Знайсці
27.11.2018 / 08:357РусŁacБел

Беларуска, якая дабілася Шахматнай алімпіяды ў Мінску, распавяла: чаму гуляла за Аўстралію, жыла ў Тайландзе, а вярнулася ў Беларусь

Анастасія Сарокіна, фота Ганны Занкавіч

Сёння наша краіна актыўна прасоўваецца ў шахматным свеце. Нядаўна стала вядома, што Сусветная шахматная алімпіяда ў 2022 годзе пройдзе ў Мінску, а месца аднаго з віцэ-прэзідэнтаў Міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту заняла беларуска Анастасія Сарокіна. Усе гэтыя значныя падзеі адбыліся з прыходам Анастасіі на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі шахмат, кіраваць ёю Сарокіна стала ўсяго паўтара года таму. У вялікім інтэрв'ю нашай газеце пляменніца вядомага шахматыста Віктара Купрэйчыка расказала пра ўрокі ад знакамітага дзядзькі, пра тое, як яна дамагаецца сваіх мэт, і ўспомніла няпростае жыццё на іншым кантыненце.

— Анастасія, вы займаеце адразу некалькі буйных пасад. Раскажыце трохі пра кожную з іх.

— Пачну з нашай федэрацыі. Я ўзначальваю яе на працягу паўтара года, у нас выдатная каманда і апякунская рада, таму за гэты невялікі час ужо шмат зроблена. Прыемна, што да нашага віду спорту, нягледзячы на тое, што ён не алімпійскі, такая ўвага з боку дзяржаўных структур і Міністэрства спорту і турызму. Дапамагаюць нам Нацыянальны алімпійскі камітэт і Прэзідэнцкі спартыўны клуб. Разам мы выйгралі права прыняць Сусветную шахматную алімпіяду 2022 года, жаночы і мужчынскі Кубкі свету ў 2020 і 2021 гадах адпаведна. На працягу трох гадоў мы праводзім чэмпіянат свету па бліцы і хуткіх шахматах сярод кадэтаў. Працы шмат, камандзіровак таксама. Адзіны мінус — вельмі мала бачу сваё дзіця, а так сваю працу вельмі люблю і аддаюся ёй цалкам.

— Зараз дадаліся абавязкі віцэ-прэзідэнта ФІДЭ…

— На прэзідэнцкім савеце, які прайшоў у Лондане ў пачатку лістапада, былі размеркаваны абавязкі ўсіх віцэ-прэзідэнтаў, мне дасталася тэма, з якой я дастаткова добра знаёмая, — гэта трэнерская камісія, якая займаецца ліцэнзаваннем трэнераў, ФІДЭ-акадэмій. Дарэчы, такая акадэмія ёсць і ў нас у Мінску, на працягу пяці гадоў я з'яўляюся яе дырэктарам. Школа шахмат ФІДЭ ў Беларусі ўжо на вельмі добрым рахунку, і мне вельмі хочацца спадзявацца, што ў далейшым яна стане найлепшай у свеце.

— Якія бонусы ваша пасада можа прынесці Беларусі?

— Па-першае, важна, што ў кіруючым складзе ФІДЭ пры арганізацыі алімпіяды ў Мінску будзе прадстаўнік Беларусі. Па-другое, мы пастараемся ўдасканаліць сістэму акадэмій ФІДЭ і прыцягнуць трэнераў у Беларусь. Тым больш што пакуль з трэнерамі ў нас ёсць праблемы. На шчасце, у БДУФК ужо некалькі гадоў рыхтуюць студэнтаў па спецыялізацыі шахмат, і я бачу па маладых шахматыстах, якія заканчваюць прафесійную кар'еру, што яны зацікаўленыя ў тым, каб працягваць сваю працу як трэнеры ці суддзі. Мы спадзяемся, што да алімпіяды падыдзем з добрымі спартсменамі і трэнерамі. А суддзяў штогод практыкуем на чэмпіянаце, які праходзіць у нас сярод кадэтаў. Гэта вельмі добры вопыт.

— Ці зможаце вы працягнуць сваю судзейскую дзейнасць?

— Так, яна будзе працягвацца, але ў меншай ступені. Сёлета, напрыклад, я судзіла ўсяго адзін матч на першынстве свету сярод жанчын. Графік вельмі шчыльны, а пры падрыхтоўцы да алімпіяды працы будзе ўсё больш і больш. Хоць я, вядома, не хацела б развітвацца з работай суддзі, для мяне гэта цікава, я даволі доўга ішла да таго, каб стаць топавым арбітрам.

— Трэнерскую дзейнасць вы пакінулі?

— Так, таму што трэнерская праца патрабуе пастаянных стасункаў з дзецьмі, гэта несумленна ў адносінах да іх, калі ты праводзіш некалькі трэніровак, а потым з'язджаеш. У маім выпадку, думаю, могуць быць толькі нейкія майстар-класы, але, калі шчыра, нават на іх пакуль часу няма.

— Якая з усіх вашых пасад самая важная і складаная?

— Вядома, для мяне галоўнае — развіццё шахмат у маёй краіне, званне старшыні федэрацыі шахмат у Беларусі нясу з гонарам і хачу, каб як мага больш дзетак у нашай краіне гулялі ў шахматы, каб яны развіваліся, каб шахматы былі паўсюль. Мне здаецца, што сумеснымі намаганнямі гэта атрымліваецца. Што да самага складанага, не магу сказаць, што нейкая пасада больш ці менш складаная, таму што я займаюся тым, што ўмею і ведаю з пяці гадоў. Усё маё жыццё — гэта шахматы, нават калі ў нейкі перыяд я спрабавала цалкам адысці і займацца іншай прафесіяй — нічога з гэтага не выйшла, шахматы вярнулі меня назад. Веру, што раблю нешта важнае не толькі для сябе, але і для ўсёй краіны. Шахматы — гэта інтэлектуальная будучыня нацыі, яны дапамогуць вырасціць больш паспяховых людзей.

***

— Усім вядома, што ваш дзядзька — знакаміты шахматыст Віктар Купрэйчык. Якую галоўную параду ён даў вам у жыцці?

— Ён падаваў прыклад не толькі мне, але і многім іншым людзям у плане сваёй прыстойнасці, сумленнасці, стаўлення да жыцця. Але ён ніколі не падтрымліваў маё жаданне быць прафесійнай шахматысткай, аднак заўсёды ставіўся з павагай да майго выбару. На жаль, у мінулым годзе дзядзька пайшоў з жыцця, цяпер бы, думаю, ён вельмі парадаваўся навіне пра тое, што ў нас пройдзе алімпіяда.

— Першыя вашы поспехі ён застаў?

— Так, я ўжо не гуляла, а займалася каляшахматнай дзейнасцю. У нас заўсёды было шмат агульных тэм, мы гаварылі «на адной мове», і я думаю, ён радаваўся маім поспехам.

— Наколькі складана сумяшчаць такую актыўную прафесійную дзейнасць з жыццём жанчыны, маці?

— Шахматы займаюць самую вялікую нішу ў маім жыцці, я перажываю, што дачка расце без належнай маёй увагі. Вядома, увесь вольны час, нават мінімальны, я імкнуся праводзіць з ёй. Не магу сказаць, што праца перашкаджае мне быць жанчынай. Так, я заўсёды маю сваё меркаванне, імкнуся яго адстойваць, але і заўсёды рада прызнаць сваю памылку, калі я дзесьці не маю рацыі. І дарэчы, у такія моманты добра быць жанчынай. Што датычыцца звычайных слабасцяў, дазваляю іх сабе безумоўна, няхай гэта позна і рэдка. Па крамах прабегчы, у салон схадзіць, з дзяўчатамі сустрэцца, пасмяяцца і паплакаць люблю, як любая звычайная жанчына.

***

— У досыць маладым узросце вы вырашылі з'ехаць у Аўстралію…

— Усім расказваю казачную гісторыю, але гэта праўда. Дзядзька Віця аднойчы прывёз мне з Аўстраліі маленькага плюшавага мішку-каалу, на першым для мяне чэмпіянаце свету ў Дуйсбургу медзведзяня было маім талісманам — сядзела каля дошкі. Па дарозе ў гатэль я яго страціла, гэта была трагедыя, плакала ўсю ноч. Таму дзесьці з дзяцінства ў мяне была мэта знайсці такога ж каалу ў Аўстраліі.

На працягу года я вяла перапіску з адной са школ у Аўстраліі, потым доўга афармлялі візу. На той момант я працавала ў Міністэрстве спорту і турызму, таму былі абавязацельствы па заканчэнні кантракта. Пераезд нельга назваць спантанным.

— Мэтай была менавіта Аўстралія?

— Так, толькі гэтая краіна. Хоць на той момант мне прапанавалі дастаткова добры трэнерскі кантракт у Катары. Там былі ўмовы нашмат лепшыя і з фінансавага пункту гледжання, і з пункту гледжання кар'ернага росту. А ў Аўстраліі ўсё было вельмі незразумела, не было нават гарантавана, колькі гадзін я буду працаваць. Але я настолькі з дзяцінства хацела знайсці мішку… Там я яго купіла, і доўгія гады мы дарылі падобныя цацкі вучням нашай Школы шахмат ФІДЭ ў Мінску.

— Жыццё на іншым кантыненце аказалася складаным?

— Калі табе 23 гады, увесь свет ля тваіх ног. Для мяне не было нічога складанага ў тым, каб нават праязджаць у адзін бок 130 кіламетраў дзеля аднаго ўрока. Здымныя кватэры, пакоі… Цяпер не ведаю, ці адважылася б я на такую авантуру. Гэты вопыт даў вялікі штуршок у маім жыцці, я перагледзела, як трэба працаваць трэнеру, вывучыла англійскую мову. Хоць, вядома, вельмі сумавала літаральна пасля таго, як прайшло першае захапленне ад новай краіны. Усе грошы, якія ўдавалася зарабляць, я адкладвала на білет, каб паляцець дадому, ні пра якое збіранне і гаворкі ісці не магло. Лётала часта ў Мінск да таго, пакуль канчаткова не вырашыла вярнуцца дадому пасля нараджэння дачкі.

— Каханне на нейкі час занесла вас у Тайланд…

— Гэта дакладна не мая краіна, туды вельмі выдатна проста прыехаць адпачыць. У Тайландзе я жыла каля года, на той момант там знаходзіўся тата маёй дачкі. З ім у нас атрымалася такая жыццёвая гісторыя: не заўсёды два лідары могуць ужыцца разам. У Тайландзе быў перыяд, калі я цалкам адышла ад шахмат, акунулася ў ціхае сямейнае жыццё і ад гэтага ўсяго пачала гінуць, усё ж мне патрэбна жыццёвая актыўнасць. Для кагосьці шчасце — быць жонкай і мамай, для мяне, здаецца, — тое, што цяпер я прыношу нейкую карысць, і гэта выдатна. Хоць самае галоўнае, вядома, гэта тое, што я мама. Можа быць, не ў тым аб'ёме, у якім хацелася б, але я спадзяюся, мне ўдасца гэта нагнаць, калі я стану бабуляй, напрыклад.

— Вяртанне ў Беларусь было звязана з прафесійнай або сямейнай сітуацыяй?

— Па-першае, я вельмі сумавала, нездарма ж гаворыцца: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Толькі ў Беларусі я адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Я вярталася ў Мінск з месячным дзіцем на руках, ні пра якую працу тады і не думала. Праз нейкі час з сяброўкай паспрабавалі адкрыць інтэрнэт-краму, нічога з гэтага не выйшла, я не камерсант. Жыццё само павярнулася такім чынам, што ў мяне з'явілася свая школа шахмат. Знаёмы папрасіў знайсці трэнера для яго трохгадовага сына, мы зрабіць гэтага не змаглі, таму што дзяцей раней набіралі з больш позняга ўзросту. Тады ён прапанаваў пазаймацца з дзіцем мне, але на той момант я ўжо адышла ад трэнерскай працы. На гэта ён сказаў: «Тады давай адкрыем школу, што для гэтага трэба?» Я сказала, што для пачатку добра было б адкрыць сайт, і забылася пра гэта. Праз нейкі час ён мне патэлефанаваў і паведаміў, што сайт гатовы.

Спачатку мы здымалі маленькі клас у Палацы шахмат, з гэтага ўсё пачалося. А цяпер мы ўжо разрасліся да таго, што маем цудоўнае памяшканне ў САК «Алімпійскі», дзе ўсё прасякнута духам спорту.

— Як тады зноў адчулі сябе ў ролі трэнера?

— Вельмі добра. Мне хацелася злучыць аўстралійскі вопыт з беларускім, таму што гэта зусім розныя падыходы выкладання. Мне здаецца, поспех нашай школы быў звязаны менавіта з гэтым. Мы былі першай школай, якая пачала навучанне дзетак менавіта з трох гадоў. Мы ўсе вельмі радуемся вынікам і спадзяёмся, што ў нас будуць выхаванцы, якія дойдуць да сусветных вяршынь, але самае галоўнае — канцэпцыя нашай школы заключаецца ў тым, каб як мага больш дзяцей проста палюбілі шахматы.

— За паўтара года вы зрабілі шмат, а што ў найбліжэйшых планах?

— Цяпер самае галоўнае не проста добра правесці алімпіяду, а вельмі добра, а лепей за ўсё правесці яе лепш, чым усе астатнія калі-небудзь.

Дар'я Лабажэвіч, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера