Знайсці
07.10.2023 / 20:2218РусŁacБел

«Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай»

У Беларусі працягваецца пераслед гісторыкаў, для многіх з якіх улада ўвяла фактычную забарону на прафесію. Пра гэта і не толькі «Радыё Свабода» пагаварыла з гісторыкам, кандыдатам навук, галоўнай рэдактаркай альманаха «Запісы Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва» Наталляй Гардзіенка.

Наталля Гардзіенка

«У эміграцыі асаблівую важнасць набываюць кантакты з суайчыннікамі-калегамі-аднадумцамі»

— Нядаўна вы ўдзельнічалі ў працы Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску. Якія вашы ўражанні ад гэтага вялікага навуковага сходу?

— Я ўдзельнічаю ў Кангрэсах даследчыкаў Беларусі ад самага першага, з невялікімі перапынкамі, і заўсёды для мяне гэта важнае мерапрыемства. Цягам колькіх гадоў я арганізоўвала спецыяльныя панелі па гісторыі і культуры беларускага замежжа, а на старонках альманаха «Запісы Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва», які рэдагую, публікаваліся даклады ўдзельнікаў тых панеляў.

Кавід і падзеі 2020 года змянілі сітуацыю і для мяне асабіста, і для шмат каго з маіх калег, і для арганізатараў Кангрэса. Цяперашні форум у Гданьску стаў добрай магчымасцю ўжо ў новых умовах пабачыцца з калегамі, уявіць, дзе хто цяпер знаходзіцца, чым жыве і займаецца. У эміграцыі, як мне здаецца, асаблівую важнасць набываюць кантакты з суайчыннікамі-калегамі-аднадумцамі, і гданьскі кангрэс даў мне магчымасць гэткіх кантактаў.

Арганізатары Кангрэса чарговы раз зрабілі вялікую працу, каб сабраць разам колькі соцень даследчыкаў, даць магчымасць агучыць свае даклады, абмеркаваць актуальныя праблемы, а разам з тым яшчэ і пазнаёміцца з новым горадам. Удзельнічала ў кангрэсах і ў Коўне, і ў Вільні, і ў Варшаве. У кожным горадзе былі свае асаблівасці ў арганізацыі мерапрыемства, паўсюль бываюць і цікавосткі, і тэхнічныя складанасці, што непазбежна.

Гданьск запомніцца і арыгінальным музеем Другой сусветнай вайны, у якім адбываліся асноўныя мерапрыемствы, і развадным мостам, да часу апускання якога трэба было прыстасоўвацца, і шыкоўнымі відамі горада ў часе пераходаў паміж пляцоўкамі Кангрэса. Магу сказаць, што я была б рада, калі б нейкі з наступных кангрэсаў зноў адбыўся ў Гданьску.

«Кангрэс рызыкуе ўрэшце ператварыцца ў цалкам эміграцыйнае мерапрыемства»

— Арганізатары Кангрэса ацанілі ягоныя вынікі як катастрафічныя, найперш беручы пад увагу склад і геаграфію ягоных удзельнікаў. А па-вашаму, наколькі плённым быў гэты вялікі навуковы сход?

— Мне складана ацэньваць плён працы ўсяго Кангрэса, на якім было 14 тэматычных кірункаў і каля паўсотні панеляў, круглых сталоў, прэзентацый і іншых імпрэз. Тут традыцыйна былі, акрамя маіх калег-гісторыкаў, і палітолагі, і сацыёлагі, і эканамісты, і правазнаўцы, і літаратуразнаўцы, і журналісты, і шмат іншых спецыялістаў. Для кожнага плён будзе свой. Таму я магу гаварыць толькі пра тое, чым стаў Кангрэс для мяне асабіста.

Я выступала з расповедам пра тое, як прадстаўнікі беларускай эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны збіралі і пашыралі ў заходнім грамадстве інфармацыю пра ахвяраў рэпрэсій у Беларусі 1920—1940-х гадоў.

Дакументы пра гэта зберагліся ў архіўных зборах Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк). Захаванне памяці пра ахвяраў бальшавізму стала неад’емнай часткай місіі паваенных беларускіх эмігрантаў на Захадзе, іх рэпрэзентацыі незалежнай Беларусі. І гэта наўпрост перагукаецца з дзейнасцю, якую ў дачыненні да цяперашніх рэпрэсаваных у Беларусі ажыццяўляе сучасная эміграцыя. Даклад быў прыняты добра, было багата пытанняў, у тым ліку і ад украінскіх калег. Тэкст будзе апублікаваны ў чарговым выпуску альманаха «Запісы БІНіМ».

Па-за ўласным дакладам я слухала даклады калег на той самай секцыі па праблемах дэкаланізацыі. Як чалавека, які мае багата дачыненняў з рознымі бібліяграфіямі, вельмі ўразіла праца Наталлі Гарковіч па публікацыі бібліяграфіі «Мінскіх епархіяльных ведамасцяў», што выходзіць у лонданскім выдавецтве Skaryna-Press. На біяграфічнай секцыі, арганізаванай доктарам Алесем Смаленчуком, зацікавілі даклады пра Сяргея Сіняка (Хмару) і Кастуся Езавітава, абодва — дзеячы эміграцыі, таму і мая цікавасць да іх зразумелая.

Рада, што змагла паслухаць калег на круглым стале «Гісторыкі Беларусі і актуальныя выклікі». Шмат размоў было і ў кулуарах. І гэта заўсёды надзвычай важная частка кангрэсаў. Пабачыла багата калег, у тым ліку і тых, з якімі не бачылася колькі дзесяцігоддзяў, мела магчымасць абмеркаваць агульныя праблемы, супольныя праекты, пазнаёмілася з новымі людзьмі. Такім чынам, для мяне асабіста кангрэс у Гданьску быў плённым, і я шчыра ўдзячная ягоным арганізатарам за магчымасць удзелу.

Але я разумею, чаму можа ісці гаворка пра катастрафічнасць сітуацыі.

На першых кангрэсах, здаецца, большасць удзельнікаў былі з Беларусі. Часам нават і мне закідалі, што панель па замежжы можна спакойна арганізоўваць у Мінску з тымі ж удзельнікамі, не абавязкова ехаць у Коўна. Памятаем і спробы арганізатараў (няўдалыя) адзін год зладзіць Кангрэс у Мінску.

Цяпер жа пераважная большасць удзельнікаў знаходзяцца ў замежжы, з Беларусі прыехалі або ўдзельнічалі анлайн адзінкі. І гэта адлюстраванне катастрафічных змен у беларускай навуцы апошніх гадоў.

Кангрэс рызыкуе ўрэшце ператварыцца ў цалкам эміграцыйнае мерапрыемства. Але гэта, па-мойму, не змяншае важнасці правядзення гэтых з'ездаў навукоўцаў.

Можна згадаць сітуацыю, у якой апынуліся беларускія навукоўцы на Захадзе пасля Другой сусветнай вайны. Некаторыя з іх знаходзілі магчымасці ў новых складаных умовах эміграцыі працягваць даследаванні ў розных амерыканскіх, канадскіх, еўрапейскіх універсітэтах. Аднак тады не было такіх маштабных беларусазнаўчых канферэнцый, як цяперашнія кангрэсы. У 1970-х зладзілі некалькі Тыдняў беларускіх студыяў у Канадзе з удзелам некалькіх дзясяткаў даследчыкаў, і гэта былі найбольш значныя такога кшталту навуковыя менавіта беларускія форумы. Цяперашнія Кангрэсы даследчыкаў Беларусі, нават калі яны ператворацца ў менавіта эміграцыйныя навуковыя форумы, застануцца важнымі пляцоўкамі для даследчыкаў.

«На кангрэсе ў Гданьску ад розных калег чула, што самае важнае — застацца ў прафесіі»

— Сотні беларускіх навукоўцаў за апошнія тры гады вымушаныя былі з'ехаць з Беларусі, у іх ліку і вы. Ці ўдаецца вам і вашым калегам працягваць паўнавартасную навуковую працу за мяжой? Што і хто ўплывае на магчымасці беларускіх даследчыкаў займацца вывучэннем праблем радзімы, пакінуўшы яе?

— Варта заўважыць, што мае калегі сталі выязджаць з Беларусі ў выніку ціску і чыстак і ў Інстытуце гісторыі ў Мінску, і ў Гродзенскім універсітэце значна раней. Аднак цягам апошніх гадоў эміграцыя стала сапраўды больш інтэнсіўнай.

Зразумела, што тыя, хто з'ехаў раней, цяпер у лепшым становішчы. Часам калегам даводзіцца выязджаць у нікуды, каб уратавацца ад рэпрэсій.

Зусім незапланаваная была і мая эміграцыя. Аднак маім паратункам стала ў пэўным сэнсе тэма, якой я займалася яшчэ ў Беларусі — гісторыя эміграцыі. Напрацаваныя за два дзесяцігоддзі кантакты з рознымі структурамі беларускага замежжа, з арганізацыямі, якія з ім працуюць, далі свой плён.

Я атрымала вялікую падтрымку, за якую ўдзячная і Беларускаму Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, і Беларускай фундацыі Крачэўскага, і былому Згуртаванню беларусаў свету «Бацькаўшчына», і іншым структурам і канкрэтным асобам у эміграцыі.

Сёння я фактычна магу працягваць займацца тым жа, чым займалася ў Беларусі. Але мой выпадак, напэўна, можна лічыць выключным.

Ведаю, што калегам бывае значна складаней знаходзіць працу, стажыроўкі, падтрымку для сваіх даследаванняў у навуковых інстытуцыях Еўропы, складана заставацца ў «сваёй тэме». Часам даводзіцца шукаць магчымасці і проста працаваць дзеля заробку, каб забяспечваць сябе і сваіх блізкіх. На кангрэсе ў Гданьску ад розных калег чула, што самае важнае — застацца ў прафесіі.

Займацца гістарычнымі даследаваннямі ў эміграцыі, безумоўна, складаней, асабліва для тэм, завязаных на беларускіх архівах. Аднак, як сведчыць практыка, заставацца ў прафесіі магчыма. Часта могуць дапамагчы калегі, што выехалі раней. Мне здаецца, узаемадапамога сярод беларускіх гісторыкаў і агулам інтэлектуалаў у эміграцыі даволі значная, і гэта вельмі важна. Калегі дзеляцца інфармацыяй пра гранты, стажыроўкі, канферэнцыі, выданні, дапамагаюць уладкоўвацца, калі ёсць такія магчымасці. Нават з'яўляецца адчуванне, што, нягледзячы на геаграфічную раскіданасць, прафесійная супольнасць гісторыкаў у эміграцыі зрабілася больш знітаванаю. Магчыма, гэта толькі маё ўяўленне як наваспечанай эмігранткі, але на кангрэсе ў Гданьску ў мяне былі менавіта такія адчуванні.

— Ці можаце сказаць, якія канкрэтна тэмы і праблемы вы цяпер даследуеце? І чым адрозніваецца ваша праца ў эміграцыі ад той, якой вы займаліся ў Беларусі?

— Як і раней, працягваю займацца тэмай гісторыі і культуры беларускай эміграцыі. Як і раней, з'яўляюся сябрам Управы Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку — інстытуцыі, якая ад 1951 года аб’ядноўвае беларускіх інтэлектуалаў і творцаў у эміграцыі. Як галоўная рэдактарка альманаха «Запісы БІНіМа» працягваю працу над чарговымі ягонымі выпускамі. У супрацы з калегам па БІНіМе Лявонам Юрэвічам, а таксама Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» далей працягваем выдаваць спадчыну беларускіх эмігрантаў. Сёлета ўжо пабачыў свет зборнік «Выбранага» паэта Міхася Кавыля, неўзабаве з друкарні выйдзе томік выбраных прац айца Льва Гарошкі. На варштаце таксама вялікі альбом-даведнік па беларускіх пахаваннях на Захадзе і розныя іншыя выданні.

Безумоўна, самі ўмовы працы змяніліся. Парушыліся ранейшыя механізмы, асабліва звязаныя з выданнем кніг. Недасяжнымі зрабіліся некаторыя архіўныя матэрыялы. Аднак знаходзяцца новыя магчымасьці, якія мы і выкарыстоўваем.

Прынамсі, у кнігавыдавецтве наладзіліся добрыя сувязі з выдавецтвам Fond Kamunikat.org у Беластоку. У планах на наступныя гады зноў каля дзясятка новых выданняў, і ў гэтым для мяне, бадай што, у эміграцыі нічога не змянілася.

«Дасведчанага гісторыка або архівіста немагчыма замяніць проста набраўшы выпускнікоў з гістфака»

— Не так даўно па Беларусі пракацілася новая хваля пагрому навуковых асяродкаў, у прыватнасці, прайшлі масавыя звальненні супрацоўнікаў архіваў. Вы таксама архівістка і можаце прафесійна ацаніць наступствы такіх дзеянняў улады для беларускай гістарычнай (і не толькі) навукі. Якой вы бачыце яе будучыню ў Беларусі?

— Безумоўна, тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, і ў архівах, і ў гістарычнай навуцы, выглядае сапраўднай катастрофай. Выцясненне прафесіяналаў з навуковых устаноў не можа не адбіцца на ўзроўні працы, якасці даследаванняў.

Дасведчанага гісторыка або архівіста немагчыма замяніць проста набраўшы выпускнікоў з гістфака. Чалавек сыходзіць разам з усімі сваімі ведамі, часам разам з тэмаю, якою ніхто іншы проста не займаецца. Каб выгадаваць новага спецыяліста аналагічнага ўзроўню, неабходныя гады. Вынікі тых чыстак, якія адбываюцца сёння, будуць адгукацца беларускай навуцы цягам доўгіх гадоў.

Адной з важных праблем робіцца ўсё большы разрыў паміж навукоўцамі, якія, нягледзячы на складанасці, працягваюць працаваць у Беларусі, і тымі, хто змушаны быў выехаць у эміграцыю. Чым далей, тым большым будзе гэты разрыў, тым складаней яго будзе пераадольваць. І тым важнейшая роля Кангрэса даследчыкаў Беларусі як пляцоўкі, дзе гэты падзел паміж калегамі ў эміграцыі і ў Беларусі магчыма было б хоць крыху мінімізаваць.

Чытайце таксама:

Чорныя часіны беларускіх гісторыкаў

«Сітуацыя страшная». Якая будучыня Кангрэса даследчыкаў Беларусі?

Вызначыліся лаўрэаты Прэміі Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі

Навука ў няпросты час: Кангрэс даследчыкаў Беларусі адкрыўся ў Гданьску

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
10
Абуральна
10
0
Бобр/адказаць/
08.10.2023
Як бы не, попробуйте.
0
архіварыюс/адказаць/
09.10.2023
Архівы ў БссР заўсёды былі структурай НКВД. Пасля пераназову гэтай паважанай арганізацыі нічога не змянілася. Якая катастрофа? Пастарэлі душой вецераны -- гэта праўда.
0
Як бы не/адказаць/
09.10.2023
Бобр, iнфа 100 адсоткаў. Цi сапраўды чакаяце прозьвiшчаў? Дакладна на казачок/справакоўца?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031