Знайсці
17.01.2024 / 12:3612РусŁacБел

«Адукацыя церпіць сапраўдны крах і банкруцтва». Перад выбарамі ў БДУ ідзе новая хваля рэпрэсій супраць выкладчыкаў

У Беларускім дзяржаўным універсітэце ідзе новая хваля рэпрэсій у дачыненні да выкладчыкаў, паведаміла «Позірку» былы выкладчык кафедры міжнародных адносін БДУ, кандыдат гістарычных навук, палітолаг Роза Турарбекава.

 Пра тое, як выглядаюць рэпрэсіі ва ўніверсітэце, эксперту вядома «па 2021 годзе», калі звольнілі яе саму. Тады, паводле яе слоў, напрыканцы года «прыйшлі спісы ў дэканаты факультэтаў усяго ўніверсітэта».

У іх былі «пазначаныя асобы, якіх трэба звольніць, людзі, якіх трэба панізіць на пасадзе, каго трэба выклікаць на прафілактычную гутарку». 

Тыя падзеі ў ВНУ, лічыць яна, сталі «падрыхтоўкай да рэферэндуму» аб змяненні Канстытуцыі ў лютым 2022 года. «Я думала, што ўжо тады звольнілі ўсіх незадаволеных, усіх, хто хадзіў на пратэсты, хто быў актыўны і не хаваў сваёй актыўнасці, а ўсіх астатніх проста запалохалі», — сказала Турарбекава. 

Цяпер, паводле слоў палітолага, «праводзіцца дакладна такая ж кампанія напярэдадні так званых выбараў у так званы парламент».

Ёй вядома, што напрыканцы мінулага года («прыкладна ў лістападзе, магчыма, у снежні») ва ўніверсітэт зноў «прыйшлі спісы <…> на звальненне, на паніжэнне і на прафілактычныя гутаркі».

 Турарбекава выказала меркаванне, што выкладчыкі, якіх вырашылі звольніць, былі недзе «заўважаныя, можа, хадзілі на пратэсты, праходзілі ў папярэдніх спісах».

Пры гэтым яна ўпэўнена, што «папярэджанні і паніжэнні» закранулі людзей, якія «не хадзілі на пратэсты, не праяўлялі ніякай палітычнай актыўнасці». 

«З чым звязана гэтая хваля… мусіць, кожны выпадак з’яўляецца індывідуальным. Але гэты спіс быў сфарміраваны, адпраўлены з рэктарата дэканам. Працэс, як правіла, курыруе прарэктар па бяспецы, афіцэр КДБ. І людзей сталі звальняць і паніжаць на пасадзе літаральна перад Новым годам. Гэта я таксама звязваю з палітычнай кампаніяй перад так званымі выбарамі», — сказала палітолаг. 

Яна мяркуе, што да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года «будзе праведзена самая, напэўна, вялікая кампанія паводле таго ж сцэнарыю». 

Вынікам рэпрэсій у ВНУ Турарбекава назвала «колькаснае і якаснае скарачэнне высокапрафесійных, высокакваліфікаваных кадраў», у першую чаргу тых, хто мае навуковую ступень. 

«І так у Беларусі з гэтым вялікая праблема, — канстатавала эксперт. — Дысертацыі, кандыдацкія і доктарскія, якія абараняюцца, асабліва ў сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах, — іх узровень упаў вельмі моцна. Акрамя таго, напрацаваны акадэмічны капітал цяпер бязлітасна вычышчаецца. Людзей звальняюць, нягледзячы на <…> заслугі ў навуцы, <…> перспектыўнасць». 

Паводле слоў экс-выкладчыка БДУ, каб «выгадаваць аднаго кандыдата навук», неабходна не менш за 10 гадоў, «у вельмі рэдкіх выпадках — 7—8″. «Гэта была пэўная селекцыя, дастаткова вялікі час падрыхтоўкі, — патлумачыла яна. — І вось мы выгадавалі кандыдата навук, каб ён у будучыні падтрымліваў узровень навуковых даследаванняў, і вы яго звальняеце. Перспектыўнага, маладога кандыдата навук». 

