоўскага палону гетману Канстанціну Астрожскаму. Ён узначаліў войска ВКЛ, а ягонай правай рукой стаў Юрый Радзівіл. Праз некалькі месяцаў бакі падпісалі пагадненне — межы заставаліся нязменнымі.

Супраць татар

У 1511 годзе літоўскі падчашы Юрый Радзівіл накіраваўся ў Кіеў, каб заключыць перамір’е з крымскімі татарамі, што здзейснілі чарговы набег на ВКЛ.

За 150 км ад Кіева ва ўрочышчы Рутка разам са слуцкім князем Юрыем Алелькавічам Радзівіл разбіў татараў і вызваліў шмат палонных. А ў наступным годзе пад Вішняўцом на рацэ Гарынь (цяпер гэта Цярнопальская вобласць Украіны) войска Канстанціна Астрожскага разграміла крымскага хана Менглі-Гірэя і вызваліла 16 000 палонных. Радзівіл у гэтай бітве ўзначальваў кавалерыю на правым флангу.

Супраць Масквы

Беспаспяховым паходам маскоўскага князя Васіля ІІІ на Смаленск, які належаў Вялікаму Княству, пачалася чарговая вайна паміж Масквой і ВКЛ восенню 1512 года. У чэрвені 1513-га маскоўскі князь паўтарыў спробу.

У лютым 1514-га было прынята рашэнне аб трэцім паходзе на Смаленск. У канцы мая маскоўскія ратнікі ўварваліся ў ВКЛ, а 31 ліпеня, пасля няспыннага абстрэлу з 300 гармат, Смаленск адчыніў брамы. Хутка маскоўцы занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро і Друць і толькі каля Бярэзіны сутыкнуліся з перадавымі атрадамі Астрожскага.

8 верасня на рацэ Крапіўне адбылася бітва, вядомая як бітва пад Оршай. Юрый Радзівіл узначальваў у ёй лёгкую кавалерыю на правым флангу. Гэта з яго ўдзелам адбыўся славуты манеўр, калі маскоўская кавалерыя была заціснутая ў багністую даліну паміж Дняпром і Крапіўнай і там знішчаная.

Далей вайна вялася ў форме асобных паходаў углыб чужой тэрыторыі. У 1517 годзе Юрый Радзівіл удзельнічаў у паходзе на Пскоўшчыну, а летам 1518-га разбіў атрады князёў Васіля Растоўскага і Васіля Абаленскага, якія рухаліся да Полацка.

Кульмінацыйным у той вайне стаў 1519 год. Удар з поўдня нанеслі саюзныя Маскве татары Багатыр-Салтана. Яны разграмілі войска Астрожскага пад Сакалем на Львоўшчыне. Пасля гэтага Васіль ІІІ з поўначы, усходу і поўдня пайшоў у кірунку Вільні. З вялікімі цяжкасцямі вораг быў спынены на лініі Крэва — Ашмяны — Меднікі. Пад Крэвам трымаў абарону Юрый Радзівіл. Прастаяўшы месяц, Васіль ІІІ павярнуў назад.

Летам 1520-га ваенныя дзеянні спыніліся, а праз два гады было падпісана пагадненне. Смаленск, які называлі «ключом ад Вільні», пераходзіў у склад Маскоўскай дзяржавы. Вялікае Княства прайграла вайну.

Супраць крыжакоў

Польшчы ў цяжкі 1519 год пашанцавала больш. Тэўтонскі вялікі магістр Альбрэхт здолеў падрыхтавацца да вайны толькі ў снежні. А вайна наспявала даўно. Калі ў 1512-м Васіль ІІІ уварваўся ў ВКЛ, вялікі магістр, як васал Польшчы, мусіў аказаць ваенную падтрымку. Але не зрабіў гэтага. Да таго ж у 1517 годзе заключыў з Масквой саюзны дагавор.

Стомленае Вялікае Княства афіцыйна не брала ўдзелу ў змаганні з нямецкімі рыцарамі. Але Юрый Радзівіл прайшоў усю вайну на чале ўласнага атрада як галоўны прадстаўнік Вялікага Княства. У выніку планамернага захопу гарадоў і крэпасцей Тэўтонскі ордэн страціў тры чвэрці сваёй тэрыторыі.

