Знайсці
17.09.2020 / 11:354РусŁacБел

Жанчыну з Глыбокага, якая прыдумала лозунг «Стоп таракан», трое сутак трымалі ў ІЧУ, а яе сына збілі невядомыя

Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY

Людміла Барэйка з Глыбокага — 58-гадовая пенсіянерка, якая ў сакавіку дала інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму, і гэта відэа на канале «Краіна для жыцця» паглядзелі амаль 1,5 млн чалавек, — правяла трое сутак у ІЧУ за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў райцэнтры. Але трывожыць жанчыну іншае: невядомыя збілі яе сына — 17-гадовага Кірыла Барэйку. Юнак у шпіталі з страсеннем мозгу. Людміла лічыць, што яе сына збілі ў якасці «помсты за яе актыўную грамадзянскую пазіцыю». «Спачатку забралі мяне ў ізалятар, а потым напалі на дзіця», — распавядае яна, tut.by.

Нагадаем, 31 сакавіка ў Глыбокае прыязджаў блогер, аўтар YouTube-канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі. Ён вёў з галоўнай плошчы стрым са сваімі падпісантамі. На сустрэчу прыйшла і 58-гадовая пенсіянерка, прадавец кветак Людміла Барэйка. Яна распавяла, як жывуць людзі ў яе родным горадзе, выказала сваё меркаванне аб палітыцы ўладаў, а таксама эпідэміі каранавіруса.

Гэта відэа ўжо набрала амаль 1,5 млн праглядаў — і стала самым папулярным на канале «Краіна для жыцця».

У траўні за гэта інтэрв'ю жанчына атрымала штраф у 270 рублёў — за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП. З пункту гледжання міліцыі, яна ажыццявіла «пікетаванне шляхам публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў і асабістага стаўлення да дзеючай улады ў рэжыме анлайн на YouTube-канале «Краіна для жыцця» без адпаведнага дазволу Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта» (з запісу ў пратаколе).

«У ІЧУ распраналі дагала: шукалі нешта «забароненае». А на самай справе хацелі зняважыць»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Людміла Барэйка хадзіла на мірныя акцыі пратэсту ў Глыбокім:

— У жніўні, паводле двух пратаколаў паводле артыкула 23.34 КаАП, мне далі штраф — 22 базавыя велічыні (594 рублі). У пятніцу, 11 верасня, да дзвюх гадзін дня мяне позвай выклікалі ў РАУС — для складання новага пратакола.

У той жа дзень, зранку, Людміла вырашыла пайсці ў суд — падтрымаць мужчыну, якога таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

— Калі суд скончыўся — яму далі 5 дзён арышту, — мы выйшлі на вуліцу. Да мяне падышлі пяцёра міліцыянтаў: «Вы затрыманыя». Я тлумачу: «Дык я і сама збіраюся прыйсці да дзвюх гадзін у РАУС». «Мы затрымліваем вас цяпер, вязём для складання пратакола». Прывезлі ў аддзел — і затрымалі на 72 гадзіны. Начальніку РАУС Валерыю Круклінскаму я паведаміла: «У мяне непаўнагадовае дзіця». Але, нягледзячы на гэта, мяне забралі ў ІЧУ — у лёгкай вопратцы, у якой была. Не дазволілі ўзяць лекі.

У ізалятары часовага ўтрымання, па словах Людмілы, была такая абстаноўка:

— Мяне пасадзілі ў адну камеру з жанчынай, якую падазраюць у тым, што яна ўдарыла нажом іншую жанчыну. Кожную раніцу і вечар мяне ставілі да сценкі, аглядалі, праводзілі па целе металашукальнікам. Распраналі дагала, загадвалі зняць нават бялізну. Штодня праводзілі ператрусы ў камеры, аглядалі кожны прадмет майго адзення, а абутак прымушалі згінаць напалову. Я не ведаю, што забароненае яны шукалі ў маіх рэчах. І як гэта «забароненае» магло трапіць у камеру? Думаю, проста хацелі зняважыць.

З ІЧУ Людміла Барэйка выйшла у панядзелак, 14 верасня. Жанчыну прывезлі ў суд. Але працэс перанеслі на 17 верасня.

«Мяне спецыяльна «зачынілі» ў ІЧУ, каб невядомыя збілі маё дзіця»

На наступны дзень пасля таго, як Людміла Барэйка трапіла ў ІЧУ, 12 верасня, невядомыя збілі яе сына — 17-гадовага студэнта Кірыла Барэйку.

— Кірыла паклікаў гуляць па горадзе хлопец, з якім яны вучыліся ў школе. Прыкладна а палове на адзінаццатую вечара да іх падышла кампанія з чатырох чалавек. Правакавалі бойку, аднак сын не паддаўся. Тады яго збіў з ног нейкі высокі хлопец і стаў збіваць — у асноўным па твары і галаве. Потым падскочыў другі і ударыў у патыліцу нагой. Прыяцеля Кірыла пры гэтым ніхто не чапаў. Ён не заступаўся за сына, не выклікаў міліцыю, проста стаяў і глядзеў, як Кірыла збіваюць.

Калі тыя, хто нападаў, сышлі, малады чалавек зразумеў, што сам дадому не дойдзе. Патэлефанаваў сястры, і неўзабаве з месца здарэння яго забрала хуткая дапамога.

— У сына страсенне мозгу і шматлікія ўдары па галаве і твары. З суботы ён у бальніцы. І, як сказалі лекары, будзе ляжаць там да панядзелка. Я мяркую, што мяне спецыяльна «закрылі» ў ІЧУ, каб невядомыя збілі маё дзіця — з помсты за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Сястра Кірыла напісала заяву ў міліцыю па факце нападу на брата і яго збіцця.

— Заяву прынялі. Але пабоі здымаць адмовіліся, патлумачылі, што зробяць агляд, калі сын выйдзе з лякарні. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку паведамілі мне, што ўжо знайшлі тых хлопцаў, якія напалі на Кірыла. Але ці будзе распачатая крымінальная справа, невядома.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера