Знайсці
10.08.2023 / 10:155РусŁacБел

Муж Ціманоўскай — пра характар жонкі, расставанні з ёю, ад’езд з Беларусі і заробкі

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая выступіць за Польшчу на чэмпіянаце свету, у сваіх сацсетках дзеліцца і падрабязнасцямі асабістага жыцця. Так, днямі яна расказала, што за два гады эміграцыі тройчы расставалася з мужам. Арсеній Зданевіч — у мінулым прызёр чэмпіянатаў Беларусі ў бар’ерным бегу. А сёння ён фітнэс-трэнер і партнёр вядомага плыўца Яўгена Цуркіна ў звязаным з аўто бізнэсе. «Люстэрка» даведалася ў Арсенія, як яму давялося выбірацца з Беларусі праз скандал вакол жонкі ў Токіа, чым мужчына займаўся пасля завяршэння кар’еры і пра яго адносіны з Крысцінай.

Арсеній Зданевіч. Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Талай, сцяг, Кавальчук

— Вы рана скончылі кар’еру — у 22 гады.

— Гісторыя такая. Маёй асноўнай дыстанцыяй былі 110 м з бар’ерамі. На апошнім чэмпіянаце Беларусі, у 2018 годзе, у фінале бег з траўмай. Змагаўся за месца ў нацыянальнай зборнай. Фінішаваў трэцім сярод беларусаў. Па ўсіх паказчыках праходзіў — у той год выйграў Універсіяду, быў другім у Кубку краіны. Але ў нацыянальную каманду ў выніку ўзялі чалавека, які саступаў мне вынікамі. Пачаў разбірацца. Як выявілася, у нашай лёгкай атлетыцы ёсць трэнеры з сувязямі. І яны могуць прапхнуць у зборную сваіх вучняў. Вырашыў, што няма сэнсу бегаць дзеля ўмоўных 400 рублёў, і скончыў са спортам.

— Хто вас тады трэніраваў?

— Нашая вядомая бар’ерыстка Аліна Талай. Яна тады часта выступала за мяжой. І ўступацца за мяне ў Беларусі ў яе не было часу.

— Як магла трэніраваць дзейная спартоўка?

— Па дакументах трэнерам была мая першая настаўніца — Галіна Рабава. Але фактычна супрацоўнічаў менавіта з Талай.

— Дзе яна цяпер, дарэчы?

— Добрае пытанне. Рыхтавалася да Алімпіяды ў 2021-м, але перашкодзіла траўма. З таго часу пра Талай нічога не чуваць. Апошні раз размаўляў з ёй два гады таму. Калі пачаўся ўвесь гэты скандал з Крысцінай [Ціманоўскай] у Токіа, то мне патэлефанавала старшая трэнерка зборнай па спрынце, цікавячыся, дзе я, а потым Аліна. Я ўжо быў тады ў Кіеве. Потым з ёй спрабаваў звязацца, але Талай не адказвала на паведамленні і не падымала трубку. Хоць мы сябравалі і размаўлялі і па-за спортам.

— Іншую бар’ерыстку, Эльвіру Грабарэнка (да замужжа — Герман) нядаўна раскрытыкавала вашая жонка.

— Так, Эльвіра падпісала ліст за сумленныя выбары, а ў канцы ліпеня гэтага года на чэмпіянаце Беларусі клеіла на нумар чырвона-зялёны сцяг, прычым наклеіла яго няправільным бокам. Грабарэнка была адной з першых, хто прапаноўваў выступіць у 2020-м супраць бязмежжа сілавікоў. Але сёння, мабыць, яе ўсё задавальняе.

— Чаму?

— Напэўна, зразумела, што нікому не патрэбная па-за межамі краіны. А мяняць грамадзянства — трэба адбываць каранцін. Вось і вырашыла, што будзе выступаць далей у Беларусі. Магчыма, Мінспорту таксама паўплывала.

— У якім плане?

— Калі я працаваў у РЦАП па лёгкай атлетыцы, да нас не раз у 2020-м прыязджаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Ну і пачыналася: «Вы нічога не разумееце. Беларусь — найлепшая ў свеце краіна». І ўсё ў такім духу — ліў ваду ў вушы. Я, напрыклад, казаў: «Паслухайце, на маім участку прагаласавала 200 чалавек, а ў выніковых пратаколах — 500. Як такое магчыма?» Натуральна, Кавальчук адразу пераводзіў стрэлкі. Яму была патрэбная поўная лаяльнасць спартоўцаў. І кантроль, вядома. Перад Токіа спартоўцаў літаральна закрылі на зборах у Стайках, каб раптам не сказалі «крамолы» ў інтэрв'ю.

Наркотыкі, здрадніца, дарога

— Чым вы займаліся ў Беларусі пасля завяршэння кар’еры?

— Памяняў некалькі прафесій. Напрыклад, быў асабістым кіроўцам у казіно. І там жа падпрацоўваў ахоўнікам. Пратрымаўся некалькі месяцаў — нагледзеўся ўсякага, ды і начныя змены знясільвалі. Гэтае казіно ў Мінску закрылася ў 2019-м, так што лёгка здагадаецеся пра назву. Уладальнікі часам бавіліся наркотыкамі. Аднойчы кудысьці ехалі, і мужчыну так «штырыла», што ён не пераставаў біць нагой задняе сядзенне. Яшчэ спакойна пры мне тэлефанавалі па гучнай сувязі, абмяркоўваючы, дзе і што можна купіць. Па правілах у нас забіралі асабістыя тэлефоны на час змены — мабыць, таму кіраўнікі думалі, што ніхто не дазнаецца падрабязнасцяў.

Потым паступіла прапанова папрацаваць інструктарам-метадыстам у РЦАП па лёгкай атлетыцы. Больш займаўся афармленнем дакументаў, але і была магчымасць дапамагаць з трэніроўкамі жонцы. Праводзіць размінку, засякаць час. Праўда, заробку не хапала — часам таксаваў. Паралельна хадзіў на курсы масажу, фітнэсу. У 2021-м паспеў папрацаваць некалькі месяцаў у трэнажорнай зале.

— Тут і здарыўся скандал з Ціманоўскай у Токіа?

— Так. Прычым першапачаткова не думаў, што падымецца бура. Крысціна абурылася, што яе паставілі перад фактам — бегчы эстафету 4×400 м. Думаў, на наступны дзень усе паразмаўляюць і супакояцца. Але выйшла інакш. Калі ўбачыў перадачу, дзе жонку назвалі здрадніцай, зразумеў, што ўсё сур’ёзна. Наступнай раніцай патэлефанавала Крысціна. Сказала, што яе хочуць вярнуць у Беларусь. Спытала, што рабіць. Не раіў ёй вяртацца, а то яшчэ «прынялі» б адразу ў аэрапорце.

— Што было далей?

— Патэлефанавалі з Фонду спартыўнай салідарнасці і сказалі, што ў мяне ёсць чатыры гадзіны, каб сабраць рэчы і пакінуць Беларусь. Пакідаў у сумку неабходнае, з цяжкасцю забраў машыну, якая была ў рамонце, заплаціў кучу грошай за страхоўку і праз Расію паехаў ва Украіну. А адтуль праз пару дзён скіраваўся ў Польшчу. Ніякіх прыгодаў, на шчасце, у дарозе не было.

— Вас здзівіла сітуацыя ў прынцыпе, што Ціманоўскую хацелі заявіць бегчы чужую для яе дыстанцыю?

— Здзівіла, што гэта здарылася на Алімпіядзе. А так у нашай лёгкай атлетыцы былі ўсякія касякі. Напрыклад, аднойчы, здаецца, на камандным чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі, дзяўчыну заявілі не скакаць у вышыню, як трэба было б, а кідаць молат.

— Ды ладна!

— У выніку спартоўка кідала молат.

Спецслужбы, база, аўто

— Вас яшчэ ахоўваюць у Польшчы?

— Не. Перасталі прыкладна з лістапада мінулага года. А спачатку так, у польскага боку былі асцярогі, што нас выкрадуць спецслужбы. У асноўным мяне і Крысціну ахоўвалі два чалавекі. Плюс кіроўцы. Першыя два месяцы мы наогул практычна не выходзілі з дому. У нас з’явіліся новыя тэлефоны. Камунікаваць маглі толькі з бацькамі і вельмі блізкімі сябрамі. Калі нам перадавалі рэчы з Беларусі, то іх старанна правяралі. Часам Крысціне дазвалялі трэніравацца, але нікога не мусіла быць у гэты час на стадыёне — ахова стаяла па ўсім перыметры. У краму ездзілі, і нас пастаянна суправаджалі. З часам яны зразумелі, што рызыкі няма, і мы ўздыхнулі значна вальней.

— Інцыдэнтаў не было?

— Не. Але аднойчы здалося, што за намі сочаць. Так супадала, што калі мы пачыналі размаўляць па тэлефоне, то мужчыны ў доме насупраць надзявалі навушнікі і падыходзілі да камп’ютараў. Нібы вялі праслухоўку. Мы пачалі нервавацца, патэлефанавалі ахове. Тыя паназіралі, у тым ліку з нашага дома, бо проста так зайсці ў чужую кватэру ў Польшчы нельга. Калі іх прабілі па базе, то высветлілася, што гэта бяскрыўдныя замежнікі. Карацей, проста дзіўныя людзі, якія пра нас і не ведалі.

Арсеній Зданевіч. Фота з акаўнта суразмоўцы ў Instagram

— Як да вас і Крысціны ставяцца палякі? Летась у вас быў канфлікт у Закапанэ, калі давялося выклікаць паліцыю праз шумныя паводзіны мясцовых нападпітку.

— Большасць — з разуменнем. Яны ў курсе праблем беларусаў і дапамагаюць украінцам. Але ёсць тыя, каму не падабаецца, што ў краіне шмат уцекачоў. Прычым у гэтым часам вінаватыя самі ўкраінцы. Былі выпадкі, калі яны кралі рэчы палякаў, карыстаючыся дабрынёй і ветлівасцю.

— Раскажыце, як пачалі развіваць з Яўгенам Цуркіным бізнэс, звязаны з купляй бітых аўтамабіляў.

— Знаёмы з Жэнем каля года. Першым часам у нас не было грандыёзных ідэй. Я працаваў спачатку з іншым беларусам — пераганялі машыны з ЗША. Але мне не падабаўся ягоны падыход да справы. Вырашыў, што буду ўсім займацца сам. А потым даведаўся, што Жэню цікавіць гэтая тэма. І сталі працаваць разам. Прайшлі навучанне. Цяпер ужо ўсё наладжанае: падбіраем аўто пад заказ — і дастаўляем кліентам. Партнёр больш займаецца рэкламай, адказвае кліентам, а я знаходжу машыны і пралічваю цэны. Часам ён бярэ на сябе частку маіх абавязкаў. У планах яшчэ заняцца арэндай прэміяльных аўтамабіляў і адкрыць дэтэйлінг — комплексны догляд.

Падарункі, адзенне, блогер

— На гадавіну вяселля месяц таму вы прэзентавалі жонцы нятанную Audi.

— Так супала, што Крысціна хацела гэты аўтамабіль, каб ездзіць на трэніроўкі і па сваіх справах. Спачатку думаў знайсці машыну ў ЗША, але падвярнуўся добры варыянт з новай Audi. Вырашыў не скупіцца.

— А жонка вам часта нешта дорыць?

