Знайсці
02.04.2024 / 12:581РусŁacБел

«Сцягном разбіла лабавое шкло і з боку кіроўцы ўпала на брук». Журналістка «Белсата» расказала, як трапіла ў страшную аварыю

Увосень журналістка «Белсата» Юлія Цяльпук трапіла ў аварыю. У тым выпадку шмат містычнага: ДТЗ адбылося на Хэлоўін, аперацыю рабілі на Дзяды.

Праз пяць месяцаў пасля аварыі БАЖ пагутарыў з Юліяй: пра ДТЗ, лячэнне і рэабілітацыю. І пра людзей, якія ў цяжкі момант апынуліся побач.

ДТЗ адбылося на Хэлоўін

— ДТЗ адбылося 31 кастрычніка 2023 года ў Гданьску, дзе я з маленькай дачкой жыву ўжо тры гады. Той раніцай я вырашыла наведаць кватэру, з якой толькі што развіталася. Мы пераехалі ў іншую — на другі бок ракі. Везла кветкі, каб падзякаваць гаспадарам былой кватэры і забраць сваіх коцікаў. Ліў дождж, а я ехала двухколавым сігвэем.

Стала на пешаходным пераходзе як дысцыплінаваны чалавек. З левага боку спынілася аўто, каб мяне прапусціць, і я, не спешваючыся, пачала рух. А з правага боку машына не спынілася… Каменная дарога, абмежаванні руху да 30 кіламетраў, пераход насупраць школы…

Няпраўда, што перад вачыма нешта пралятае: у мяне быў проста шокавы стан, калі я нічога не разумела і проста падала. Усё адбываецца вельмі хутка, нават не памятаю, што было пазней.

Мне распавядалі, што я сцягном разбіла лабавое шкло аўтамабіля і з боку кіроўцы ўпала на брук. Машына праехала яшчэ на 30 метраў наперад, бо кіроўца не разумела, што збіла мяне: проста мяне не бачыла. Падаў дождж, я ляжала на бруку і глядзела на сваё адлюстраванне (паміж булыжнікамі збіралася вада, і я глядзела ў гэтую лужыну, як у люстэрка), бачыла раскіданыя чырвоныя ружы і думала: вось бы хто фотку зрабіў…

Журналісты, я лічу, дапамагаюць людзям. Як і медыкі. Так і са мной: памятаю, мяне добра абязбольваюць і намагаюцца са мной жартаваць, намацваючы мае межы. Медбрат абклаў мяне на каталцы сабранымі чырвонымі кветкамі, і кажа: што, на могілкі збіралася? Бо назаўтра якраз былі Дзяды. Як высветлілася пазней, кабета, якая мяне збіла, ехала на могілкі да свайго дзеда — ледзь мяне з сабой не забрала.

31 кастрычніка пасля аварыі Юліі Цяльпук наклалі гіпсавую шыну. Прааперавалі журналістку на Дзяды

Закон быў не на маім баку, бо літаральна ў 2023 годзе змяніліся правілы дарожнага руху і сігвэі прыраўнялі да іншых самакатаў, хаця раней яны лічылася сродкам перасоўвання, прыроўненым да пешага, бо не развіваюць вялікую хуткасць.

Як і паўсюль, паліцыя ўчапілася ў правілы дарожнага руху і зрабіла з мяне вінаватую, бо я не ішла пешкі. А тое, што пажылая кіроўца нават не бачыла мяне, ніхто не разбіраўся.

А ў мяне не было ні жадання, ні сілаў на пошукі юрыстаў, бо мне проста было вельмі дрэнна. 

Малая бярцовая косць зламаная, вялікая бярцовая — раскрышаная

— У аварыі мне раскрышыла вялікую бярцовую косць пад каленам. Дактарам падчас аперацыі давялося для мяне ўзяць два кавалкі косці з трупа, бо сваёй косці для аднаўлення не хапіла. Малая бярцовая таксама была зламаная.

У першыя дні пасля аперацыі галоўнымі тэрапеўтамі працавалі два мэйн-куны: Урсус — каля галавы, Белка — каля нагі. Фота: з асабістага архіва

Таму зараз мая нага трымаецца на дзевяці шурупах і тытанавай пласціне. Цяпер асноўная мая праца — гэта распрацоўванне самой стапы. Не пазней чым праз тры месяцы пасля аперацыя я мусіла пачаць нагружаць нагу. Таму ў адзін дзень рэабілітант проста сказаў: а ну пайшла. І давялося ісці…

Што самае горшае ў маёй сітуацыі? Што ты за мяжой і без сям’і, і ў горадзе, дзе не сканцэнтраваная большасць тваіх сяброў. Тым больш крутой і чуллівай аказалася дапамога. Бальшыня яе — ад беларусаў, у тым ліку дзякуючы маім калегам з «Белсату», дзякуючы таму, што Беларуская асацыяцыя журналістаў, «Наша ніва» і іншыя медыя падхапілі хвалю салідарнасці.

Ты маеш добрага тэрапеўта, дзякуючы старанням тваіх сяброў, ты маеш дапамогу ад сваёй дачкі, якая за гэтыя паўгода неймаверна пасталела, і «тэрапію» ад двух коцікаў. Я навучылася прымаць дапамогу, бо яна была настолькі нечаканая, што я плакала ад таго, што яна ў прынцыпе ёсць.

Да мяне прыходзілі дзве цудоўныя ўкраіначкі, сяброўка-полька, дзве беларускі, якія ў першыя дні завіталі да мяне дадому і дапамагалі разбіраць рэчы (усё ж было яшчэ спакаванае пасля пераезду). А я магла ўставаць не больш за тры разы на дзень, ды й то па патрэбах. Другога дня мне прынеслі боршч (з-за абязбольвання я не магла патрапіць у кнопкі на тэлефоне, каб замовіць ежу), згатаваны на мясе — а я вегетарыянка.

Я ўзяла гэты боршч — і не магу згадаць у сваім жыцці нічога больш цэннага за апошнія гады: хатняя ежа, прыгатаваная адмыслова для мяне.

«Штодня мушу хадзіць тры кіламетры»

— Пераломы вельмі складаныя. Апошнія гадоў восем я прафесійна займалася спортам, я дысцыплінаваны чалавек (у мяне бацька вайсковец). Таму калі грымелі феерверкі на Новы год, я, агледзеўшы іх праз акно, узялася за вячэрнюю гімнастыку — перапынкаў я сабе не рабіла.

З дачкой мне дапамагалі сябры: забіралі яе ля пад’езда, вазілі ў школу і прывозілі дахаты. У доме быў зламаўся і суткі не працаваў ліфт. Прывезлі дачку, я дапаўзаю на мыліцах да ліфта, а ён не працуе. І мая кнопачка падымалася сама на сёмы паверх.

Ці замаўляеш дастаўку ежы вечарам. Пакуль дацягнешся да мыліц, пакуль даклыпаеш да дзвярэй… Некалькі разоў дастаўшчыкі сыходзілі. А я потым сядзела пад дзвярыма і плакала.

Альбо аднойчы разбіла шкляны слоік ад вадкага мыла. У маёй хаце дзіця, два каты, на гадзінніку — а 10-й вечара, нікога на дапамогу ўжо не паклічаш. І вось ты 45 хвілін поўзаеш на каленях, каб сабраць усе аскепкі. Гэта моцна гартуе сілу волі.

Калі ты праходзіш праз усё гэта, то пазней пачынаеш цешыцца з дробязяў. Першаму дню, калі кватэру прыбірае не жанчына, якая дапамагае, а сама. Магчымасці самастойна выйсці на вуліцу — гэта адбылося праз 18 дзён — радуешся як дзіця. Проста спусцілася ўніз, пастаяла і падыхала восеньскім паветрам. І зразумела, што пахаладнела ўжо за той час, як я ляжала. І ты далей вучышся рабіць малыя крокі.

Той самы момант, калі ў Юліі Цяльпук «адабралі» мыліцы. Фота: з асабістага архіва

Мой тэрапеўт настойвае на тым, каб я прысядала, нават са штангай (трымаючы да 30 кілаграмаў на плячах). Два дні таму я пачала прысядаць, і я адчула, што магу нагружаць нагу — і гэта больш не страшна.

Сёння я штодня мушу хадзіць 3 кіламетры і абдумваць свой кожны крок. Што б ні рабіла, я мушу прадумваць кожны крок — каб не сапсаваць нагу. Да таго я не маю права расклейвацца, бо існую не толькі для сябе: я жыву для сваёй сям’і, для сваіх блізкіх, для сваіх двух мэйн-кунаў і для беларускага грамадства. Бо журналістыка для мяне — не на працу хадзіць, гэта маё асабістае жыццё.

Паўтара года да рэмісіі

— Артапед-хірург ладна склеіў маю ножку. Але ў польскай бясплатнай медыцыне ёсць такая адметнасць: медыкі бяруцца за самую вялікую праблему (у маім выпадку трэба было сабраць з кашы маю нагу), а ўсё астатняе па прынцыпу «як-небудзь само». Але праблемы самі не знікаюць — іх трэба разрульваць. У мяне засталіся дзве такія праблемы: звязка ўнізе нагі і пашкоджаная мышца на сцягне. І яны аказаліся запушчаныя.

Маё лячэнне абышлося прыкладна ў 35 тысяч злотых. Значная частка гэтых грошай пайшла на дыягностыку і таксоўкі, бо грамадскім транспартам вельмі доўга не магла ездзіць. На жаль, старыя раны давядзецца лячыць хірургічным шляхам, інакш да канца здароўе не адновіцца. Наперадзе — яшчэ дзве аперацыі на звязцы і на мышцы, іх зробяць у адзін дзень. Пазней мяне чакае рэабілітацыя пасля гэтых аперацый. Але як толькі я рэабілітуюся — мяне разрэжуць зноў, каб выняць арматуру, якую ўстаўлялі на самым пачатку. І ўсё пачнецца па новай.

У мяне выкуплена яшчэ каля 20 візітаў да лекараў: брала шмат і адразу, бо так танней. Але гэта ўжо будзе больш самастойная праца і больш рэдкія візіты да тэрапеўта. Так што выздараўленне — справа няроўная. Яно будзе ісці хвалямі: лепш-горш, горш-лепш. Я думаю, года праз паўтара я буду на рэмісіі.

Белсатаўскі павук, які ахоўвае кватэру

— На «Белсаце» я сфармавалася і працавала як журналіст амаль з самага пачатку. Хоць за плячыма ў мяне быў профільны ўніверсітэт, на практыцы ўсё іначай, чым у БДУ. Мы разам раслі са шматлікімі калегамі, мы заўсёды былі сям’ёй. Справы ішлі то лепш, то горш — усё залежала ад настрояў унутры каманды.

Пазней у мяне быў перапынак на некалькі гадоў: я спрабавала свае ўласныя праекты, марыла пра іншыя творчыя рэчы. У канцы 2018 года я вярнулася — і адчула, што вярнулася ў сям’ю.

Калі я трапіла ў аварыю, ніхто і не думаў ні заробкі зразаць, ні ўпікнуць у нечым. На бальнічным я правяла два месяцы: можна было пасядзець і трэці, але я адчула, што ўжо можна ўключацца. І пачала паціхеньку працаваць з дома. Недзе праз тыдзень я ўжо ўвайшла ў ранейшы рытм працы. Я ўжо тры гады жыву ў Гданьску і працую дыстанцыйна, за час хваробы парадкі не змяніліся. Вось толькі днём хацелася спаць, бо цела патрабавала аднаўлення.

Аліна Коўшык прынесла «Напалеон» на дзень нараджэння дачкі Юліі Цяльпук. Фота: з асабістага архіву

Пазней да мяне прыехалі мае любімыя сябры: Аляксей Дзікавіцкі і Ігар Кулей. Яны прывезлі мне ў падарунак сплеценага нашай калегай Ірынай Дарафейчук беларускага павука, які мусіў ахоўваць мяне ў гэтым моманце. І гэты павук прынёс беларускасць не толькі ў маю галаву, але ў мой дом. І не збіраюся яго ўвогуле здымаць.

Прафесійнае жыццё вярнулася ў звыклую каляіну. Вялікія абмежаванні і нерашучасць засталіся ў прыватным жыцці, якое стаіць пакуль на паўзе: сустрэчы з сябрамі, паездкі на ровары пакуль мне не даступныя. Але новы сезон прыйдзе!

Чытайце таксама:

Для пацярпелай у ДТЗ беларускай журналісткі сабралі каля 4000 даляраў

Беларуская журналістка Юлія Цяльпук трапіла ў жорсткую аварыю ў Польшчы. Ёй патрэбна дапамога

Палітвязень Дзяніс Івашын упершыню за паўтара года пабачыўся з маці

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
18
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
10
Абуральна
6
0
Тэкля/адказаць/
02.04.2024
Ачуньвай, даражэнькая!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930