За ўдзел у вайне з ордэнам кароль узнагародзіў Юрыя Радзівіла. Ён стаў першым у ВКЛ польным (палявым) гетманам, намеснікам вялікага гетмана. Яго ўлада пашыралася на паспалітае рушанне, найманае войска, а таксама на павятовыя і прыватныя харугвы.

Дыпламат і дзяржаўнік

Пачынаючы з 1508 года Юрый Радзівіл займаў шэраг важных пасад. Ён быў вялёнскім і мэйшагольскім намеснікам (Вялёна і Мэйшагола — замкі на тэрыторыі Літвы), кіеўскім ваяводам, гарадзенскім старастам (намеснікам), троцкім, віленскім кашталянам, надворным маршалкам. У 1516 годзе быў прызначаны камісарам па вызначэнні польска-літоўскай мяжы ад Тыкоціна да Ратна, а ў 1522-м — па дэмаркацыі мяжы паміж ВКЛ і Мазовіяй. Вяршыняй вайсковай і палітычнай кар’еры Радзівіла стала пасада вялікага літоўскага гетмана 1531 года.

Да 1530 года ўлада ў ВКЛ аказалася ў руках магнацкага трыумвірату — Альбрэхта Гаштольда, Юрыя Радзівіла і ягонага пляменніка Яна. Значэнне гэтых магнацкіх родаў ілюструе попіс войска ВКЛ. Радзівілы і Гаштольды выстаўлялі тады разам 1 073 коннікі, а ўсё астатняе войска, выстаўленае 56-ю князямі і панамі, налічвала 6 681 вершніка.

Апошняя вайна

У 1533 годзе памёр Васіль ІІІ. Тады якраз абвастрылася барацьба за ўладу пры маскоўскім двары, ускладніліся адносіны з ВКЛ. Пасля адмовы новага вялікага князя Івана IV вярнуцца да межаў канца XV стагоддзя на Віленскім вальным сойме 1534 года было ўрачыста абвешчана пра вайну з Масквой. Велікакняжацкія ўніверсалы прызначалі на 4 красавіка збор у лагеры пад Менскам усіх харугваў ВКЛ.

На пачатку лета планавалася нанесці ўдар па памежных гарадах, але паветы пад сваімі харугвамі пачалі «конна і збройна» з’язджацца пад Менск толькі ў ліпені. 1 жніўня вялікі гетман зрабіў агляд і застаўся незадаволены якасцю і дысцыплінай войска.

Прамарнаваны час звёў на нішто першапачатковыя перавагі. Маскоўскі ўрад пры малалетнім Іване ІV здолеў перамагчы баярскую апазіцыю. Таму вайна ў першы год ішла з пераменным поспехам: наступалі то адныя, то другія, але трывала замацавацца нікому не ўдавалася.

Узмацніўшы сваё войска польскімі наёмнікамі, у ліпені 1535-га Юрый Радзівіл вызваліў Гомель, які знаходзіўся пад Масквой з пачатку XVI стагоддзя. Войска ВКЛ адваявала ўсю Северскую зямлю да Бранска і Мгліна. Але поспех быў часовым. На наступны дзень пасля ўзяцця Старадуба камандзіры польскіх наёмнікаў пачалі вяртацца ў Польшчу. Грошай у ВКЛ хранічна не хапала, і плаціць наёмнікам не было чым.

Сыход палякаў паўплываў на баявы дух войска, якое таксама пачало адступленне, пакінуўшы ўсе занятыя землі і захаваўшы за сабой толькі Гомельшчыну. Такі стан рэчаў быў зафіксаваны перамір’ем 1537 года.

Гэта была апошняя вайна «літоўскага Геркулеса». Яшчэ некалькі гадоў Юрый Радзівіл, ушанаваны за заслугі перад Айчынай залатым ланцугом, пакутаваў ад цяжкай хваробы — у тыя часы хваробы адрознівалі слаба. Памёр ён пасля Вялікадня 1541 года.

След у гісторыі

Юрый Радзівіл добра бачны з далечыні стагоддзяў як палкаводзец. А вось як пра чалавека ведаем пра яго няшмат. Вядома, што любіў раскошу і заўсёды атачаў сабе пышным і шматлікім початам. У той жа час пакінуў пра сябе памяць і як набожны вернік і мецэнат: «Нямала на хвалу Божую пабудаваў касцёлаў… Пачынаючы з Вербнай нядзелі і аж да Вялікадня знаходзіўся ў касцёле ў роздуме і малітвах. А калі ў гэты час быў у Вільні, то, каб яму ніхто не замінаў, маліўся ў кляштары».

Не менш знакамітымі сталі нашчадкі Юрыя Радзівіла. Увогуле «літоўскі Геркулес» быў жанаты двойчы, але дзяцей (сына Мікалая і дачок Ганну і Барбару) меў толькі ў другім шлюбе — з Барбарай, дачкой падольскага ваяводы Паўла Колі.

«Геркулесаў» сын Мікалай з мянушкай Руды (1512—1584) займаў многія прэстыжныя пасады, здабыў на полі бітвы некалькі слаўных перамог. Ён атрымаў для сваёй часткі роду тытул князя Святой Рымскай імперыі «на Біржах і Дубінках».

А пра дачку Юрыя Барбару (1520—1551) чулі ўсе. Яна стала спачатку каханкай, а пасля і жонкай апошняга з Ягелонаў, Жыгімонта Аўгуста, напрыканцы свайго кароткага жыцця пабыўшы нават вялікай княгіняй і каралевай.

 Барбара Радзівіл. Фота: Wikimedia Commons.

***

Гарадзельская унія — саюз Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, заключаны ў 1413 годзе ў замку Гарадло на рацэ Буг. Быў закліканы ўмацаваць саюз дзвюх дзяржаў пасля пераможнага Грунвальда. Падчас заключэння уніі 47 каталіцкіх шляхецкіх родаў з ВКЛ упершыню атрымалі гербы.

 ***

Надворны маршалак ВКЛ Міхаіл Львовіч Глінскі ў пачатку XVI стагоддзя быў адным з фаварытаў вялікага князя. Але пасля смерці Аляксандра Ягелончыка, пры ягоным браце Жыгімонце, Глінскі з фаварытаў выпаў. Тады ён з прыхільнікамі выступіў са зброяй у руках, яго ў сваіх мэтах пачалі выкарыстоўваць крымскія татары і маскоўцы. Пасля заключэння міру ў верасні 1508-га Глінскі з братамі і васаламі перабраўся ў Маскву. Яго пляменніца Алена стане мамай Івана Жахлівага.

 ***

Пасада падчашага была вельмі прэстыжная. Той, хто яе займаў, мусіў карыстацца поўным даверам уладара, бо сярод іншага падаваў вялікаму князю напоі, папярэдне пакаштаваўшы іх сам.

 ***

Захоп палонных (па-татарску — ясыр) быў важнай крыніцай даходу Крымскага ханства. Палонныя прадаваліся ў асноўным для працы на турэцкіх галерах. Тых, хто туды патрапіў, эксплуатавалі настолькі бязлітасна, што на рабскую сілу, каб мяняць знясіленых і памерлых, існаваў пастаянны попыт.

Палонных татары звязвалі або прывязвалі да жэрдак, гналі іх разам з захопленай жывёлай. Натуральна, далёка не кожны мог фізічна вытрымаць настолькі складаныя ўмовы транспарціроўкі. Калі каму шчасціла пазбегнуць адпраўкі на галеры і застацца ў Крыме, то праз 5—6 гадоў палонных адпускалі. Частка пускала карані на новай радзіме.

 ***

Намеснік, ваявода, стараста — паўнамоцныя прадстаўнікі вялікага князя на асобных тэрыторыях.

Кашталян (ад лац. castellum — замак) — камендант крэпасці, горада або замка, начальнік гарнізона. Таксама выконваў у межах замка судовыя абавязкі.

Надворны маршалак — ураднік, які кіраваў гаспадарчымі справамі велікакняскага двара.

Андрэй Шпунт

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930