Знайсці
22.09.2023 / 11:599РусŁacБел

Лукашыстаў занепакоіла знішчэнне спадчыны. Але ёсць нюанс

Прарасійскія актывісты западозрылі, што рэканструкцыя Брэсцкай крэпасці пад цэнтр патрыятычнага выхавання прывядзе да знішчэння памяці пра Сталіна, а «рускую фартыфікацыю» спаганяць «польскім канструктывізмам».

Вольга Бондарава ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што да яе звярнуўся па дапамогу брэсцкі прарасійскі актывіст Пётр Піцко. Паводле яго словаў, ёсць падставы меркаваць, што ў часе рэканструкцыі пабудоў у Брэсцкай крэпасці пад Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання са сцяны знікне надпіс, які праслаўляе І. В. Сталіна. 

«Справа гэтая [пабудова цэнтра] безумоўна патрэбная і правільная. Але некаторыя рашэнні па будаўніцтве выклікаюць, мякка кажучы, здзіўленне», — адзначае інфаказачка.

На думку прарасійскіх актывістаў, па праекце рэканструкцыі, распрацаваным інстытутам «Ваенпраект», які падпарадкоўваецца Міністэрству абароны Беларусі, «замест аб'екта рускай фартыфікацыі з'явіцца будынак у стылі, які нагадвае польскі канструктывізм», а таксама будуць знішчаныя надпісы, пакінутыя ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны ў 1945-1947 гг. (то-бок ужо пасля вайны), а таксама, як сцвярджаецца, адзіная ў свеце насценная выява першага гімна СССР. Менавіта гімн, зацверджаны ў 1943 годзе, і праслаўляе Сталіна:

«Сквозь грозы сияло нам солнце свободы,
И Ленин великий нам путь озарил. 
Нас вырастил Сталин — на верность народу, 
На труд и на подвиги нас вдохновил…»

Гімн са згадкай Сталіна на сцяне казармы — спадчына, якую баяцца страціць прарасійскія актывісты. Фота: тэлеграм-канала Вольгі Бондаравай

На думку ж спецыялістаў, варыянт савецкага гімна, які змяшчаў радкі пра Сталіна аж да 1956 года, а значыць мог быць нанесены значна пазней за падзеі Другой сусветнай вайны, ніякай гістарычнай каштоўнасці не мае. Немагчыма пацвердзіць і ягоны ўнікальны статус, бо такія выхаваўча-патрыятычныя надпісы, выкананыя звычайнай алейнай фарбай, былі шырока распаўсюджаны ў вайсковых часцях.

Што тычыцца «польскага канструктывізму», то спецыялісты адзначаюць неабазнанасць адэптаў «рускага свету» ў архітэктуры. Новы фасад, які з’явіцца ў гаржавых казармаў на Кобрынскім умацаванні, гэта твор сучаснага мадэрнізму, вельмі шырокага па сваіх рамках стылю, які, вядома, будзе перагуквацца з творамі міжваеннага мадэрнізму, канструктывізму ці функцыяналізму. Але знайсці нешта менавіта «польскае» ў аскетычным фасадзе немагчыма.

Цяперашні будынак патрыятычнага цэнтра — былы штаб 30-га Палескага полка лёгкай артылерыі Войска Польскага і характэрны помнік міжваеннай польскай архітэктуры. Фота: Яндэкс Карты

Пры гэтым прарасійскія актывісты зусім не заўважылі, што сёння патрыятычны цэнтр знаходзіцца ў пабудове 1930-х гадоў, чый вугал аформлены рэнесанснай аркадай — гэты пазнавальны элемент выдае ў ім помнік польскага нацыянальнага стылю. 

Пётр Піцко, былы кіраўнік патрыятычнага цэнтра. Фота: Новости Бреста

Дарэчы Пётр Піцко, актыўны прыхільнік «рускага свету», як і Бондарава, меў не толькі непасрэднае дачыненне да патрыятычнага цэнтра, але нават быў пакараны за незаконныя работы, праведзеныя на тым жа аб'екце, які цяпер быццам «абараняе».

Піцко пэўны час займаў пасаду другога сакратара Брэсцкага гарадскога камітэта БРСМ, з’яўляўся кіраўніком патрыятычнага цэнтра, які размяшчаўся ў крэпасці. У 2018 годзе ён адзначыўся адразу дзвюма рэчамі — спрычыніўся да арганізацыі акцыі «Несмяротны полк», якая прыйшла да нас з Расіі, і сваёй дзейнасцю ў гістарычных казармах. Менавіта пасля яе з патрыятычным цэнтрам яму давялося развітацца.

Намаляваныя на фасадзе гісторыка-культурнай каштоўнасці надпісы, за якія Піцко атрымаў штраф. 

Частка надпісаў стваралася ўначы

Цытата Сталіна, напісаная на сцяне казармы

Піцко вырашыў па ўласным разуменні, не маючы ні праекта, ні навуковага кіраўніка, заняцца аднаўленнем гістарычных будынкаў Брэсцкай крэпасці. Ён разам з паплечнікамі павысякаў кусты і дрэвы вакол закінутых будынкаў, а вокны з выбітымі шыбамі заклеіў расцяжкамі з фотаздымкамі ваенных рэканструктараў у форме салдат Чырвонай Арміі і Вермахта. На сценах казармы яны напісалі савецкі лозунг «Да здравствует партия Ленина-Сталина — вдохновитель и организатор наших побед!», а таксама ў аркушах змясцілі вытрымкі з савецкай Канстытуцыі і цытату Сталіна «Изучать противника, улучшать разведку, глаза и уши армии, помнить, что без этого нельзя бить врага наверняка».

Але актывісты брэсцкай ініцыятывы «За свой горад» звярнулі ўвагу Міністэрства культуры на тое, што такія дзеянні на гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляюцца незаконнымі. Ведамства пагадзілася з іх меркаваннем і запатрабавала прыбраць усе надпісы і расцяжкі з помніка архітэктуры і гісторыі. Сам Піцко быў аштрафаваны на 10 базавых велічынь. Пасля гэтага выпадку ён пакінуў пасаду кіраўніка цэнтра.

Агульны выгляд патрыятычнага цэнтра, які плануюць пабудаваць у Брэсцкай крэпасці. Фота: Ваенпраект

Характэрна, што гэтая група людзей успамінае пра спадчыну толькі ў двух выпадках: калі там ушаноўваецца іхні кумір Сталін і калі ёсць шанец знішчыць нешта, што звязнае з польскай ці беларускай гісторыяй. Абсалютна абыякавымі яны застаюцца і да знішчэння савецкай міжваеннай архітэктуры, і да зносу «сталінскага ампіру», які, напрыклад, проста цяпер адбываецца ў Мінску, і да поўнай дэградацыі савецкага мадэрнізму 1960-1980-х гадоў.

Але, на думку спецыялістаў, Брэсцкая крэпасць сапраўды ў небяспецы. Пад намечаную рэканструкцыю змяняюцца рэгламенты аховы, а запланаваная перабудова фактычна знішчыць адзін з будынкаў комплексу.

Усё перамянілася, як у Беларусі, так і ў крэпасці ў 2020 годзе. Калі пратэсты ўжо былі практычна задушаны і пачаўся пераслед нязгодных з палітыкай рэжыму Лукашэнкі, беларуская ідэалогія пачала перабудоўвацца, цалкам пераходзіць на прасавецкія пазіцыі. Менавіта тады, у лістападзе 2020 года міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў аб планах стварыць рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання ў Брэсцкай крэпасці.

Больш ранні праект рэканструкцыі казармаў не прадугледжваў кардынальнага змянення аблічча помніка. Фота: сайт Ваенпраекта

У час паслання Аляксандра Лукашэнкі ад студэнта БрДТУ Сямёна Люльковіча прагучала просьба «даверыць БРСМ удзел у стварэнні рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра і абвесціць будучы аб'ект усебеларускай маладзёжнай будоўляй». Лукашэнка прыслухаўся да гэтай просьбы і 9 жніўня сваім указам прысвоіў аб’ектам «Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання» статус «усебеларускай маладзёжнай будоўлі». Раней такі статус быў прысвоены рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь», за працу на якой той жа Люльковіч атрымаў нядаўна падзяку Лукашэнкі.

У пачатку верасня Міністэрства культуры Беларусі прыняло пастанову, якой змяніла рэгламенты аховы крэпасці, каб забяспечыць магчымасць будаўніцтва на яе тэрыторыі патрыятычнага цэнтра.

У верасні зоны аховы крэпасці трошкі падрэзалі, але асноўныя змяненні былі накіраваныя на тое, каб забяспечыць стварэнне патрыятычнага цэнтра. Фота: Праект зон аховы Брэсцкай крэпасці

Фрагмент схемы зон аховы крэпасці. Пад нумарам 4.5 — 20 казематаў тэнальнага фронту, якія хочуць перабудаваць да непазнавальнасці. Фота: Праект зон аховы Брэсцкай крэпасці

Так у поўнай забароне на ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў, якія не тычацца аднаўлення страчаных элементаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, было зроблена ўдакладненне — акрамя «ўладкавання спартыўных пляцовак і збудаванняў і рэканструкцыі будынка кухні-сталовай (інвентарны нумар 100/С-30378) з павелічэннем плошчы забудовы і захаваннем існуючай вышыні гэтага будынка».

Калі раней «змяненне гістарычнай планіровачнай структуры» было забаронена, то цяпер зроблена выключэнне для «будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры з прымяненнем сучасных і захаваннем існуючых гістарычных пакрыццяў, неабходнай для функцыянавання ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі».

Новы фасад цалкам закрывае гістарычны будынак, што забаронена дзеючым заканадаўствам. Фота: Ваенпраект

І гэта не ўсё. Казематы тэнальнага фронту Брэсцкай крэпасці, якія плануюць перабудаваць, гэта фактычна група з 20 асобных памяшканняў-казематаў, перакрытых цыліндрычнымі скляпеннямі і засыпаных зямлёй. Яны былі пабудаваныя ў 1864 годзе ў вале каля Канстанцінаўскай (Паўночна-Заходняй) брамы крэпасці. Гэтая казарма была разлічана на знаходжанне 288 чалавек у ваенны час, першапачаткова пякарня, кухня, афіцэрскія кватэры, капцёрка, памяшканні для ніжніх чыноў. Не ўсе казематы злучаліся паміж сабой, а былі падзелены на чатыры секцыі з асобнымі ўваходамі. Менавіта гэты факт ускладняе рэканструкцыю збудавання пад новыя патрэбы.

Інтэр'ер новай прыбудовы. Злева колішні фасад казармы, у якім аўтэнтычныя сцены хочуць замяніць вялікімі вітражамі. Фота: Ваенпраект

Мяркуючы па праекце, рашэнне было выбрана простае — проста пабудаваць перад адзіным фасадам казармы яшчэ адзін фасад, павялічыўшы карысную плошчу. Але гэтае рашэнне будзе двойчы парушаць закон.

Па першае, на рэндарах бачна, што тарцовыя сцены казематаў, якія існавалі ад самага часу іх пабудовы, цалкам разбіраюцца, а на іх месца ставяцца нічым не абгрунтаваныя вітражы. Такім чынам знішчаецца аўтэнтычны фасад і гэтае рашэнне ніяк нельга назваць навукова абгрунтаваным.

Па-другое, акрамя праекта зон аховы існуе ўласна Кодэкс аб культуры, у якім забараняецца ствараць візуальныя перашкоды для ўспрымання гісторыка-культурных каштоўнасцей, да якіх адносіцца і будаўніцтва новага фасада перад гістарычным.

Але не выключана, што цяперашняе Міністэрства культуры, якое так лёгка зацвердзіла змяненне рэгламентаў аховы на помніку 0-й катэгорыі (гэта значыць уключанага або прапанаванага да ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА), гэтак жа лёгка ўзгодніць і адступленне ад свайго асноўнага прававога дакумента дзеля ідэалагічных патрэб рэжыму Лукашэнкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА

У цэнтры Мінска пабудаваная рэзідэнцыя старшыні Усебеларускага народнага сходу? Там ён зможа не толькі працаваць і жыць, але і лячыцца

У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі латвійскую Кулдыгу. Гэта дае надзею беларускім гарадам

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
32
0
Андрусь/адказаць/
22.09.2023
Гэта ўжо не лукашысты. Гэта ўжо новая стадыя - рашысты, якія неўзабаве зробяцца апазыцыяй луке, брутальна вынішчыць якую праз татальную залежнасць ад Крамлю ён ужо ня можа.
0
ВОДКА "БЕЛАРУСЬ СИНЕОКАЯ" ВАСИЛЬКОВАЯ/адказаць/
23.09.2023
" калі мова ідзе" ? ) шта ? ) і гэты чалавек хоча Вашу Ніву, як пісаць, вучыць?)
0
Woodoo Cult /адказаць/
24.09.2023
Хто такія "лукашысты"? , Баран, глаза разуй!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031