Знайсці
02.04.2024 / 07:1517РусŁacБел

Джаан Роўлінг могуць арыштаваць

Сусветна вядомая пісьменніца рэзка адказала на шатландскі закон аб забароне распальвання нянавісці допісамі пра трансгендараў.

Джаан Роўлінг. Фота: Bruce Glikas / Bruce Glikas / FilmMagic / Getty Images

Брытанская пісьменніца Джаан Роўлінг рэзка раскрытыкавала новы шатландскі закон аб забароне распальвання нянавісці і апублікавала ў сваіх сацыяльных сетках некалькі допісаў аб трансгендарных людзях. Яна заявіла, што калі гэтыя выказванні будуць расцэненыя як парушэнне закона, яна будзе гатовая адправіцца пад арышт, піша Бі-бі-сі.

Новы закон уступіў у сілу 1 красавіка гэтага года, хоць шатландскі парламент ухваліў яго яшчэ ў 2021-м. Ён уводзіць крымінальную адказнасць за распальванне нянавісці па прыкмеце ўзросту, абмежаваных магчымасцяў, рэлігіі, сэксуальнай арыентацыі, трансгендарнай ідэнтычнасці ці інтэрсэксуальнасці.

Кіраўнік урада Шатландыі Хамза Юсаф заявіў, што новы закон неабходны, каб справіцца з «ростам хвалі нянавісці».

Пры гэтым закон не абараняе жанчын як асобную сацыяльную групу. Чакаецца, што шатландскі ўрад пазней прапануе прыняць іншы закон, накіраваны супраць жанчынаненавісніцтва.

Роўлінг неаднаразова заяўляла, што жанчынамі могуць лічыцца толькі тыя, у каго бывае менструацыя.

Супраць пісьменніцы гучалі абвінавачванні ў трансфобіі, у тым ліку — пасля выхаду яе кнігі, у якой галоўны персанаж здзяйсняе злачынства, пераапранаючыся ў жаночае адзенне. Дзясяткі тысяч каментатараў палічылі, што Роўлінг грэбліва выказваецца аб трансгендарных людзях і не прызнае за імі права вырашаць, да якога гендару яны сябе адносяць.

Што напісала Роўлінг

Аўтар эпапеі пра Гары Потэра і Кармарана Страйка, якая жыве ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу, адрэагавала на ўступленне новага закона ў сілу допісамі ў сацыяльнай сетцы Х (былы твітар).

У іх яна згадала крымінальныя справы ў дачыненні да трансгендарных людзей, у тым ліку — выпадак брытанкі Іслы Брайсан, прызнанай вінаватай у згвалтаваннях. Яна апісала гэтых людзей як мужчын, хоць яны змянілі палавую прыналежнасць. Мужчынамі яна таксама назвала некалькіх актывістаў, якія змагаюцца за правы трансгендараў.

«Шатландскія заканадаўцы, па ўсёй верагоднасці, аддаюць перавагу пачуццям мужчын, якія рэалізуюць свае ўяўленні аб жаноцкасці — хоць бы нават апартуністычныя або жанчынаненавісніцкія, а не правам і свабодам сапраўдных жанчын і дзяўчынак», — заявіла пры гэтым Роўлінг.

«Да таго часу, пакуль нам не дазволяць называць мужчыну мужчынам, немагчыма будзе нават карэктна апісаць або справіцца з той рэальнасцю гвалту, у тым ліку сэксуальнага, з якой сутыкаюцца жанчыны і дзяўчынкі», — працягнула пісьменніца.

«Свабода слова і веравызнання ў Шатландыі могуць скончыцца, калі карэктнае апісанне біялагічнага полу абвяшчаецца крымінальным злачынствам, — лічыць Дж. К. Роўлінг.

— Цяпер я знаходжуся за мяжой, але калі тое, што я напісала, будзе кваліфікавана як злачынства з пункту гледжання новага закона, то чакаю не дачакаюся, калі мяне арыштуюць пасля вяртання на радзіму шатландскага Адраджэння [перыяд у гісторыі Шатландыі ў XVIII — пачатку XIX стагоддзя, калі краіна актыўна развівалася ў культурным, навуковым і сацыяльным плане]».

Шатландская паліцыя паведаміла, што пакуль не атрымлівала якіх-небудзь скаргаў у сувязі з допісамі Роўлінг.

Што сказана ў новым законе

Парушэнне новага закона аб забароне распальвання нянавісці можа карацца штрафам або турэмным зняволеннем на тэрмін да сямі гадоў.

У законе сказана, што злачынствам з'яўляецца распаўсюджванне матэрыялаў або паводзіны, якое «разважны чалавек палічыць пагрозлівым або абразлівым», і яго мэта — распальванне нянавісці пры прынцыпе прыналежнасці да пэўных катэгорый.

На ўсёй тэрыторыі Вялікабрытаніі ўжо дзейнічае закон, які забараняе распальваць нянавісць да людзей на аснове іх расавай прыналежнасці, сэксуальнай арыентацыі і рэлігіі (ён быў прыняты яшчэ ў 1986 годзе).

Аднак новы акт, ухвалены ў Шатландыі, устанаўлівае больш нізкую планку такіх правапарушэнняў, паколькі таксама ўключае «абразлівыя паводзіны».

У адказ на крытыку, звязаную з прыняццем закона, Юсаф заявіў: «Калі вашы паводзіны не з'яўляецца пагрозлівымі або абразлівымі і яны не накіраваны на распальванне нянавісці, вам няма пра што турбавацца».

Чытайце таксама:

Ці выйдуць апошнія дэтэктывы Роўлінг і Несбё па-беларуску?

У цэнтры Віцебска працуе казачная вітрына ў стылі Гары Потэра

Адкрыты перадзаказ на «Брацтва пярсцёнкаў» Толкіна па-беларуску

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
30
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
11
0
А ў тым законе/адказаць/
02.04.2024
усе 154 гендары апісаны?
0
Абы-што/адказаць/
03.04.2024
1, З глузду з'ехалі перш за ўсё тыя, хто ўсё гэта абмяркоўвае. Хочацца камусьці неяк звацца, няхай завецца, яго справа, чаму нейкія дзівакі трыгерацца на гэта?
0
Хрысьціянка/адказаць/
03.04.2024
Захаваць духоўныя каштоўнасьці ці грошы? Плакаць хочацца ад таго, куды коціцца сьвет. Што з намі будзе? Трэба ўратаваць Беларусь
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031