Тое ж тычыцца прафесуры, якая ў Беларусі з’яўляецца «выміраючым відам», паколькі «доктарскія дысертацыі абараняюцца вельмі рэдка», дадала палітолаг. Яна звярнула ўвагу на тое, што «рэпрэсіўная палітыка адносна акадэмічных свабод унутры Беларусі» вядзецца «ўжо дастаткова даўно», аднак «якасны скачок, які здарыўся пасля 2020 года, проста заганяе ў труну беларускую навуку». 

Паводле інфармацыі Турарбекавай, да восені 2023 года толькі з БДУ было звольнена каля 100 дацэнтаў і прафесараў. 

«Дацэнты — гэта нават не кандыдаты навук, гэта ўжо больш высокая ступень, навуковае званне, якое дае чалавеку права на кіраўніцтва аспірантамі. А прафесар увогуле — гэта навуковы кірунак. <…> Было выкінута 35 прафесараў з універсітэта, лічыце, выкінута 35 навуковых кірункаў, навуковых школ. Плюс 60 дацэнтаў — гэта патэнцыйныя навуковыя школы і патэнцыйныя навуковыя кірункі», — канстатавала суразмоўца. 

Наколькі ёй вядома, сярод звольненых ёсць «дацэнты, якія ўжо набліжаліся» да таго, «каб стаць прафесарамі», бо ў іх было «некалькі абароненых аспірантаў, некалькі кандыдатаў навук». Сама Турарбекава да звальнення падрыхтавала да паспяховай абароны трох кандыдатаў навук, «на падыходзе было яшчэ два». «Такім чынам, я забяспечвала цэлы навуковы кірунак вывучэння знешняй палітыкі краін Блізкага і Далёкага Усходу. Не я адзіная закрывала кірунак, але была адной з прадуктыўных дацэнтаў. І такіх, як я, больш за 60 выкінулі», — сказала яна. 

Палітолаг лічыць, што цяпер беларуская навука «не проста дэградуе», бо «дэградацыя — гэта павольны працэс», а церпіць «сапраўдны крах і банкруцтва». 

«У навуцы канфармізм непрымальны, яна не можа рухацца дзякуючы яму. Яна можа рухацца толькі дзякуючы крытычнаму мысленню. І звольнілі акурат самых заслужаных і самых перспектыўных, у якіх галава на месцы і сумленне ў парадку», — звярнула ўвагу Турарбекава. 

Экс-выкладчык БДУ мяркуе, што ва ўніверсітэце «маглі застацца адмыслоўцы» ў галіне хіміі і фізікі, але нават там маюцца палітызаваныя тэмы, напрыклад, звязаныя з АЭС і ядзернымі адкідамі. 

«А што да сацыяльна-гуманітарных дысцыплін — гэта проста кашмар. Найбольш пацярпелі гісторыкі, на другім месцы філолагі, спецыялісты па беларускай мове, але не толькі. Цяпер ідзе пераслед тых, хто выкладае польскую мову», — падсумавала суразмоўца.

Чытайце таксама:

Беларуска з ЗША напісала, што хоча адправіць дачку у Мінск, таму што ў «Амерыцы няма такіх утульных дзіцячых садочкаў» − і панеслася

На журфаку БДУ новы намеснік дэкана — фанат Лукашэнкі родам з Пскова

Рэктар БДУ пра вучобу ў расійскіх універах: Не бачу ніводнага плюсу, сэнс страляць сабе ў нагу

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
9
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
14
Абуральна
56
0
Зигмунд Нефрейд/адказаць/
17.01.2024
Бывший студент 2006 года, видать вы особо умственноразвитый, раз в минюсте.
3
Басалыга А/адказаць/
18.01.2024
Выкладчык, я стал начальником, а вот разные турарбековы, шадурские и иные подобные экземпляры себя показали.
0
Выкладчык/адказаць/
18.01.2024
Басалыга А, гэта часова
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера