Знайсці
21.11.2023 / 09:47РусŁacБел

Беларускі навуковец, чые здымкі публікуе NASA — пра астрапейзажы, галактыку Андрамеды, «зорку Венеру» і касмічныя краявіды на Крыце 

Аматар-астрафатограф Дзмітрый Канановіч аўтар мноства здымкаў зорнага неба. У яго калекцыі — фота з сузор’ямі, каметамі, зорамі і іншымі касмічнымі аб’ектамі. Нядаўна яго незвычайны астрапейзаж з галактыкай Андрамеды стаў здымкам дня на навукова-папулярным сайце NASA. Навуковец з Талінскага тэхналагічнага ўніверсітэта лічыць, што сваім незвычайным здымкам сказаў новае слова ў астрапейзажы. Пагаварылі з ім і паглядзелі найлепшыя з фота.

Дзмітрый Канановіч. Фота: асабісты альбом Дзмітрыя Канановіча

«Круты фотаздымак са святлом у 2,5 мільёна гадоў»

Дзмітрый Канановіч сфатаграфаваў галактыку Андрамеды на фоне зямнога ландшафту: Швейцарскіх Альпаў. Горны масіў меўся паказаць, наколькі вялікая найбліжэйшая да нашай планеты галактыка. На фота яе памер роўны шасці поўням, выстаўленым ланцужком.

«Яна насамрэч дужа вялікая, і людзі часам не разумеюць маштабу, бо звычайныя фотаздымкі не перадаюць гэтага», — тлумачыць ён.

Аматары астраноміі найчасцей пачынаюць свае доследы з галактыкі Андрамеды, бо яна найбольш яркі аб’ект глыбокага космасу. Здымкаў з ёю процьма ў інтэрнэце.

Аднак разгледзець яе цалкам няўзброеным вокам немагчыма. На чорным небе бачнае толькі ядро. Навуковец фатаграфаваў галактыку ў Альпах адмысловай камерай для астрафатаграфіі.

Навуковец ведаў, калі касмічны аб’ект будзе «пралятаць» над гарамі, і на вакацыі выправіўся туды. 

Рэдактары сайта APOD (Astronomy Picture of the Day), якім апякуецца агенцтва NASA і Мічыганскі тэхналагічны ўніверсітэт, прызналі твор беларуса здымкам дня. Фота «Андрамеда над Альпамі» было апублікаванае 13 лістапада.

«Андрамеда над Альпамі». Аўтар Дзмітрый Канановіч. Фота: apod.nasa.gov

На здымку бачна шмат цікавых дэталяў. Святло, зафіксаванае на ім, пакінула галактыку Андрамеды 2,5 мільёна гадоў таму. А, паводле апошніх даных, наша галактыка, якая называецца Млечны Шлях, праз некалькі мільярдаў гадоў сутыкнецца з галактыкай Андрамеды і стане з ёю адным цэлым.

Здымак у Альпах Дзмітрый зрабіў яшчэ ў студзені 2022 года, а даслаў яго ў APOD, каб ім адзначыць 100-гадовы юбілей адметнай падзеі ў астраноміі.

У кастрычніку 1923 года астраном Эдвін Хабл упершыню вымераў адлегласць да «туманнасці Андрамеды» і даказаў, што яна асобная галактыка. Тады ж лічылася, што гэта «туманнасць» частка Млечны шляху, за якім нічога няма. Сваім адкрыццём навуковец пашырыў сусвет амаль што да бясконцасці.

«Зорка Венера» і Леаніды Караткевіча

Дзмітрый Канановіч кажа, што на незвычайным фота не зарабіў ні цэнта. У APOD даслаць здымкі з цікавай астранамічнай з'яваю можа любы і, калі рэдактары палічаць твор вартым увагі, зробяць яго здымкам дня.

Дзмітрый дапускае, што на такіх здымках можна зарабляць, але пра тое не думае. Для яго важна падзяліцца прыгажосцю зорнага неба. Гэтак ён папулярызуе навуковыя веды аб Сусвеце. Некаторыя з фотаздымкаў маюць навуковую каштоўнасць і выкарыстоўваюцца навукоўцамі.

Здымак дня на APOD — планета Венера. Аўтар: Дзмітрый Канановіч. Фота: apod.nasa.gov

Багата яго здымкаў назапашана ў галерэі сайта «АстраБін» пад свабоднай ліцэнзіяй. Іх можа браць кожны з пазнакай аўтара. Імі, напрыклад, ілюструецца навукова-папулярны часопіс «Pamyłka».