— Памятныя даты, нейкія святы яна, вядома, не забывае. На апошнюю гадавіну вяселля, напрыклад, падарыла дарагі гадзіннік.

— Па-ранейшаму марыце пра ўласны фітнэс-клуб?

— На гэтым этапе цікавейшае тое, што звязана з аўто. Яны заўсёды будуць карыстацца попытам. А ў добры фітнэс-клуб у Польшчы, паводле маіх падлікаў, трэба ўкласці не менш за паўмільёна даляраў. Пакуль гэтая сума, мякка кажучы, непад’ёмная.

— Як выйшла, што вы з жонкай страцілі восем тысяч даляраў на брэндзе адзення, які марыла раскруціць Ціманоўская?

— Звычайна мы з Крысцінай раімся перад прыняццем рашэння. У той сітуацыі апошняе слова было за мной. Да апошняга сумняваўся, ці варта ў гэта ўвязвацца. Манера камунікацыі людзей, якія займаліся вытворчасцю адзення, не спадабалася. Але яны абяцалі, што хутка выйдзем у плюс. Напіралі на свой досвед у гэтай сферы. У выніку яны нас падвялі: і з цэнамі быў пралік, і раскруткі бракавала, і не ўвесь тавар, што планавалі, прадаваўся ў краме. Зрэшты, ужо позна шкадаваць. Затое паспрабавалі і атрымалі дарагі досвед.

— Крысціна часам выносіць на публіку падрабязнасці вашага асабістага жыцця — тыя ж сваркі. Вам гэта падабаецца?

— Пару разоў здзіўляўся. Пытаў: навошта ты гэта напісала? «Я блогер», — так тлумачыла (смяецца). Не лезу ў яе праекты. Але, здаецца, нічога сур’ёзнага Крысціна цяпер не раскрывае староннім.

Баланс, сваркі, бізнэс-жылка

— Вы ў шлюбе ўжо шэсць гадоў. Які характар у жонкі?

— Баявы. А ў мяне мякчэйшы, можна сказаць. Атрымліваецца нармальны баланс. Два чалавекі з баявым характарам — гэта было б занадта.

— Крысціна пісала, што за два гады жыцця ў Польшчы вы тройчы расставаліся, але ўсё роўна сыходзіліся.

— Так, праз сварку маглі не кантактаваць тыдзень-два. Пра прычыны не хацеў бы казаць — гэта асабістае. У некаторых момантах я няправільна рабіў, у некаторых — яна. Адно на адно і накладвалася. Але потым астывалі і разумелі, што родніць нас значна больш. Ужо дзесяць гадоў разам, калі лічыць з моманту знаёмства.

Арсеній Зданевіч і Крысціна Ціманоўская. Фота: акаўнт у Instagram Ціманоўскай

— У Беларусі таксама сварыліся?

— Так, усякае бывала. Месца жыхарства тут не грае ролі. Галоўнае — жаданне сумеснымі намаганнямі залагодзіць рознагалоссі.

— Што вас аб’ядноўвае з жонкай?

— Па-першае, не зацыкленыя на спорце. У нас шмат розных праектаў, ідэй. Бізнэс-жылка. Па-другое, перажылі шэраг момантаў, якія не зламалі нашых адносін. Калі ўся гэтая сітуацыя з Крысцінай здарылася ў Токіа, а я быў у Кіеве, то ў адзін момант яна наогул не выходзіла на сувязь. Сталі пісаць, што яна ляціць у Аўстрыю, а не ў Польшчу. Думаў, што ўжо не ўбачу жонкі. Але прайшлі і тое выпрабаванне. Сваркі сваркамі, але звычайна добра ладзім.

Ананімы, Азаронак, фінал

— Яшчэ сустракаеце абразы на адрас Крысціны ў сацсетках?

