Знайсці
23.11.2023 / 21:073РусŁacБел

Блогер з энтузіязмам паказаў, як харчавацца за 9 рублёў на дзень

Камандзіровачныя ў Беларусі складаюць 9 рублёў за суткі. Ці хопіць гэтых грошай на харчаванне? Праўладны тыкток-блогер ПалВаныч, які называе сябе актывістам-аптымістам з Кобрына, з энтузіязмам распавядае падпісчыкам, што гэта вельмі лёгка зрабіць.

Фота з інстаграму dmitriev_by

Павел Дзмітрыеў (гэта сапраўднае імя ПалВаныча) прыехаў у Мінск на чатыры дні і зняў кватэру за 100 рублёў за суткі. Ён радасна паведаміў, што гаспадыня дазволіла яму выкарыстоўваць любыя прадукты, якія ён знойдзе на кухні. Гэтая навіна ўзрадавала ПалВаныча: ён стаў прыкідваць, ці зможа дзякуючы гэтаму ашчадзіць нешта з дзевяці рублёў сутачных камандзіровачных.

@jascked

♬ оригинальный звук - music23

На кухні блогер знайшоў дзве цукеркі «Птушынае малако», слоік баклажанаў у аджыцы і слоік хатняга вішнёвага джэму, розны алей, хлеб, бутэльку малака, муку, сухое бульбяное пюрэ, мюслі, крыху грэчкі, каву, гарбату і цукар. «Класная ашчаднасць!» − узрадаваўся актывіст-аптыміст.

Яшчэ ў адной шафе ён знайшоў розную макарону — патроху ў кожным пачку.

«Пабачым, панюхаем. Калі яна добрая, будзем выжываць». Наткнуўся блогер і на калекцыю бутэлек з-пад рознага алкаголю. Гучнае «Ваў!» змянілася расчараванае на «Ай, яны пустыя. Прыкіньце, калі б гэта было ўключана. Быў бы all-inclusive!».

У лядоўні знайшлося крыху пельменяў і некалькі пачкаў марожанага. Сваю першую страву ПалВаныч назваў суп «Нажорысты»:

«Гэта суп з фрыкадэлькамі ў цесце. Па-іншаму — пельмешкі. Самы галоўны сакрэт — каб вадзічка была смачная і нажорыстая. Тады хопіць на цэлы дзень».

Пасля гэтага блогер вырашыў схадзіць у краму, каб набыць ежы на чатыры дні ў сталіцы — але 36 рублёў усё ж не хапіла, мужчына прызнаўся, што крыху перавысіў свой бюджэт. Ён зрабіў модны ў сацсетках «анпакінг» — прадэманстраваў набыткі. З крамы ПалВаныч прынёс гранат, дзве пачкі тварагу, пернікі, кілаграм пельменяў «Пацешкі» (іх ён назваў асновай свайго рацыёну), дзясятак яек, мексіканскую гароднінную сумесь («Вось на гэтым я прагарэў, — пракаментаваў блогер. — Будзем варыць віп-суп»), два слоікі тушонкі.

@jascked Ответ пользователю @anastaisha_1983 Выживаю на командировочные. 4 дня - 36 рублей. По итогу вышло 40 руб. Не рассчитал нормально, будем считать, что в кармане мелочь нашел Отлично, что бонусом есть кофе, чай, макароны, соус. Это просто мега класс. #студенты#студент#рецепт#minsk#минсксейчас#беларусь#минск#Беларусь#беларусь#рек#врек#рекомендация#палваныч#выживание#беларусь#кобрин#kobrin#челлендж#а4#a4#общага♬ Get Lucky - Daniele Vitale

Наступнай стравай, якую згатаваў актывіст-аптыміст, стала макарона гаспадыні з яе ж прыправамі і бярозаўскай тушонкай з «Еўраопта». «Шыкоўнай страве» ПалВаныч даў назву «Цыганская макарона па-міжземнаморску».

@jascked Ответ пользователю @vivaviktoria_model Приготовил ужин завтрак и опять ужин. потратил 5 руб на банку тушёнки. Остальное бонусом от хозяйки квартиры #общага#a4#а4#челлендж#kobrin#кобрин#беларусь#выживание#палваныч#рекомендация#врек#рек#беларусь#Беларусь#минск#минсксейчас#minsk#рецепт#студент#студенты#еда♬ Tarantella napoletana - Andrea Colombari

Аналізуючы свае закупы на наступны дзень, блогер прыйшоў да высновы, што ён занадта разагнаўся і такога запасу прадуктаў яму хапіла б на тыдзень. Пашкадваў, што не набыў бульбы, бо з яе можна шмат чаго прыгатаваць — зрабіць, напрыклад, дранікі ці пасмажыць і з’есці з селядцом.

Падпісчыкі ПалВаныча пагадзіліся з тым, што 36 рублёў лёгка хопіць, каб есці чатыры дні, калі «не шыкаваць». Але ж, нягледзячы на ўвесь гэты аптымізм, блогер на відэа неаднаразова кажа «будзем выжываць!» — у гэтай фразе, здаецца, уся філасофія пэўнага тыпу людзей. Яны імкнуцца не жыць, а менавіта выжываць.

ПалВаныч мае 13 500 падпісчыкаў у тыктоку. Там ён пераказвае асноўныя тэзісы прапаганды, рэпосціць відэа з Лукашэнкам, а таксама паказвае, як удзельнічае ў розных праўладных мерапрыемствах — напрыклад, у кастрычніку ён разам з іншымі «ідэалагічна правільнымі» актывістамі садзіў яблыні каля Палаца Незалежнасці.

Чытайце таксама:

«Уладзімір Уладзіміравіч, велізарная просьба: прашу прызваць мяне на СВА». Тыкток-ваяр з Добруша просіцца на фронт

Першыя роды ў 15 гадоў, другія ў 17 і трэція ў 19. Маладая мама з-пад Гомеля стала аб'ектам захаплення адных, жоўці другіх

Блогерка зрабіла агляд цэн на рынку. Некаторым прадаўцам пасля прыйшлося іх зніжаць

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
43
Ха-ха
12
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
9
1
Ёсік/адказаць/
23.11.2023
А яшчэ можна партрэт дырэктара саўгаса з сабой вазіць і за ўсё яко дзякаваць. 9 рублёў? А тое, што адтуль трэба на праезд узяць каля рубля на адну паездку, а мо і на маршрутцы, якая даражэйшая. Хутка гаўно нахвальваць будуць, калі яго цукрам пасыпаць. Запісвай, як шчэ ў будучым будзеш эканоміць у камандзіроўках - квіток на праезд апасьля не выкідвай, пойдзеш у прыбіральню па вялікай справе, гэты квіток вакол пальца абкруціў, пальцам дупу падцёр, а квітком біяматэрыял сатрэш. Не трэба падзякі, карыстайся. Ганарыцца галечай, ды шчэ яе апраўдваць. Куды крочылі столькі часу, куды прыйшлі?
1
абы як/адказаць/
23.11.2023
Зжэр усе хазяйкіны харчы і розуму хваціла яшчэ гэтым пахваліцца. Во дзе сораму няма)

Ва ўсялякім выпадку, калі за хату заплаціў 400 руб, то гэтая эканомія выглядае эканоміяй на запалках.
0
ПЯТРО/адказаць/
24.11.2023
Купил бы лучше муки на три дня.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031