Улюблёная планета Дзмітрыя — «зорка Венера» Максіма Багдановіча. Фота з гэтай планетай стала першым яго здымкам дня на APOD. Навукоўцу ўдалося ўпільнаваць момант, калі месяц затуляў Венеру.

Венера самы яркі абʼект на небе пасля Сонца і Месяца. Назіраць за ёю можна і ўдзень. Як і месяц, яна змяняе фазы, напрыклад, бывае маладзіком.

Астрафатограф кажа, што цікава назіраць за аблокамі Венеры, але яны не бачныя нават у тэлескоп. Ён робіць здымкі з імі ў ультрафіялетавым і інфрачырвоным святле, і яны маюць навуковаю каштоўнасць.

Дзмітрый захапіўся астрафатаграфіяй у 2008 годзе яшчэ ў Беларусі. Ён прызнаецца, што на радзіме адметнага здымка зрабіць яму не ўдалося, бо там толькі пачынаў першая крокі ў сваім хобі. 

«Было б крута зрабіць астрапейзаж з возерам, у якім адбіваюцца зоркі, ці зорнае неба ў камбінаванні з балотамі», — кажа навуковец.

Улюблёная планета Канановіча — «зорка Венера» Максіма Багдановіча. Фота: Дзмітрый Канановіч з сайта astrobin.com

У Беларусі маляўнічыя срэбныя аблокі. У Эстоніі ж яны вандруюць значна вышэй і расплываюцца па ўсім небе.

У фотакалекцыі Дзмітрыя пакуль няма ўслаўленых Уладзімірам Караткевічам у рамане «Нельга забыць»Леанідаў. Метэорны паток наведваецца да Зямлі звычайна ў лістападзе, у непагадзь.

А вось Персеіды ён фатаграфуе штогод. Яны прылятаюць да Зямлі ў жніўні.

«Метэоры вельмі цікава фатаграфаваць. Гэта як рыбалка — расстаўляеш фотакамеры, нібы пасткі, і чакаеш, калі нешта трапіць у іх», — вобразна тлумачыць ён.

Персеіды. Фота: Дзмітрый Канановіч з сайта astrobin.com

Астрафатографам-навічкам Дзмітрый раіць пачынаць са здымкаў Месяца, а таксама начных краявідаў.

Можна вышукваць незвычайныя кадры, вандруючы па краіне. Карысна знайсці сяброў з такім жа захапленнем, але больш дасведчаных. Гэта не цяжка, бо ў Беларусі даволі шмат аматараў астраноміі і астрафатографаў.

Для астрафатографа важна, каб цёмнае неба было без «светлавога забруджвання», працягвае навуковец.

У Еўропе святло буйных гарадоў перашкаджае назіраць за зорамі і там застаецца ўсё меней некранутых цывілізацыяй мясцін. Беларусь жа пакуль не так шчыльна заселена і ёсць запаведныя куткі з вельмі цёмным небам.

«Было б крута каб яны захаваліся. З задавальненнем ездзіў бы ў такія запаведнікі», — адзначае суразмоўца.

Брэстчына і Гомельшчына найбольш прыдатныя для астрапейзажаў мясціны, бо там больш ясных начэй.

Рай для астрафатографаў…

Дзмітрыю Канановічу 41 год. Ён з Барысава. Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат хімічных навук. Займаецца арганічнай хіміяй.

З 2011 годзе працуе ў Талінскім тэхналагічным універсітэце. Займаецца навуковымі даследаваннямі. Выкладае дактарантам (у Беларусі гэта аспіранты) ды магістрантам. Некаторыя ўжо абараніліся і атрымалі доктарскую ступень.

Дзмітрый Канановіч на Крыце. Фота: асабісты альбом Дзмітрыя Канановіча

Дзмітрый з дзяцінства чытаў навукова-папулярную літаратуру. Цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі, але хімія стала прафесіяй. Любіў назіраць за зорамі, а потым задумаўся, як можна захаваць упадабаныя моманты. Так пачаў фатаграфаваць.

«Астрафатаграфія — тэхнічны занятак. Чалавеку з навуковым складам розуму ён дужа пасуе», — расказвае ён.

Дзмітрый называе сябе прафесіяналам у астрафатаграфаванні сярод аматараў. Калі пачынаў, то марыў, каб ягонае фота стала на APOD здымкам дня. Гэта стымулявала развіццё.

Ён адзначае, што мае даволі глыбокія веды ў астафатаграфіі і рэдактары сайта гэта адчуваюць.

Навуковец шмат падарожнічае з жонкай. Разам аб’ездзілі амаль усю Еўропу.

Зацьменне Месяца на Крыце. Фота: Дзмітрый Канановіч з сайта astrobin.com

Улюблёная краіна для астрафатаграфавання — Грэцыя. На востраве Крыт у яго пункт для назірання з самым вялікім тэлескопам. Усяго ў Дзмітрыя іх пяць.

«У Грэцыі дужа добры астраклімат. З гэтай паўднёвай краіны бачна шмат цікавых касмічных аб’ектаў. Там сухое надвор’е з бясхмарным небам. Для астрафатографаў — гэта рай», — расказвае ён.

На Крыце Дзмітрый фатаграфуе начныя пейзажы з морам.

Астрапейзаж з Крыту. Марс над морам. Фота: Дзмітрый Канановіч з сайта astrobin.com

Удалося яму сфатаграфаваць зацьменне Месяца. Астранамічную зʼяву ён здымаў у невялічкай горнай вёсачцы падчас вячэры з сябрамі-грэкамі. Фота ім спадабалася. Беларус раздрукаваў іх вялікім памерам у добрай якасці ды падарыў сябрам з Крыту на Раство.

Кароль планет і беларуска-эстонская валошка

Сёлета ў Эстоніі Дзмітрый перамог на конкурсе астафатаграфіі Тартаўскай абсерваторыі ў намінацыі «Планеты». Беларус даслаў на яго фота Юпітара са спадарожнікамі Ганімед і Іо.

«Здымак называецца «Кароль планет Юпітар і зацьменне Ганімеда». Юпітар прыгожа глядзіцца з Зямлі. Праз тэлескоп на ім бачна знакамітая чырвоныя пляма», — заўважае ён.

«Эстонскі» Юпітар Дзмітрыя Канановіча. Здымак — пераможца конкурсу астафатаграфіі Тартаўскай абсерваторыі. Фота: dropbox.com

У Эстонію Дзмітрый Канановіч выпраўляўся на год ці два, а ўжо мінула дванаццаць.

Працаваць у Талінскім тэхнічным універсітэце яму падабаецца. Па яго словах, гэта сапраўднае міжнароднае ВНУ. У ім працуюць навукоўцы і выкладчыкі з розных краінаў. Ён не адзіны беларус. Ёсць украінцы, індусы і, вядома ж, эстонцы. Асноўная мова ангельская.

Дзмітрый адзначае, што эстонцы менталітэтам падобныя да беларусаў, але больш замкнёныя на сабе, але ў адрозненні ад Беларусі Эстонія адкрытая свету. Яна невялікая краіна, у якой адно аднаго «больш менш ведаюць».

«Напрыклад, калі гаворка пра палітыка, то шмат знойдзецца людзей хто сябруе з яго дзецьмі ці родзічам. А можа, гуляе нават разам у баскетбол. Таму палітыкі на відавоку грамадства», — адзначае навуковец.

У Эстоніі падобная з паўночнай Беларуссю прырода, але клімат сырэйшы і больш ветраны, дадае ён.

Нацыянальная кухня таксама падобная. У ёй пераважае сялянская ежа. Крывяная каўбаса, халадзец, як і ў Беларусі, нацыянальныя стравы.

Нацыянальная кветка Эстоніі — валошка.

«Але ў адрозненні ад Беларусі шмат увагі надаецца нацыянальнай мове ды наогул культуры. Мова развіваецца і па па зʼяўленні новай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі вынаходзяцца эстонскія адпаведнікі», — гаворыць беларус.

Дзмітрый Канановіч у гарах. Горы беларусу падабаюцца. Фота: асабісты альбом Дзмітрый Канановіч

Паводле яго, эстонцы цудоўна разумеюць, які няпросты перыяд перажываюць беларусы. Таму падтрымліваюць іх.

Многія адзначаюць, што беларусы, як і эстонцы, еўрапейская нацыя, таму ў гістарычнай перспектыве ўсё будзе добра.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Уначы беларусы назіралі незвычайную, але вельмі прыгожую астранамічную з'яву ФОТА

Поўнае зацьменне Месяца і ярка-аранжавы Марс. Як у Беларусі прайшла ўнікальная астранамічная з'ява ФОТАРЭПАРТАЖ

«Быў хімікам, стаў капітанам яхты». Беларус змяніў прафесію ў 40 год і расказвае, як гэта

Астраномы вызначылі, на колькі пашыраецца наша галактыка кожную секунду

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера