Знайсці
30.10.2023 / 10:43РусŁacБел

Да 2050 года сонечная энергія мае стаць асноўнай крыніцай электраэнергіі. Чаму гэта важна

Амаль усе развітыя краіны свету сёння ставяць перад сабой амбітную мэту — дасягнуць нулявых выкідаў, пашыраючы выкарыстанне чыстых крыніц энергіі. У выпадку з сонечнай энергіяй рэвалюцыйныя змены, магчыма, ужо адбыліся.

Фота: vecteezy

За апошняе дзесяцігоддзе кошт электраэнергіі ад сонечных электрастанцый істотна знізіўся: з 2010 па 2022 годы — на 89%. Батарэі, крытычна неабходныя для збалансавання сонечнай энергіі на працягу дня і ночы, таксама перажылі падобную цэнавую рэвалюцыю. Іх кошт прыкладна на столькі ж паменшаў за перыяд з 2008 да 2022 года.

Гэтыя падзеі ставяць важнае пытанне: ці перайшло ўжо чалавецтва той пераломны момант, калі сонечная энергія гатовая стаць дамінуючай крыніцай вытворчасці электраэнергіі на планеце? The Conversation правёў невялікае даследаванне, прааналізаваўшы і аб’яднаўшы апошнія тэхналагічныя і эканамічныя даныя з 70 рэгіёнаў па ўсім свеце ў макраэканамічную мадэль.

Вынікі атрымаліся шматспадзеўнымі: да сярэдзіны гэтага стагоддзя сонечная энергія будзе складаць больш за палову сусветнай вытворчасці электраэнергіі.

Гэты прагноз значна пераўзыходзіць любыя папярэднія чаканні. У 2022 годзе справаздача Міжнароднага энергетычнага агенцтва World Energy Outlook прагназавала, што сонечная энергія будзе складаць толькі 25% вытворчасці электраэнергіі да 2050 года.

Вытворчасць сонечнай энергіі стане самай выгаднай да 2030 года

Даследчыкі вызначылі два ключавыя фактары, якія будуць стымуляваць хуткае пашырэнне сонечнай энергіі: яе даступнасць і хуткія тэрміны вытворчасці. Так, будаўніцтва сонечнай электрастанцыі звычайна займае ўсяго год. Для параўнання: будаўніцтва ветракоў на ўзбярэжжах можа займаць да трох гадоў.

Больш хуткае будаўніцтва сонечных электрастанцый дазваляе інвестарам атрымаць эканамічную выгаду ад іх раней, чым ад марскіх ветравых электрастанцый (і многіх іншых крыніц аднаўляльнай энергіі).

Узаемадзеянне гэтых фактараў утварае самаўзмацняльны цыкл. Па меры таго як вытворцы і мантажнікі будуць набываць больш досведу, цэны, паводле прагнозаў, будуць працягваць зніжацца. Гэта зробіць сонечную энергію яшчэ больш прывабнай для інвестараў.

Прагнозы паказваюць, што сярэдні кошт вытворчасці сонечнай электраэнергіі істотна знізіцца — ажно на 60% з 2020 па 2050 год, нават калі ўлічыць рост попыту на захоўванне энергіі.

Калі гэтыя прагнозы будуць дакладнымі, да 2030 года сонечная энергія ў спалучэнні з яе назапашвальнікамі стане самым танным варыянтам вытворчасці электраэнергіі амаль ва ўсіх рэгіёнах свету. Чакаецца, што ў тым жа годзе (2030-м) пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю сонечную электрастанцыю будзе на 50% танней за будаўніцтва новых вугальных электрастанцый у шасці асноўных рэгіёнах сусветнай эканомікі: ЕС, ЗША, Індыі, Кітаі, Японіі і Бразіліі. Краіны, якія працягваюць будаваць інфраструктуру на аснове карысных выкапняў, рызыкуюць паставіць свае электраёмістыя сектары ў істотна нявыгаднае канкурэнтнае становішча.

Карты, якія паказваюць крыніцы энергіі з самым нізкім сярэднім коштам вытворчасці электраэнергіі (уключаючы неабходнае захоўванне) у 70 рэгіёнах свету ў 2020, 2023, 2027 і 2030 гадах. Крыніца: Nijsse et al. (2023) / Nature Communications, CC BY-NC-SA

Хоць хуткае пашырэнне сонечнай энергіі выглядае даволі верагодным сцэнаром развіцця падзей і можа прывесці да выключна даступнай электраэнергі, трэба, аднак, пераадолець некалькі перашкод.

Сонечная энергія вельмі зменлівая, яна залежыць ад такіх фактараў, як час сутак, сезон і ўмовы надвор'я.

Каб улічыць гэтую зменлівасць, электрычныя сеткі павінны быць гнутка распрацаваныя: з улікам патрэб большага назапашвання і захоўвання энергіі. Гэта, у прыватнасці, запатрабуе стварэння пашыранай сеткі кабеляў перадачы, якія злучаюць розныя рэгіёны, і больш інвестыцый у дадатковыя аднаўляльныя крыніцы энергіі, такія, як вецер.

У будучыні, дзе будзе дамінаваць сонечная энергія, таксама будзе істотны попыт на розныя важныя металы і мінералы. Фактычна Міжнароднае энергетычнае агенцтва прагназуе, што да 2040 года патрэбы аднаўляльнай энергетыкі будуць складаць прыкладна 40% ад агульнага попыту на медзь, ад 60% да 70% — на нікель і кобальт, а таксама амаль 90% — на літый.

Для забеспячэння стабільных паставак асноўных матэрыялаў у будучыні важнай галіной эканомікі стане перапрацоўка адкідаў. Геолагі будуць працягваць пошук новых радовішчаў, каб кампенсаваць рызыку, звязаную з канцэнтрацыяй здабычы карысных выкапняў у нестабільных рэгіёнах.

Доступ да фінансавых рэсурсаў таксама ёсць найважнейшым фактарам для падтрымання росту тэхналогій сонечнай энергіі. У перыяд з 2011 па 2020 год 75% усяго кліматычнага фінансавання было накіравана ў Паўночную Амерыку, Заходнюю Еўропу і Усходнюю Азію (у асноўным, у Кітай). Афрыка, з другога боку, атрымала толькі 5% ад агульнага глабальнага фінансавання за той жа перыяд. Адзін з патэнцыйных шляхоў пераадолення гэтага дэфіцыту фінансавання — гэта ўкараненне механізмаў, якія страхуюць валютную і інвестыцыйную рызыку ў краінах Афрыкі і Азіі.

Даследчыкі робяць выснову, што краіны і рэгіёны, якія не выкарыстоўваюць аднаўляльных крыніц энергіі ў сваёй энергетыцы, рызыкуюць страціць сваю канкурэнтную перавагу, асабліва ў прамысловых сектарах.

Каб застацца канкурэнтаздольнымі, краіны павінны паскараць свае намаганні па інтэграцыі сонечнай энергіі ў свае сеткі, падтрымліваючы інвестыцыі ў дадатковыя тэхналогіі

Чытайце таксама:

Прарыўная геатэрмальная тэхналогія вырабляе 3,5 мегавата безвугляроднай энергіі

Вялікая батарэя зможа забяспечваць энергасілкаваннем увесь ваш дом амаль тыдзень

Вялізныя «пясчаныя батарэі» — новая тэхналогія для захоўвання лішкаў сонечнай і ветраной энергіі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031