— Апошнім часам негатыву стала менш. Раней нярэдка бывала, што яе абвінавачвалі ў здрадзе. Памятаю, пісалі і мне. Маўляў, куды ты паехаў, навошта. Не разумелі нібыта, што Крысціна — мая жонка, і я мушу быць побач з ёй. Асабліва ў цяжкай сітуацыі. Пісалі звычайна ананімы. Прапагандысты яшчэ актыўна выказваліся — напрыклад, Азаронак. Але калі Крысціна прапанавала яму дэбаты ў жывым эфіры, то адмовіўся. Маўляў, няма калі. Проста зліўся.

— Вас калі-небудзь кранала, што ў жонкі кар’ера больш паспяховая?

— Зусім не. У мяне была іншая дысцыпліна, іншыя супернікі. Вядома, усе хочуць трапіць на Алімпіяду, але я адэкватна ацэньваў свой узровень. З тым жа Віталём Парахонькам, за якім заўсёды цягнуўся на сваёй дыстанцыі, добра камунікавалі. Ніякай зайздрасці. Не выйшла ў самога — гэта не падстава злараднічаць. Так што толькі рады поспехам Крысціны.

— Разумею, што крыху гіпатэтычнае пытанне. Але які яе патэнцыял?

— Упэўнены, што яна можа бегчы на Алімпіядзе ў фінале на 200 метраў. На стаметроўцы складаней. У цэлым у яе добрая дынаміка вынікаў пасля пераезду ў Польшчу. Паглядзім, як будзе на міжнародных турнірах. Крысціне падабаецца працаваць з польскім трэнерам. Зусім іншы падыход і стаўленне да спартоўцаў. Нагрузкі даюцца з улікам асаблівасцяў арганізма, слабых месцаў. А ў Беларусі працуюць яшчэ па метадычках 1990-х гадоў і прымяняюць накатаную схему да ўсіх запар.

Чытайце таксама: 

Ціманоўская распавяла пра нагоду для гонару, адказ у сацсетках Азаронку, прафесійнае і асабістае

Крысціне Ціманоўскай дазволілі выступаць за Польшчу

Ціманоўская выйграла срэбра на чэмпіянаце Польшчы ў бегу на 200 метраў

«Аказалася, што гэта не фэйк». Крысціна Ціманоўская пракаментавала навіну пра пазбаўленне яе вайсковага звання

«Лепшае, што ты можаш зрабіць у Беларусі, — гэта з'ехаць з яе». Ціманоўская пра крынж у Тыктоку, бізнэс і «распакоўку асобы»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
33
Панылы сорам
9
Ха-ха
2
Ого
8
Сумна
7
Абуральна
20
0
дочка Максима Дизайнера/адказаць/
11.08.2023
— Вас здзівіла сітуацыя ў прынцыпе, што Ціманоўскую хацелі заявіць бегчы чужую для яе дыстанцыю?
— Здзівіла, што гэта здарылася на Алімпіядзе. А так у нашай лёгкай атлетыцы былі ўсякія касякі. Напрыклад, аднойчы, здаецца, на камандным чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі, дзяўчыну заявілі не скакаць у вышыню, як трэба было б, а кідаць молат.
— Ды ладна!
— У выніку спартоўка кідала молат.


далей не чытало

ды й да гэтага моманту прачытало, толькі, каб упэўніцца
чарговы раз...
0
хлебороб/адказаць/
11.08.2023
слишком узкие спортсмены... ну вот какая с них польза?
 ̶к̶а̶к̶ ̶в̶о̶о̶б̶щ̶е̶м̶-̶т̶о̶ ̶с̶о̶ ̶в̶с̶е̶х̶ ̶с̶п̶о̶р̶т̶с̶м̶е̶н̶о̶в̶
0
Ёсць карысць/адказаць/
10.11.2023
хлебороб, яны даюць добры прыклад ўпартасці ў дасягненні мэты. Упартасці не маюць больш за палову людзей. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031