Знайсці
12.03.2024 / 10:451РусŁacБел

Тры гады таму затрымалі гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына

Праз паўтара года яго здзекліва асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц.

Вольга і Дзяніс Івашыны ў Вільні. Фота: фэйсбук Вольгі Івашына

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года супрацоўнікі КДБ нібыта за ўмяшанне ў дзейнасць міліцыі і спачатку абвінавацілі паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса. Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.

Дзяніс быў рэдактарам-валанцёрам беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальнай супольнасці InformNapalm з 2014 года, а таксама пазаштатным карэспандэнтам у газеце «Новы час» з 2018-га, зрабіў некалькі расследаванняў, у тым ліку пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

У сярэдзіне сакавіка 2022 праваабаронцам стала вядома, што КДБ таксама абвінавачвае Івашына ў супрацоўніцтве з украінскай разведкай.

У сярэдзіне чэрвеня 2022 года справу Дзяніса перадалі ў суд. 15 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме распачаўся разгляд справы журналіста.

14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Вярхоўны суд 20 снежня 2022 г. разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста. Прысуд пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

17 студзеня 2023 года палітвязня этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Ён прыбыў у калонію з высокай тэмпературай і адразу трапіў у шпіталь. 10 лютага стала вядома, што Дзяніса перавялі з бальніцы ў атрад.

Згодна з даведкай з суда, Івашына асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор або распаўсюд дадзеных аб асабістым жыцці). Калі і з якой прычыны адбылася замена ці перакваліфікацыя абвінавачання, невядома.

У канцы лютага 2023 г. Дзяніса перавялі ў турму №1, а ў сакавіку перавялі назад у магілёўскую ПК №15. Там яго абмежавалі дзвюма «атаваркамі» замест належных пяці.

Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Жонка палітвязня Вольга адзначала, што пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Цяпер ён знаходзіцца ў жодзінскай турме №8 на строгім рэжыме.

Вольга ўчора напісала ў сваім фэйсбуку:

«Набліжаецца трэцяя гадавіна захопу ў палон Дзяніса Івашына. Амаль тыдзень ад яго не прыходзіла новых лістоў. І дагэтуль не адбылося ніводнага з нібы двух абяцаных у сакавіку тэлефанаванняў. Безумоўна, нашыя хваляванні не параўнаюцца з пакутамі сваякоў іншых палітвязьняў, пра якіх месяцамі адсутнічае якая-кольвек інфармацыя. Але наўрад ці мы ад таго станем менш хвалявацца за Дзяніса. Мы ўжо былі сьведкамі таго, як спачатку пра палітзняволенага пераставалі казаць і пісаць, а пазней грамадства раптоўна даведвалася пра іхнае забойства за кратамі ці давядзенне да смерці праз несвоечасовае аказанне меддапамогі».

Чытайце таксама:

Аб'явілі збор на надмагільны помнік памерламу за кратамі Ігару Ледніку 

Жыхара Лунінца асудзілі да сямі гадоў калоніі па шэрагу пратэсных артыкулаў

Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля «сутак» — крыміналка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
4
0
даведка/адказаць/
12.03.2024
Не зря ж брат судьи Романовского стал ректором Полоцкого государственного университета на родине Кочановой.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031